«З маскалём гавары, да камень за пазухаю дзяржы». Мы даведваемся ўсё больш новага пра Кастуся Каліноўскага — палітыка, якога цяпер не хапае
«З маскалём гавары, да камень за пазухаю дзяржы», «на то ён маскаль, што б’ецца» — такія цытаты з лістоў Каліноўскага прыводзіць у сваёй кнізе расійскі гісторык Аляксандр Дзюкаў. Ён ставіць на мэце «пахаваць» вобраз Каліноўскага як героя. Аднак у выніку Дзюкаў перахітрыў сам сябе і выклаў тэксты, якія паказваюць Каліноўскага кемлівым палітыкам, які сярод іншага не грэбуе і сувязямі са сваімі палітычнымі праціўнікамі ў інтарэсах агульнай справы, піша гісторык Павел Чарвінскі.

Чым адметная кніга Дзюкава?
Аляксандр Дзюкаў прысвячае сваю кнігу вядомаму беларускаму даследчыку, на працах якога грунтуюцца сённяшнія веды пра постаць Кастуся Каліноўскага, Генадзю Кісялёву (1931-2008), ураджэнцу падмаскоўнай Каломны, які пісаў:
«Памяць пра ўпартую барацьбу Каліноўскага супраць расійскага царызму і тых варшаўскіх канспіратараў, якія не бачылі новай раскладкі сіл на гістарычнай арэне, памагае нам сёння ўмацоўваць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь».
У гэтым ёсць нейкая іронія, бо сам Дзюкаў працуе ў выразна адваротным кірунку — не на ўмацаванне суверэнітэту Беларусі, а на яго аслабленне. Але чамусьці ўсё ж узгадвае імя Генадзя Васільевіча, з якім скончыў адзін і той жа інстытут, хоць і ў розныя гістарычныя эпохі.
Кніга Дзюкава адметная тым, што некаторыя архіўныя дакументы ў ёй былі ўведзеныя ў навуковы ўжытак упершыню, а шэраг іншых беларускамоўных былі атрыбутаваныя як напісаныя асабіста Каліноўскім — на гэта ўжо звяртала ўвагу «Наша Ніва». Сярод гэтых дакументаў — апублікаваны ўпершыню даследчыкам Алесем Смаленчуком чарнавік паслання да Святога Айца ад беларускага мужыка.
«Невядомы Каліноўскі» складаецца з дзвюх частак — «невядомыя крыніцы» (шэраг з іх быў і раней вядомы) і «крыніцазнаўчыя нарысы», выдадзеныя ў 2021-2024 гадах (у назве замест 2021 прастаўлены 2022).
Найбольшую цікавасць для беларускага даследчыка ўяўляюць менавіта крыніцы, выяўленыя Дзюкавым у Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве і Літоўскім цэнтральным гістарычным архіве.
Цікава, што сам Дзюкаў прызнаецца, што не меў магчымасці карыстацца дакументамі ў Вільні непасрэдна, бо з’яўляецца з 2014 года ў Літве «персонай нон-грата».
Почырк і падбор патрэбных крыніц
Аляксандр Дзюкаў вылучае тры варыянты почырку Кастуся Каліноўскага: «чарнавы», «паўафіцыйны» і «афіцыйны». Як падкрэслівае расійскі гісторык, усе выяўленыя асабістыя тэксты Каліноўскага, у тым ліку лісты, носяць пераважна прапагандысцкі характар, але падчас іх каментавання Дзюкаў дазваляе сабе меркаваць, што беларускамоўныя тэксты — гэта прапаганда сярод сялян-беларусаў. Польскамоўныя ж тэксты — гэта таксама прапаганда, але чамусьці менавіта яны і адлюстроўваюць светапогляд Каліноўскага. Дзюкаў дадае, што яны «таксама патрабуюць асцярожнасці ў выкарыстанні».
Гэта выяўляецца ўжо на першым жа змешчаным ім дакуменце — перапісанай рукой Каліноўскага польскамоўнай адозвы «Да братоў русінаў!»

Адозва была выдадзена ў Варшаве і адрасавана жыхарам Украіны (Русі), якіх сам Дзюкаў называе не ўкраінцамі, а «малороссами», у той час як для жыхароў Беларусі і Літвы была падрыхтавана асобная адозва па-польску «Да братоў літоўцаў» (Дарэчы, мелася і асобная адозва «Браты палякі!»)
Дзюкаў ведае, што Каліноўскі ў польскамоўных тэкстах выкарыстоўваў для вызначэння беларусаў слова białorusini, аднак гэта не спыняе яго, каб паставіць тое пад сумнеў менавіта гэтым дакументам і сцвярджаць, што адозва «Да братоў русінаў!» таксама звернутая да беларусаў. Нягледзячы на тое, што ў ёй ёсць сярод іншага згадка пра «курганы вашых стэпаў», а Беларусь, як вядома, краіна ніяк не стэпавая.
Пры гэтым Дзюкаў ведае і пра існаванне выдадзенай у Варшаве адозвы «Да братоў літоўцаў» («Do braci litwinów») і нават падказвае, што адна з рукапісных копій захоўваецца ў тым жа фондзе, што і перапісаная Каліноўскім «Да братоў русінаў» (ОР РНБ Ф. 629, д. 113), аднак не падае яе ў сваёй кнізе.
Магчыма, з-за таго, што яна напісана іншым почыркам, але можа быць і таму, што ў такім разе не атрымаецца выбудоўваць канцэпцыю, паводле якой «літвін» роўна «паляк», а чытачу ад пачатку будзе зразумела, што паўстанцкі «чырвоны» ўрад у Варшаве разумеў адрознасць «Русі» і «Літвы» ад Польшчы, як роўных частак Рэчы Паспалітай.
У любым выпадку гэта сведчыць пра адбор расійскім гісторыкам «патрэбных» яму крыніц і дазваляе падазраваць, ці не захаваў ён яшчэ што ў загашніку, што асабліва добра відаць на прыкладзе яго аргументацыі пра быццам бы «містыфікацыю» «Лістоў з-пад шыбеніцы».
Падаем пераклад абодвух адозваў. Польскамоўнае Litwini перадаем як «літоўцы», паколькі менавіта так яно прысутнічае ў беларускамоўных тэкстах Каліноўскага.
«Да братоў русінаў!»
«Нацыянальны Цэнтральны Камітэт як часовы Нацыянальны ўрад.
Да братоў русінаў!
Сцяг паўстання быў узняты на польскай зямлі! Змаганне за незалежнасць і свабоду Польшчы, Літвы і Русі, распачатае ўжо варшаўскай моладдзю, якая супраціўляецца гвалту маскоўскага набору. Пад народныя сімвалы адусюль спяшаюцца натоўпы людзей, якія з вырванай з рук ворага зброяй і з сялянскімі косамі нанеслі ворагам не адзін удар. Паўстанне шырыцца і мацнее, таму што яго лозунгам з'яўляецца свабода і шчасце нацыі, а першым яго актам было ўсталяванне справядлівасці над вялікім класам сялян. Дзякуючы абвешчанаму дэкрэтам Нацыянальнага ўрада надзяленню зямлёй, мы атрымалі мільёны новых грамадзян, якія, нягледзячы на адрознасць веры і мовы на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, маюць магчымасць карыстацца аднолькавымі грамадзянскімі правамі адносна свайго лёсу!
Браты русіны! Ваша зямля, якая вякамі дзяліла з астатняй Рэччу Паспалітай агульнае шчасце і нядолю, павінна сёння адгукнуцца крыкам волі! На вашай зямлі, на вашых нівах кроў, якая пральецца, прынясе перамогу паўстанню! Пад курганамі вашых стэпаў знойдуць сабе магілу царскія войскі, а вашыя і літоўскія косы, злучыўшыся з польскімі косамі, здабудуць незалежнасць і волю для Польшчы, Літвы і Русі.
У адзінстве, стойкасці і ў жорсткай, бясстрашнай і рашучай барацьбе мы здабудзем гарантаваную перамогу. На гэты бой, русіны, клічам вас!
Ваша маруднасць і нежаданне дзейнічаць могуць адцягнуць момант усеагульнага шчасця. Не станавіцеся віннымі ў запавольванні адраджэння нашай агульнай Айчыны!
Моцны вораг перад намі, але царскія штыкі і гарматы, яго ашуканства і махлярства датычна сялян, каб падбухторыць іх супраць паўстання, якое дае ім волю, уласнасць і грамадзянства; яго інтрыгі, накіраваныя на разбурэнне братэрства народаў Рэчы Паспалітай, разаб'юцца і абрынуцца перад сцягам справядлівасці, які мы нясем!
Да зброі, браты! Мы клічам вас да зброі, і першым актам вашага паўстання павінна быць неадкладнае надзяленне зямлёй сялян!
Варшава, 5 лютага 1863 года»

«Да братоў літоўцаў!»
«Нацыянальны Цэнтральны Камітэт як часовы Нацыянальны ўрад
Да братоў літоўцаў!
Гераічны выступ нашай знакамітай моладзі, якая абрала смерць на полі бітвы перад цяжкай няволяй у шэрагах Масквы, стала лозунгам усеагульнага паўстання ў Каралеўстве. Нягледзячы на недахоп усякіх сродкаў, нягледзячы на нібыта неадпаведны момант, без лішніх і часта ненадзейных разлікаў, Нацыянальны Цэнтральны Камітэт, падпарадкоўваючыся неабходнасці, ні хвіліны не вагаўся перад вялікім учынкам і прыклаў усе магчымыя намаганні, каб забяспечыць як мага найлепшыя вынікі і поспех высакароднаму рашэнню Польшчы скінуць з сябе ярмо. Нашы чаканні не апраўдаліся. Легіёны, якія выйшлі з Варшавы, і жыхары правінцый кідаліся на ворага з амаль голымі рукамі, але, падтрыманыя Божай дапамогай, амаль паўсюль мелі поспех. Сёння паўстанне з’яўляецца лозунгам. Лёс Польшчы трымаецца на вастрыі косаў яе адважных абаронцаў і герояў.
Уся Рэч Паспалітая, сагрэтая прыкладам Кангрэсаўкі, павінна абрынуцца на ворага і не глядзець з абыякавасцю, з халодным разлікам на вуснах на барацьбу сваіх гераічных братоў. Вузел усяго паклікання знаходзіцца ў Літве; паўстанне Літвы сведчыць пра адраджэнне Польшчы і пра гібель ворага.
Літоўцы! якія столькі стагоддзяў дзялілі з намі добры і ліхі лёс, мы клічам вас да зброі! Да зброі! Ад вашай мужнасці і ахвярнасці залежыць будучыня краіны; Ваша абыякавасць да смерці братоў накліча праклён нашчадкаў на вашыя галовы як на маці забойцаў. Цэнтральны нацыянальны камітэт распачаў вялікую працу па адбудове Айчыны шляхам надання зямлі сялянам, ад атрымання краінай мільёнаў грамадзян. Сёння, нягледзячы на падбухторванні захопніцкага ўрада, нягледзячы на сплочаныя шчодрыя ўзнагароды і яшчэ больш шчодра абяцаныя сялянам за захоп паўстанцаў, сялянская каса шматразова забяспечвала нам перамогу.
Таму мы заклікаем Літву і Жамойць да паўстання, першым актам якога павінна быць неадкладнае надзяленне зямлёй сялян.
