Гісторыя44

Пазайздросцілі савецкаму Кіеву. Як у Мінску ледзь не адбудавалі велічную браму, якой ніколі не было

Цяпер тое самае «славянскае фэнтэзі» можа чакаць і гарадзішча на Менцы, якое лічыцца летапісным Менскам.

Раскопкі на гарадзішчы на Менцы, якія падаюцца як сенсацыйныя, паспрыялі цікаўнасці да старажытнарускай спадчыны. Археалагічны комплекс на Менцы ўлады хочуць ператварыць у важны турыстычны цэнтр і новы брэнд краіны, пасля таго як большая частка беларускай гісторыі аказалася нязручнай для дзяржаўнай ідэалогіі. 

Раней такія ж ідэалагічныя надзеі ўскладалі на ўзнаўленне Менскага замчышча, якое ставіла за мэту адбудову стажытнарускага горада ў натуральную велічыню, галоўнай разынкай якога мусіла стаць велічная драўляная брама.

Аднаўляць замкавую браму планавалі ў тым выглядзе, які трывала замацаваўся ў навуковай літаратуры, але грунтуецца прыкладна ні на чым — гэта чыстая фантазія, на якую больш уплывалі падзеі, якія адбываліся ў суседніх савецкіх рэспубліках, чым археалагічныя знаходкі.

У папярэднім артыкуле мы распавялі, як выглядаюць славянскія замкі ў заходнеславянскіх краінах і Германіі, і чаму заходнія даследчыкі больш за паўстагоддзя таму адмовіліся ад распаўсюджанай у нас схемы рэканструкцыі. Паводле сучасных поглядаў у заходняй навуцы, драўляныя рэшткі, якія знаходзяць археолагі ў валах, — гэта не іх умацаванне і не фундамент для сцяны, а сама крапасная сцяна.

Чытайце: Каб пабачыць старажытны Менск, трэба ехаць у Германію? Чаму на Захадзе па-іншаму глядзяць на славянскія крэпасці

Як ужо згадвалася, прычына рознага бачання ўмацаванняў старажытных славян палягае зусім не ў рознай тэхналогіі будаўніцтва: тыя ж прыёмы, якія выкарыстоўвалі заходнія славяне, выяўляюцца і на старажытнарускіх гарадзішчах. 

На ўспрыманне валоў старажытнарускіх гарадзішчаў як самастойных умацаванняў значны ўплыў аказалі фартыфікацыйныя сістэмы XVI—XVII стагоддзя, добра вядомыя першым даследчыкам. Сутыкаючыся са старажытнымі помнікамі, гісторыкі XIX стагоддзя апісвалі валы як наўмысна створаныя, зыходзячы з практыкі позняга вайсковага дойлідства.

Гэтыя ўяўленні атрымалі ў спадчыну наступныя славісты і трывала замацавалі іх у савецкай навуцы, якой была ўласцівая надзвычайная вера ў айчынных аўтарытэтаў.

Абарончыя канструкцыі

Сёння на постсавецкай прасторы дамінуе меркаванне, што валы — гэта насыпныя ўмацаванні. Упершыню такое меркаванне выказаў вядомы савецкі навуковец Павел Рапапорт, які нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і выхадцаў з Беларусі. Рапапорт з'яўляецца аўтарам шматлікіх фундаментальных прац па старажытнарускім дойлідстве, да якіх айчынныя навукоўцы звяртаюцца дагэтуль. 

Валы з разнастайнымі канструкцыямі часта называюцца дрэва-землянымі. Большасць айчынных навукоўцаў лічыць, што яны былі неабходная для замацавання насыпаў і падтрымання стромкасці іх схілаў, служачы фундаментам сцен, якія ўзвышаліся над грэбнямі валоў — як на тых самых рэканструкцыях старажытных беларускіх гарадоў.

Канструкцыі, выяўленыя на месцы вала Мінскага замшчышча ў раскопе 1984-1985 гг.

Канструкцыі звычайна ўзводзілі з дубу, які найлепш пасуе для крапаснога будаўніцтва. Яшчэ старажытнарымскі дойлід Вітрувій адзначаў шчыльную структуру гэтай драўніны, якая лепш вытрымлівае кантакт з вільгольным грунтам. Акрамя таго, дуб горш гарыць — гэтая якасць істотная для абараназдольнасці надземных умацаванняў. 

Канструкцыі маглі быць слупавыя, гакавыя (крукавыя, рашэцістыя) ці зрубныя. Крукавыя збудаванні, якія раней лічыліся адметнасцю помнікаў заходніх славян, выяўлены таксама ў Мінску, Ноўгарадзе, Цверы, маскоўскім Крамлі, у аснове многіх адрэзкаў Зміевых валоў ва Украіне.

Найчасцей жа можна адшукаць у валах зрубныя канструкцыі. Звычайна яны запаўняліся зямлёй, якую бралі з выкапанага побач рова. Гэтыя гародні маглі ісці ў некалькі радоў. Пустыя зрубы, клеці, маглі размяшчацца з боку перыферыйных участкаў абароны. Клеці маглі прымыкаць да гародняў з унутранага боку для жылых і гаспадарчых патрэбаў крэпасці. 

Для крэпасцей X—XI ст. характэрная адсутнасць сувязі паміж суседнімі зрубамі, іх прыстаўлялі з прамежкамі, якія маглі дасягаць паўтара метра. У XI—XIII распаўсюдзіліся канструктыўна звязваныя ланцугі гародняў і клецяў. Колькасць радоў гародняў, відавочна, вызначалася памерам і значэннем крэпасцей.

Ідал старажытнарускай архітэктуры

Дык чаму погляды заходніх (умоўна заходніх, бо тады гэта быў Усходні блок) і савецкіх навукоўцаў разышліся ў пытанні рэканструкцыі першапачатковага выгляду славянскіх умацаванняў? 

Можна падумаць, што ва ўсходніх славян свой унікальны шлях, ні да каго не падобны, на чым у прынцыпе савецкая гістарыяграфія і рабіла акцэнт.

Відаць, гэта часткова праўда ў плане непахіснай веры ў аўтарытэты. Аднаго з такіх непахісных аўтарытэтаў, чыё меркаванне дагэтуль застаецца калі не вызначальным, то важкім, Паўла Рапапорта, мы ўжо згадвалі. 

Выразныя рэшткі канструкцый з бярвення ў валах выяўляюцца рэдка, у адрозненне ад скопішчаў тлену, залы і вуглю. На думку Рапапорта, сляды будаўнічай дзейнасці, якія выяўляюцца пры раскопках, не мелі дачынення да ўнутрывальных канструкцый. І гэтае меркаванне ў навуцы замацавалася на доўгія дзесяцігоддзі.

Рэканструкцыя Паўлам Рапапортам умацаванняў Мсціслава. Магутныя земляныя валы сталі неад'емным атрыбутам рэканструкцый умацавання старажытнарускіх гарадоў. 

Яму ж належыць мноства рэканструкцый выгляду старажытнарускіх гарадзішчаў, у тым ліку Горадні, Мсціслава і іншых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта заўсёды магутныя валы, па вяршыні якіх ідуць драўляныя сцены, вышыня якіх не на шмат меншая, брамы выглядаюць як сапраўдныя хмарачосы. 

Але апошнія даследаванні паказваюць, што ва ўсіх даследаваных Рапапортам гарадзішчах з «бескаркаснымі валамі», як, напрыклад, у Мінску, у выніку былі выяўленыя рэшткі ўмацаванняў з бярвення. Прычынай памылковых поглядаў сталі, відаць, неглыбокія раскопы Рапапорта, якія не дасягалі канструкцый, і недастатковая скрупулёзнасць. Дрэнная захаванасць драўляных рэшткаў сапраўды не дае адэкватна ацаніць канструкцыі многіх умацаванняў пры недастатковым узроўні ведаў.

«Аўтарытэт П. А. Рапапорта ў навуковых колах быў і застаецца вельмі высокім, ён надзвычай шмат зрабіў для даследавання каменнай (царкоўнай) архітэктуры, аднак у дачыненні да драўлянай яго ўяўленні не адпавядалі ўзроўню археалагічных ведаў», — піша расійскі археолаг Уладзімір Коваль. 

Апошнім часам усё часцей гучаць меркаванні, што многія высновы Рапапорта пра будову старажытнарускіх крэпасцяў былі памылковымі праз недасканаласць яго метадалогіі. Аднак яго працы ўплывалі на даследаванні цэлымі дзесяцігоддзямі, і перагарнуць гэтую старонку будзе няпроста.

Існаванне земляных валоў як самастойнай часткі ўмацаванняў, як іх бачыў Рапапорт, сёння пастаўлена пад сумненне, але канчаткова не адкінута, як на захадзе. 

Залатая брама ў свет фантазій

Але не аднаму Рапапорту мы абавязаныя такім выглядам. Сапраўдным кландайкам для разнастайных рэканструкцый стала Залатая брама ў Кіеве.

У галоўным горадзе Русі склалася парадаксальная сітуацыя: тут захаваліся магутныя рэшткі мураванай брамы, але амаль не захавалася валоў.

Валы «горада Яраслава» зрылі ў 1830-я гады, калі яны сталі замінаць развіццю горада. Браму, як помнік рускай даўніны, ніхто за часамі імперыі не чапаў, але ў раскапаным стане яна стала імкліва разбурацца.

Руіны Залатой брамы ў Кіеве ў 1858 годзе. Фота: Wikimedia Commons

І ўсё ж нейкі след ад валоў застаўся. Раскопкі ў савецкі час дазволілі выявіць рэшткі шасці радоў гародняў на месцы былога вала, а пасля з вонкавага боку былі адшуканы яшчэ тры рады гародняў, прыстаўленыя да асноўнага зрубу.

Археалагічныя знаходкі супадалі з натурнымі абследаваннямі самой брамы: на сценах мураванага помніка ў 1970-я гг. адшукалі сляды ад 11 радоў бярвення зрубаў, што адпавядае 9 гародням вялікага і малога зрубаў.

Вызначэнне канфігурацыі Залатой брамы ў Кіеве. Тлустыя вертыкальныя лініі (2) паказваюць сляды бярвення зрубаў на сценах. Як бачна, яны не прасочваюцца нават на вышыню руін, які дайшлі да сярэдзіны XX ст., а дзесьці ледзь фіксуюцца. Рэканструяваць сапраўдны выгляд сцен па такіх звестках — чыстая фантастыка. Фота: РусАрх

Рапапорт, даследуючы ў 1950-я гады іншы фрагмент кіеўскага вала, каля тэлецентра, зрабіў выснову, што малы вонкавы зруб мусіў перашкаджаць спаўзанню пярэдняга схіла вала, а гародні з боку горада падымаліся ў гару ўступамі.

Залатая брама хоць і захавала сляды зрубаў на сваіх мурах, але сама дайшла ў выглядзе руіны: сцены яе цэнтральнай часткі дзесьці даходзілі да пятаў арачных скляпенняў, але чым далей ад цэнтра, тым на меншую вышыню захаваліся сцены, урэшце сыходзячы на нішто каля краёў. 

Абмерны чарцёж усходняй сцяны Залатой брамы ў Кіеве, зроблены ў XIX ст. Захавалася тая частка сцяны, якая была пахаваная ў вале — менавіта яго абрысы і паўтарае гэты фрагмент брамы. Фота: РусАрх

У профіль брама пасля зрыцця валоў выглядала як трапецыя, то бок захавалася толькі тая частка, якая на працягу стагоддзяў была схаваная ў зямлі, бо валы ў выніку эрозіі якраз у разрэзе, як правіла, маюць тую ж трапецыепадобную форму. 

