«Нават ЦРУ і МІ-6 вельмі высока ацанілі». Лукашэнка заявіў, што мае «непублічную падзяку» ад заходніх спецслужбаў
Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што мае «непублічную падзяку» ад заходніх спецслужбаў, якія высока ацанілі яго дапамогу летам 2023-га спыніць паход на Маскву Яўгена Прыгожына і ПВК «Вагнер». У інтэрв'ю амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу ён расказаў новыя акалічнасці тых падзей.

«Мае дзеянні былі ацэненыя Захадам у тым ліку, што мяне здзівіла. Нават ЦРУ і МІ-6, іншыя спецслужбы гэта вельмі высока ацанілі. Чаму? Пра гэта не прынята публічна казаць. Але Захад гэта заўважыў, я тады таксама гэта адчуў, але калі ўжо працэс пачаўся: Жэня Прыгожын рваўся да ядзернай кнопкі. І заходнікі дапускалі, што ў той перыяд ён можа зрынуць існуючую ўладу і захапіць ядзерную зброю. Вось за гэта вы мне непублічна дзякавалі», — расказаў новыя падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка.
Мяцеж ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына адбыўся 23—24 чэрвеня 2023 года. Прыгожын выступіў супраць міністра абароны РФ Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава. Частка «вагнераўцаў» пайшла на Маскву. Дакладныя ахвяры расіян з абодвух бакоў дагэтуль невядомыя.
У выніку перамоў, да якіх меў дачыненне Аляксандр Лукашэнка, Яўгену Прыгожыну паабяцалі спыненне крымінальнага пераследу і выхад «вагнераўцаў» у Беларусь. Пасля гэтага паход на Маскву скончыўся.
Праз два месяцы Яўген Прыгожын загінуў у авіякатастрофе: па адной версіі, яго самалёт быў збіты ракетай, па другой — выбухоўка была на борце. Існуе ўстойлівая версія, што забойства Прыгожына адбылося з загаду Уладзіміра Пуціна.
Каментары
Ему международное звучание подавай!