Дадзена ў Варшаве 29 студзеня 1863 года»
Беларусі ў Каліноўскага яшчэ больш, чым лічылі
Асобны артыкул Аляксандр Дзюкаў прысвяціў разбору пароля «Каго любіш? Люблю Беларусь! Так узаемна», даказваючы, што той быў толькі выпадковасцю, а Каліноўскі да яго ўвогуле не меў ніякага дачынення.
У той момант нейкім аргументам у вачах расійскага даследчыка выглядае тое, што Вітольд Парфіяновіч, паплечнік Каліноўскага, які здрадзіў яму, выкарыстоўвае тройчы ў паролі слова «Белорусь», а не «Беларусь». Мы ж дадамо — але ж не «Белоруссия».
Затое цяпер, дзякуючы кнізе Дзюкава мы маем магчымасць убачыць фотаздымак Парфіяновіча, чаго не было, напрыклад, у матэрыялах гісторыка Васіля Герасімчыка пра 19-гадовага паўстанцкага камісара Магілёўскага ваяводства, які пасля здрады і змены веравызнання даслужыўся да паліцмайстра і кіраўніка Табольскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення.

Як сведчаць дакументы з кнігі Аляксандра Дзюкава, Беларусь значна часцей фігуруе ў паўстанцкіх дакументах, чым уяўлялася раней, прычым не толькі беларускамоўных (як «Прыказ ад ронду польскаго над цэлым краем Літоўскім і Белорускім да народу зямлі Літоўской і Белоруской»), але і польскамоўных. Гэтым расійскі гісторык фактычна ўмацоўвае пазіцыю так моцна крытыкаванага ім гісторыка і журналіста Сяргея Абламейкі.
Напрыклад, царскія ўлады на чале з Міхаілам Мураўёвым прымушалі шляхту пісаць «вернападданніцкія» адрасы на імя імператара Аляксандра II. Каліноўскі і яго паплечнікі напачатку выступалі за байкот такіх адрасоў, але пасля ўсведамлення наступстваў адмовы ад падпісання такіх дакументаў, такіх як быць кінутым за краты, быць аштрафаваным і нават сасланым у Сібір, паўстанцы выдалі пастанову аб неабходнасці падпісання такіх адрасоў, каб пазбегнуць рэпрэсій і ўратаваць народныя сілы.
Гэтая пастанова ад 14 студзеня 1864 года была напісаная рукой Каліноўскага:
«Аддзел Літвы Нацыянальнага ўрада, у моц нададзеных паўнамоцтваў, на сваім пасяджэнні ў горадзе Вільні 14 студзеня 1864 года, зважаючы на тое, што маскоўскі ўрад, які не мае натуральнай падставы для існавання ў Літве, жадае надаць значнасць і дакладнасць сваім прымусовым адрасам праз вымушанне пратэсту супраць добраахвотнага і стыхійнага пратэсту літоўскіх ваяводстваў;
што маскоўскі ўрад, не звяртаючы ўвагі на ганьбу перад светам і будучымі пакаленнямі рускага народу, вымушае літоўцаў і беларусаў пры дапамогай бізуна, вязніцы, высылкі і шыбеніцы да ўчынкаў, якія супярэчаць народнаму сумленню і, як такія, не могуць ні для каго мець абавязваючай сілы;
што Літва і Беларусь далі дастаткова доказаў сваіх бясспрэчных народных пачуццяў, каб можна было паверыць як маскоўскім адрасам да цара, так і іх фальшывым і вымушаным пратэстам;
што ахвяры, якім сумленне не дазваляе падпісаць ілжывых пачуццяў да Масквы, падвяргаюць краіну бясплоднай страце людзей, якія, наадварот, жыццё сваё шкадаваць павінны для дабра народнага;
пастанавіў наступнае:
развіваючы дэкрэт Выканаўчага аддзела ў правінцыях Літвы, з погляду на адрасы да цара Масквы, не толькі рэкамендуе, але і загадвае кожнаму жыхару Літвы, якога прымусілі маскоўскія ўлады падпісаць пратэст супраць пратэсту літоўскіх ваяводстваў, падаць ім такі пратэст, каб пазбегнуць пераследу. Літоўскі аддзел даручае аддзелу ўнутраных спраў перадаць гэтую пастанову ў літоўскія ваяводствы разам з адпаведнымі лістамі і інструкцыямі».
Каліноўскі ўплываў на Францыю, Вялікабрытанію і нават Папу Рымскага
Кастусь Каліноўскі дасылаў за мяжу разнастайныя справаздачы пра тое, якая складваецца сітуацыя ў Літве і Беларусі. Праз гэтую перапіску ў лідарам эміграцыі з земляў колішняй Рэчы Паспалітай князем Чартарыйскім, прадстаўніком «белых», Каліноўскі дасылае пераказ расійскай прэсы, у тым ліку артыкулаў Фёдара Дастаеўскага, цытуе расійскіх рэвалюцыйных дэмакратаў, такіх як Аляксандр Герцэн, а таксама звяртае ўвагу на розныя моманты, якія мог могуць быць зразуметыя толькі тутэйшаму.
Так, у лісце да Уладзіслава Чартарыйскага ад 30 снежня 1863 года (11 студзеня 1864 года) Каліноўскі, які ў гэты дзень пабачыў смерць свайго паплечніка Цітуса Далеўскага (паводле Каліноўскага, той некалькі разоў выкрыкнуў у натоўп «Няхай жыве свабода»), пісаў: «Дасылаю табе, грамадзянін, ліст Мураўёва да калужскага праваслаўнага епіскапа, перадрукаваны ў «Голосе» N344».
Ён добра акрэслівае, якую пазіцыю хацелі б заняць маскалі ў Літве, але з іншага боку сведчыць пра вялікае няведанне адносна нашага селяніна. Будучы сёння далёка ад Масквы, ён ужо гаворыць пра яе: «z Maskalom hawary, da i kamień za pazuchaju dzierży», або «na to jon Maskal szto bjec sa», а калі пабачыць на ўласныя вочы тых маскоўскіх апосталаў «за кражу и неспособность» выгнаных з калужскай духоўнай семінарыі, якія толькі курэй ды яйкі абдзіраюць, дык ён, пэўна, больш прыхільны не стане да Масквы».

Каліноўскі дзеліцца са сваім у прынцыпе палітычным праціўнікам, але адначасова і хаўруснікам па барацьбе Уладзіславам Чартарыйскім думкамі пра тое, як можна прадставіць справу паўстання для еўрапейцаў, якія не разумеюць рэгіянальных асаблівасцяў і для якіх гэта ўсё «пытанне Польшчы».
Каліноўскі прапануе паказаць паўстанне «праз супрацьнатуральнае становішча, у якім мы знаходзімся ў сям’і еўрапейскіх народаў перад тварам Расіі». Каліноўскі зазначаў, што з-за паўстання Расія губляе такія патрэбныя ёй рэсурсы і пагаршае адносіны з Еўропай: «Расія як еўрапейская дзяржава паводле свайго ладу і геаграфічнага становішча, павінна мець абавязкі, якія провід на яе ўсклаў і выкананне якіх становіць яе заслугу ў гісторыі».
Каліноўскі таксама дасылаў у Парыж разнастайныя справаздачы, як «мемарыял пра сітуацыю ў Літве і пераслед Касцёла там і на Беларусі (Białorusi)».
Праз гэтыя справаздачы Дзюкаў робіць выснову, што Каліноўскі, ні многа ні мала, пры дапамозе паспяховых прапагандысцкіх кампаніяў уплываў на замежныя краіны — Францыю і Вялікабрытанію, і нават уплываў на Папу Рымскага — і ўсё дзеля іх адмоўнага стаўлення да ўладаў Расійскай імперыі. На нашу думку, гэта перабольшванне і асучасніванне Дзюкавым мінуўшчыны.
Заступнік уніяцкай царквы
Дзюкаў называе Каліноўскага «фанатычным католікам», які быццам бы бачыў Літву ні чым іншым, як «чыста каталіцкі краем». Пры гэтым расійскі гісторык піша, што нібыта такая «ідэалагічная ўстаноўка стала падставай здзейсненых паўстанцамі забойстваў праваслаўных святароў».
Адзначым, што ніякіх крыніц, дзе Каліноўскі заклікаў забіваць праваслаўных святароў (усяго за час паўстання ў Беларусі і частцы Польшчы забіта трое праваслаўных святароў і адзін плябан) ці выносіў прысуды ў іх дачыненні, няма, а каб былі — Дзюкаў бы іх абавязкова знайшоў. Таму ён гаворыць пра «ідэалагічную ўстаноўку».
Пра тое ж, як будуе высновы Аляксандр Дзюкаў пра «глыбокую каталіцкую рэлігійнасць К. Каліноўскага», сведчыць кавалак з дакумента аб прымусовым пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе жыхароў мястэчка Кляшчэлі Гродзенскай губерні (сёння на тэрыторыі Польшчы).
Аляксандр Дзюкаў проста не разумее, што «ўніяты» не роўныя каталікам, і ў сваім неразуменні сітуацыі на нашых землях 160-гадовай даўніны дапускае тыя ж самыя памылкі, як і яго папярэднікі з Масквы.
Вось цалкам фрагмент напісанага Каліноўскім у адным з лістоў:
«Маскалі пісалі ў сваіх газетах, што мястэчка Кляшчэлі ў Бельскім павеце добраахвотна прыняло толькі праваслаўе, пабачыўшы «крамолы» каталіцкага духавенства. Я ведаю як тамтэйшы жыхар, што Кляшчэлі даўно вымушаныя былі перайсці з уніяцтва на праваслаўе, толькі ўпотай спявалі свае даўнейшыя песні. Таму перайсці на праваслаўе яны не маглі, таму што ўжо былі такімі.
Я мяркую, што ваенны начальнік, сапраўдны звяруга Барэйша (быў перад тым у Вілейцы), забараніў тыя спевы, а ў афіцыйным рапарце патлумачыў гэта як факт непрыхільнага стаўлення да каталіцкага духавенства і Польшчы. Урэшце маскалі, жадаючы аправаславіць, нападаюць на нейкую мясцовасць, рабуюць яе, прадаюць з аўкцыёну нарабаванае і зганяюць насельніцтва ўглыб Расеі.
Выратаваць іх ад гэтага можа толькі прыняцце праваслаўя; як адзіны сродак застацца ў краіне, да якой яны прывязаныя жыццём, пазбавіўшы сябе рэлігійнага суцяшэння. Звязаны з гэтым боль нашага народа цяжка зразумець…»
Каліноўскі, як сведчаць даследаванні беларускіх гісторыкаў, сапраўды быў чалавекам веруючым, але разумеў веру і Бога ў больш шырокім, чым межы канфесій, сэнсе. Нездарма таму і адмовіўся ад дапамогі ксяндза перад сваім узыходам на шыбеніцу на Лукішках у Вільні 22 сакавіка 1864 года.
«Лісты з-пад шыбеніцы»
Ад пачатку сваёй раптоўнай зацікаўленасці Каліноўскім у 2020 годзе Аляксандр Дзюкаў імкнуўся даказаць, што кіраўнік паўстання ў Беларусі і Літве не мог весці «ў турме актыўную пісьменніцкую дзейнасць» і тым больш не мог перадаць на волю вельмі акуратна напісаныя палітычныя лісты з-за кратаў.
Тым больш расійскі гісторык не мог уявіць, што іх можна было б вынесці з турмы пад самым носам у жандараў, ды яшчэ пераправіць за мяжу. Адмыслова каб засведчыць сваё «адкрыццё», Дзюкаў у 2021 годзе і выдаў на хуткую руку напісаную кнігу «Невядомы Каліноўскі: Прапаганда нянавісці і паўстанцкі тэрор на беларускіх землях, 1862-1864 гады».
Яго не цікавіла, што ўдзельнікі паўстання пакінулі шмат згадак пра тое, як карумпаваныя расійскія службоўцы зараблялі на трагедыі арыштаваных, а найбольшым бенефіцыярам ад гэтага быў асабіста віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, пра што ў 2013 годзе пісаў гісторык Васіль Герасімчык.
Такое Дзюкаў уявіць не мог (ці не жадаў), паколькі яго спецыялізацыя зусім не XIX стагоддзе, а час НКВД і савецкіх рэпрэсій. Таму расійскі гісторык выбудаваў складаную тэорыю, якая павінна была недасведчанага чытача заблытаць і прывесці да дзіўнай высновы: Каліноўскі быццам бы прадбачыў сваю смерць (ці, дакладней, смерць створанага ім героя «Яські Гаспадара з-пад Вільні»), таму ўжо загадзя падрыхтаваўся і пакінуў «Лісты з-пад шыбеніцы» на выпадак свайго арышту. Толькі вось бяда: Дзюкаў выявіў (ці яму дапамаглі выявіць) асабістыя лісты Каліноўскага да Марыі Ямант, напісаныя за кратамі і вынесеныя на волю дзякуючы подкупу турэмшчыкаў. Адзін з іх захаваўся ў Вільні, тры іншыя — у Омску, а колькі яшчэ можа захоўвацца, і чаму некаторыя з іх не маглі трапіць у Парыж і быць надрукаванымі?
«Наша Ніва» аднавіла тое, як былі напісаныя «Лісты з-пад шыбеніцы» за кратамі, якраз на падставе матэрыялаў Аляксандра Дзюкава. Спадзяемся, ягоную кнігу ўважліва прачытаюць беларускія даследчыкі, таму што яна сапраўды шмат дадае да нашых ведаў. Хай сабе яе аўтар дзейнічаў і зусім не з добрых памкненняў.
Выснова
Крыніцы — гэта сапраўды моцны бок кнігі Аляксандра Дзюкава і шэраг з іх (як, напрыклад, асабістыя лісты Кастуся Каліноўскага да Марыі Ямант) наўрад ці ў хуткім часе маглі б быць уведзеныя ва ўжытак. Таксама расійскі гісторык паказаў, дзе можна яшчэ «капаць» (Кракаў) і што спадчына Каліноўскага нашмат большая, чым да таго ўяўлялася.
У той жа час слабы бок кнігі Дзюкава, для якога XIX стагоддзе — гэта не яго эпоха — дрэнная арыентацыя ў асаблівасцях беларускай гісторыі, слабое выкарыстанне ўспамінаў пра Каліноўскага, прыпісванне на падставе прапагандысцкіх тэкстаў лідару паўстання таго, што той насамрэч пісаў у дачыненні да іншых (напрыклад, пры характарыстыцы поглядаў мясцовай шляхты).
У цэлым у сваім імкненні паказаць нейкага антыкаліноўскага (не беларус, а паляк, не сацыяліст-рэвалюцыянер, а прыхільнік арыстакратаў і паноў, не герой, а той, хто за кратамі здаў усіх і хацеў жыць пасля памілавання) Дзюкаў не ўтрымаўся на ўзроўні «неперадузятага гісторыка». Але такая праца ў гісторыка на службе.
Тым не менш, можна яму падзякаваць за новыя крыніцы і спадзяемся, што на гэтым ён не спыніцца.
«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію
«Мужык я з роду, сын зямлі літоўскай». Новыя дакументы Кастуся Каліноўскага ўдалося выявіць дзякуючы почырку
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
Каментары