Да таго ж сляды зрубаў не выяўляліся ў верхняй разбуранай эрозіяй частцы сцен брамы. Усё гэта не дазваляе ніяк навукова абгрунтавана рэканструяваць драўляныя ўмацаванні вышэй за выяўленыя на сценах сляды. Усе рэканструкцыі, у тым ліку Паўла Рапапорта, гэта фантазіі на пустым месцы.

Рэканструяваная за савецкім часам Залатая брама ў Кіеве. Тры вонкавыя рады гародняў інтэрпрэтавалі як канструкцыю, якая стварала схіл вала, хоць падставы так лічыць сумнеўныя. Фота: Гугл Карты

З самой брамай трохі прасцей — ва Уладзіміры добра захавалася Залатая брама, зробленая на ўзор кіеўскай і таму карысная ў рэканструкцыі апошняй. Але драўляныя ўмацаванні там, натуральна, захаваліся ў выглядзе фрагментаў у земляных валах.

Тое, што Рапапорт прыняў за ўмацаванне схіла вала, з той жа гіпатэтычнай імавернасцю магло быць ніжнім ярусам умацавання, як у Феадосіевых сцен у Канстанцінопалі (адкуль і ўзята ідэя Залатой брамы), або служыць падпоркай для сцяны — усё ж пры немалой вышыні сцяны забутоўка стварала вялікую нагрузку на драўляную канструкцыю, быў патрэбны «контрфорс». 

Усё, што заставалася ад Залатой брамы ў Кіеве у 1971 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Як было — невядома і высветліць немагчыма. У прынцыпе ўсё, што звязана з Залатой брамай, гэта суцэльныя дапушчэнні. Такая сітуацыя стварыла вялікае поле для мноства аўтарскіх рэканструкцый, якія вельмі адрозніваюцца паміж сабой.

Тым не менш, нягледзячы на гэтую навуковую нявызначанасць, савецкае кіраўніцтва ў 1982 годзе загадала адбудаваць браму да святкавання 1500-годдзя Кіева. Браму аднавілі ў мнагаярусным выглядзе, далучыўшы з бакоў фрагменты сцен з «рапапортаўскім» земляным адхонам звонку. 

Розныя варыянты рэканструкцыі Залатой брамы ў Кіеве. Абмежаванасць інфармацыі давала шырокае поле для фантазіі. Фота: РусАрх

У тым жа 1982 годзе Менскае замчышча было афіцыйна абвешчана помнікам гісторыі, а ў 1984 годзе пачаліся выратаваўчыя раскопкі, звязаныя з будаўніцтвам метро. Натуральна, што пазбегнуць уплыву «старэйшага брата», Кіева, у гэтай сітуацыі было складана — Залатая брама і яе адноўлены выгляд былі ва ўсіх на слыху і на віду. 

У выніку раскопак, якія праводзілі Штыхаў і Заяц, былі выяўлены рэшткі сцен і колішняй замкавай брамы. Умацаванне старажытнага Менска незразумела на падставе чаго апісвалі як 8-метровы вал, на грэбені якога быццам бы былі ўзведзены драўляныя сцены.

З замкавай брамай старажытнага Менска атрымалася яшчэ цікавей. Па ацэнцы археолагаў, яе пабудавалі з дрэва ў пачатку XII стагоддзя на месцы больш ранняй брамы ў час перабудовы валоў дзяцінца. Агульныя памеры брамы складалі 17,1х7,4 м, а шырыня праезда — 3,7 м. У аснове 8 пустацелых клецяў-зрубаў па чатыры. Асноўны аб’ём абапіраўся на 3 пары клецяў, малы аб’ём на першую пару клецяў з боку поля.

Профiль вала Менскага замка з рэканструяванымі Зайцам абарончай сцяной i забароламi. Бачна, што нават драўляныя канструкцыі ў вале прыйшлося дадумваць (паказаны шрыхавой лініяй), каб пасадзіць на яго хоць кольвек прыстойнай таўшчыні сцены. Фота: «Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв.»

Нягледзячы на вялікае гістарычнае значэнне гэтых раскопак, адшукаць замалёўкі таго, што было выяўлена на месцы валоў, вельмі цяжка. Ні ў якія навукова-папулярныя і профільныя энцыклапедычныя выданні яны не трапілі. Магчыма, яны ёсць у нейкіх манаграфіях, але дзіўна, што такія каштоўныя графічныя матэрыялы аказаліся незапатрабаванымі і не былі шырока растыражаваны. 

Брама дзяцінца Менска ў XII—XIII стст. Графічная рэканструкцыя Ю. А. Заяца (варыянт III)
Брама дзяцінца Менска ў XII—XIII стст. Графічная рэканструкцыя Ю. А. Заяца (варыянт IV). Абодва варыянты аб'ёмна наследуюць выгляд Залатой брамы ў Кіеве

Затое ва ўсе выданні, дзе згадваецца Менскі замак, трапіла шмат рэканструкцый таго, як выглядаў ён сам і як выглядала яго брама. Дзве рэканструкцыі выгляду брамы, зробленыя Зайцам, да болю нагадваюць кіеўскую Залатую браму, толькі не мураваную, а выкананую з дрэва. Адтуль жа, відаць, і прага да гігантызму.

Нейкім неверагодным чынам Заяц, які даследаваў помнік, не толькі змог вылічыць, што вышыня брамы была каля 12,5—13,5 м (відаць з улікам вышыні нібыта вала, на якім быццам бы была яшчэ сцяна), але нават вызначыць прызначэнне надбрамных памяшканняў і форму даху. Усё гэта было зроблена літаральна на пустым месцы і цяпер тыражуецца з аднаго выдання ў іншае без якой-небудзь крытычнасці. 

Калі пераходзіць да аналогій, то рэканструкцыя Менскай брамы падобна да таго, калі б археолагі знайшлі у зямлі толькі дзве нагі ад антычнай скульптуры, але пасля здолелі ўзнавіць усю фігуру — ад цела і рук да галавы і нават выразу твара.

Выгляд Менскага замка паводле Э. М. Загарульскага. Любая новая інфармацыя ці знаходка карэнным чынам змяняе рэканструкцыі старажытных умацаванняў.

Проста для параўнання: асноўны аб’ём Залатой брамы без царквы, мяркуючы па скляпеннях, быў каля 14 м. Гэта ў горада, які можна было б назваць старажытным усходнееўрапейскім мегаполісам, размешчаным на шляху качэўнікаў, якія былі вечнай пагрозай.

Але чым невялічкі Менск горшы за галоўны горад Русі? Заяц смела дае менскай браме 13,5 м вышыні. Такая дакладнасць да дзясятай метра, выглядае надзвычай камічна, бо няма ніякага спосабу вызначыць вышыню страчанах умацаванняў хоць бы з якой дакладнасцю.

Над брамай з’яўляецца нават царква – ідэя таксама пазычаная з Кіева. Канструкцыі ў вале вышынёй 6 м, значыць, над валам было яшчэ столькі — агулам у яго атрымліваецца 12 м.

Гэта не першая рэканструкцыя Менскага замка, якая аказваецца цалкам памылковай. Па выніках прац 1960 г. свой варыянт рэканструкцыі брамы быў распрацаваны Юрыем Драгуном і Эдуардам Загарульскім. Памылковая інтэрпрэтацыя меркаваных рэшткаў умацаванняў брамы ў глыбіні праезду скрозь вал прывяла даследчыкаў да думкі, што вал у раёне праезду загінаўся ўнутр горада. Рэканструкцыя праезду ў дзядзінец і брамы другой паловы ХІ ст. уяўляла з сябе дзве злучаныя драўляныя вежы з праездам. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што як Зайца да рэканструкцыі натхніла Залатая брама ў Кіеве, так Драгуна і Загарульскага — малюнак Язэпа Драздовіча пад назвай «Гарадзец».

Варыянт рэканструкцыі ўязной брамы Менскага замка, выкананы ў макеце па ўяўленнях Э. М. Загарульскага. 1982 г. На падставе гэтай уяўнай рэканструкцыі нават выдумалі дурную легенду, што «вароты Мінска» на Прывакзальнай плошчы былі натхнёныя брамай старажытнага Менска.

Міхась Ткачоў у сваёй кнізе «Замкі Беларусі» ідзе далей за Зайца і піша, што ў XVII ст. валы Менска, насыпаныя ў XI ст., узвышаліся над Свіслаччу на 15 м. А яшчэ да вышыні вала трэба дадаць вышыню зрубных сцен 5—6 м. Навуковец не дае адказу, да якой менавіта вышыні валоў прыкладаць гэтую вышыню сцен, застаецца проста скласці дзве лічбы і атрымаць 20—21 м умацаванняў — гэта сяміпавярховы дом!

Ткачоў тлумачыць такую вышыню вала неабходнасцю закрываць замкавыя пабудовы ад абстрэлу з Саборнай гары (дзе сёння Верхні горад). Хочацца спытаць, закрываць ад чаго? Артылерыі ў XI ст. яшчэ няма, аблогавых машын няма, а навясны агонь з лукаў такая вышыня не спыніць. 

Проста для разумення, Вечны горад — Рым — атачалі дзве сцяны, спачатку Сервіева, вышыня якой складала 10 м, пасля сцяна Аўрэліяна, якая не дасягала і 8 м. Толькі ў 5 стагоддзі, калі пагроза варвараў стала небяспечнай, сцяну Аўрэліяна павялічылі ўдвая. Гэта ў рэгіёне, дзе даўно знаёмыя з аблогавымі машынамі.

Матэматычная эквілібрыстыка, да якой дайшлі рэканструктары ў Беларусі, сапраўды ўражвае. Затое можна ўсім паказваць, што тут спрадвеку было не горш, чым у іншых!

Макет у ненатуральную вышыню

Гэтыя ідэі атрымалі сваё практычнае развіццё. У 2008—2009 гадах у «Мінскпраекце» аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Іны Танаевай распрацаваў варыянт адраджэння Замшчышча па абодва бакі ад праспекта Пераможцаў.

На Замшчычы замест гістарычнай забудовы, пра якую хоць нешта вядома, планавалі стварыць маштабны музейна-археалагічны комплекс, разынкамі якога мусілі стаць замкавая брама, пра якую нічога толкам не вядома, і ўзноўленая мураваная царква, якая, відаць, ніколі не была дабудавана. 

Там жа ў 2013 годзе пад кіраўніцтва Сяргея Багласава распрацавалі праект гісторыка-культурнага комплексу «Мінскае замчышча», які нават быў зацверджаны без якіх-небудзь грамадскіх дыскусій да рэалізацыі. 

У яго аснове ляжала ідэя стварыць макет-рэканструкцыю фрагмента горада XII стагоддзя ў натуральную велічыню з хаткамі і вуліцамі. Галоўная разынка — адбудова ўязной брамы з фрагментамі сцен на магутных валах, па прыкладзе таго, як гэта было зроблена ў Кіева. Гэты праект цалкам, за выключэннем формы даху, паўтараў адзін з варыянтаў рэканструкцыі Зайца. 

Выгляд Менскай брамы, пра які нічога дакладна не вядома, на поўным сур'ёзе прапаноўвалі адбудаваць паводле мадэрнізаванай рэканструкцыі Зайца. 
Нават тое, як прапаноўвалася аднавіць браму, нагадвае тое, як рэканструявалі Залатую браму ў Кіеве. 

Праект агулам быў раскрытыкаваны спецыялістамі, у тым ліку з Таварыства аховы помнікаў, як архітэктурная фантазія, якая недапушчальная ў гістарычным цэнтры горада. Але перашкодзіла рэалізацыі праекта зусім не разгромная крытыка, а банальная адсутнасць грошай. 

Пра гэты праект, здавалася, ужо ўсе забылі і адкінулі як перажытак «папяровых пражэктаў» 2000-х гг. Але як любая дурная ідэя, ідэя адбудовы «як было» таго, пра што мы не маем ніякага ўяўлення, аказалася надзвычай жывучай.

Праект рэканструкцыі Менскага замчышча. Фота: БелТА

У 2024 годзе, на хвалі цікаўнасці да раскопак на Менцы, у сталіцы расчахлілі стары праект аднаўлення Замчышча. Чыноўнік ад гарвыканкама, праўда, ізноў звярнуў увагу на дарагоўлю праекта і прапанаваў абмежавацца тым, каб паказаць абрысы старажытнага горада брукам. 

Гэтым разам Мінск ізноў адбіўся ад псеўданавуковага «рускага Дыснэйлэнда», макета вышынёй з сяміпавярховік, але хто ведае, ці не вернуцца да яго пазней.

Выгляд Менскай брамы з ўнутранага боку былога дзяцінца — сапраўдны старажытны хмарачос! 

Але тое ж самае «славянскае фэнтэзі» можа чакаць і гарадзішча на Менцы. І ад яго будзе адбіцца цяжка, бо вывучэнне археалагічнага помніка ператворана дзяржавай у ідэалагічны праект. Для музея на гарадзішчы хочуць узнавіць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, уваходную групу, абарончыя канструкцыі і заяўляюць пра аднаўленне вала. 

У якім выглядзе ўсё гэта хочуць «аднавіць», пакуль не зразумела, але словы пра вал насцярожваюць. Як мы памятаем, хутчэй за ўсё, большую частку цяперашніх уяўленняў пра валы трэба будзе перапісаць, бо выглядае праўдападобна, што валы — гэта тое, што засталося ад драўляных умацаванняў, а не самі ўмацаванні. 

Варта адзначыць, што археолагі ў сваёй справаздачы пішуць, што частка выяўленых у валах клецяў калісьці была вонкавай вертыкальнай сцяной драўляна-земляных умацаванняў. Але ці стануць прыслухоўвацца да гэтага чыноўнікі і праектавальнікі ў сваім жаданні аднавіць уяўную веліч летапіснага Менска? 

Каментары4

  • Менск
    08.03.2025
    Воу, не думаў, што гэтая брама настолькі фантазія. Хаця лагічна, што па "пятках" ты даведаешся толькі пра "пяткі"
  • Мемуары
    08.03.2025
    Менск, у пачатковай школе настаўніца "на галубом глазу" расказвала нам, што Курган Славы насыпаны рукамі мінчукоў:
    "После освобождения от немецко-фашистских захватчиков буквально все жители Минска, собравшись вместе, принесли в это место по пригоршне земли. Так и насыпали Курган Славы".
    Што там браму намаляваць на 20 метраў ў вышыню! Дробязь! Хоць на 50.
    Чым больш тытулаваны шаман, тым больш сам верыць ў свае выдумкі.
  • Максим Дизайнер
    09.03.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава22

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

Магутны землятрус у М'янме. Паніка ў Бангкоку2

У міліцыі назвалі памер хабару, які ўзяў намеснік дырэктара Беларускай чыгункі6

Мінчукі размятаюць свежы бярозавік1

Пуцін прапанаваў увесці знешняе кіраванне ва Украіне для правядзення выбараў і паабяцаў дабіць УСУ20

У міліцыі расказалі, як знайшлі забойцу двух чалавек у Рагачоўскім раёне1

305 рублёў за цукарніцу, 456 за заварнік: цэны ў анлайн-краме Свята-Елісавецінскага манастыра шакуюць19

Аперацыя па пошуку салдатаў ЗША, што праваліліся ў балота ў Літве, доўжылася ўсю ноч2

Гэты маленькі звярок можа раскрыць сакрэт барацьбы са старэннем6

«Рыхтавацца да найгоршага»: Макрон заявіў, што ў Парыжы абмяркоўвалі планы падтрымкі Украіны без ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава22

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць