«Я не жартую. Шмат хто хоча, каб я гэта зрабіў». Трамп не выключыў, што пойдзе на трэці тэрмін
Прэзідэнт ЗША заявіў, што не жартаваў, калі казаў, што можа пайсці на трэці тэрмін насуперак Канстытуцыі. Трамп кажа, што метады ёсць.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не выключыў магчымасці балатавацца на трэці тэрмін, хоць гэта забараняецца Канстытуцыяй.
Трамп адзначыў, што ёсць метады, каб пайсці на новы тэрмін, піша NBC.
«Я не жартую. Шмат хто хоча, каб я гэта зрабіў. Але я звычайна ім кажу: нам яшчэ доўгі шлях, ведаеце, гэта вельмі ранняя стадыя адміністрацыі. Я сканцэнтраваны на бягучых справах.Занадта рана, каб думаць пра гэта», — адзначыў амерыканскі прэзідэнт.
На пытанне, ці хоча ён яшчэ адзін тэрмін, Трамп адказаў: «Мне падабаецца працаваць». Ён дадаў, што ёсць метады, якія дазволяць яму пайсці на трэці тэрмін.
Журналісты спыталі пра сцэнар, паводле якога віцэ-прэзідэнт Джэй-Дзі Ванс балатуецца на прэзідэнта, а пасля перадае паўнамоцтвы Трампу.
«Гэта адзін з варыянтаў. Але ёсць і іншыя», — сказаў прэзідэнт ЗША, але адмовіўся ўдакладняць.
Унясенне змен у Канстытуцыю для скасавання абмежавання ў два прэзідэнцкія тэрміны — надзвычай складаны працэс. Гэта патрабуе або двух трэцяў галасоў у абедзвюх палатах Кангрэса, або ініцыявання канстытуцыйнага канвенту двума трацінамі штатаў. У любым выпадку патрэбна ратыфікацыя трыма чвэрцямі штатаў.
Каментары