Меркаванні3838

Стась Карпаў: Заткніся і ідзі на кампраміс

Як у старым анекдоце апошнім часам: «чытаў пэйджар і шмат думаў».

Вось прэтэнзіі да Ціханоўскай — яны справядлівыя ці не?

А тыя, хто бароніць Ціханоўскую, — яны маюць рацыю ці не маюць?

Яна недастаткова «нацыянальная» і беларускамоўная? Ці дастаткова?

Мы можам ад яе ў прынцыпе нечага патрабаваць? Ці не можам?

І як нам жыць далей, і як нам быць разам — нават не з міліцыяй, а з самімі сабой, калі ўсё зноў становіцца з ног на галаву і мяняецца, складваючыся ў суцэльную карцінку і імгненна ж рассыпаючыся, як у нейкім гіганцкім кубіку рубіка?

Мы дзесяцігоддзямі чакалі нацыянальнай дзяржавы. Гэта дакладна?

Але хто такія мы?

Філіп Біканаў з SATIO спасылаецца на нядаўняе даследаванне «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў» і паблажліва называе «нас» — «беларусамі А».

Беларусаў А, якія ставяць нацыянальнае перад усім, згодна з даследаваннем, — 11%, што, як піша Філіп, «усяго на 8% болей, чым у мемасіку пра 3%».

Гэта дакладна?

Я не сацыёлаг, так што чаму б і не пагадзіцца.

Дапусцім.

Буду шчырым. Пакуль я не азнаёміўся з тэкстамі абаронцаў штабу Ціханоўскай ад «беларусаў А», я і сам лічыў, што прэтэнзіі да яе досыць несвоечасовыя і шмат у чым — несправядлівыя.

Калі вынікам дзейнасці Ціханоўскай становяцца шматтысячныя мітынгі з бчб і «Жыве Беларусь», то, напэўна ж, яна станоўчая, гэтая дзейнасць?

І калі «свядомыя» — сапраўды свядомыя, то, напэўна, яны павінны разумець, што наш агульны кандыдат павінен быць кампрамісным.

Ён не можа быць «антынацыянальным», бо гэта непрымальна для нас. Але ён жа не можа быць і нацыяналістам, бо гэта непрымальна для «іх».

Дарэчы, «іх», згодна з тымі ж даследаваннямі, ажно 55%, дзе 25% — абыякавыя, а 30% — канформныя.

Асобна там пазначаны і «савецкія», якіх прасцей называць «прарасійскімі», але пра прарасійскіх я размову весці не буду, бо яны, верагодна, і не з’яўляюцца мэтавай групай Ціханоўскай. Прынамсі, я спадзяюся.

І вось чытаў я, што пішуць пра «беларусаў А», і пачынаў гэтых беларусаў А ненавідзець. Бо яны і сапраўды — нейкія ўтыркі. Яны хочуць, каб Ціханоўская паабяцала нам беларускамоўныя шыльдачкі паўсюль, выхад выключна з бчб-стужачкамі, ухваленне выключна беларускамоўных пікетаў, гучную і дэманстратыўную заяву аб статусе Крыма…

Карацей, чытаў я і думаў: ну, дапусцім, такія людзі ёсць. Дапусцім.

Але вось у чым праблема. Нам, гэтым самым «беларусам А», увесь час імкнуцца прышыць нейкае імкненне да таталітарнай беларусізацыі флоры і фаўны. І пасля шчырыя абаронцы ліберальных каштоўнасцяў, становячыся на зэдлік, даюць нам па шчах паперкамі з вынікамі даследаванняў.

Дык вось я б хацеў сказаць чалавеку на зэдліку.

Дарагі мой чалавек. Вы, напэўна, вельмі гуманістычны. Вы вельмі тонка адчуваеце права на моўную і культурную разнастайнасць, на самавыражэнне, на выбар нацыянальных сімвалаў.

І я нават падзяляю вашыя памкненні, хаця і ніколі не змагу наблізіцца да патрэбнага ўзроўню праз меншую адпушчаную мне духоўную валентнасць.

Але ў мяне ёсць адно сціплае пытанне, якое распадаецца на некалькі зусім мізэрных.

Скажыце. А калі прыйдзе той дзень, калі нашы 11 адсоткаў змогуць нарэшце папрасіць гэтай беларускамоўнасці. Хоць у нейкай такой прапорцыі, большай за гамеапатычную?

І ў каго мы павінны яе прасіць?

Можна пачаць з кандыдата ў прэзідэнты? Ці трэба прасіць ужо ў новага дзейнага? І ці будзе гэта слушным — прасіць тое, чаго не абяцалі?

Тут жа вось якая штука.

Пры ўсёй сваёй інтэлектуальнай беднасці — адносна вас — 30 гадоў нашы 11% агітавалі і рыхтавалі вашы 55%.

Яны нікога не прымусілі гвалтам нават казаць ім «дзякуй» за саступленае месца ў транспарце.

Яны сціпла атрымлівалі люлей, плацілі штрафы і, бывала, звальвалі за мяжу, каб не муляць вам вока.

І зараз яны хоць і бурчаць, але агітуюць.

І люлей будуць атрымліваць не меней за ўсіх астатніх — за права гаварыць на любой мове і выбіраць прэзідэнта на свой густ.

Дык калі і каго мы можам папрасіць заўважыць нашы 11% беларусаў А?

Наш жа не 0,11 і не 1%.

Нас сотні тысяч.

Натуральна, вам прасцей назваць просьбу дыктатам і нягнуткасцю.

Але, скажыце, вам сапраўды незразумела, чаму нам хочацца беларускага перакладу песні пра муры?

І наколькі вам цяжка стрымаць язык за зубамі ў той момант, калі ў вас узнікае раздражненне ад наяўнай просьбы?

Вы абвінавачваеце нас у нежаданні ісці на кампраміс.

А вы гэты кампраміс сабе як уяўляеце наогул?

Вы думаеце, што кампраміс паміж беларускамоўным і рускамоўным — гэта тады, калі беларускамоўны бясконца затыкаецца, бо яму махаюць перад носам абяцаннем нацыянальнага ўнівера ў краіне будучыні?

А мне падаецца, што няблага было б, каб, пачуўшы спікераў, можна было адразу зразумець, у якой краіне адбываецца мітынг, не дачакаўшыся, пакуль яны згадаюць прозвішча Лукашэнкі.

На такі кампраміс я б пагадзіўся. Так.

Я не кажу пра 100% беларускамоўнасць.

Але калі вы нон-стоп фігачыце па-руску, вы наогул памятаеце, што ёсць умоўны я? І вы разумееце, што ўмоўны я глядзіць на ўмоўнага вас — і ціха ахранявае?

Мне, напрыклад, напляваць на колер стужачак. Як дызайнер, я люблю ўсе колеры без выключэнняў.

Але мне не напляваць на тое, што 26 гадоў мне прапаноўвалі «заткнуцца і рабіць так, як мы вырашылі», а цяпер жа ўсё ў нас па-новаму! Цяпер мне прапануюць «заткнуцца і змагацца так, як мы вырашылі».

 

І штука ў тым, што я ўсё адно за «вас» прагаласую.

Я прагаласую.

Я прыйду на ваш рускамоўны мітынг. Я буду слухаць пра падзенне муроў хоць на гішпанскай.

Я буду стаяць хоць пад сцягам Вясёлага Роджэра.

Я павяжу на руку хоць стужку лгбт.

Але.

Я буду чакаць таго моманту, калі мне не прыйдзецца з вамі наогул размаўляць. Заўважаць вас. Улічваць вас.

А калі мне прапануюць пайсці з вамі на кампраміс, я адкажу, што гэта — лішняе, бо для іх кампраміс — гэта каманда, і яна сутнасна падобна да «заткнуцца, чакаць і змагацца».

Каментары38

Цяпер чытаюць

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф2

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф

Усе навіны →
Усе навіны

Маршрутчык гадамі падманваў даверлівых жанчын і выцягнуў з іх амаль 70 тысяч рублёў2

У Мінску асфальт паклалі ўздоўж прыпаркаванага аўтамабіля

У Мінску з’явяцца «марудныя зоны» для самакатаў. Дзе менавіта?

Колькі Ірына Абельская зарабляе на пасадзе кіраўніцы «лечкамісіі»6

Марын Лё Пэн прыгаварылі да чатырох гадоў7

«Насенне ад Бацькі». Дзяўчынка, якой уручылі костачкі кавуна ад Лукашэнкі, аказалася не простай школьніцай, а дачкой мясцовага функцыянера4

Мабільны Анжалікі Мельнікавай з 19 сакавіка знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі83

Прызначаны новы кіраўнік Мінскай вобласці4

Юрый Караеў прызначаны кіраўніком Гродзенскай вобласці8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф2

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць