Маці адсудзіла 25 тысяч рублёў за футбольныя вароты, што ўпалі на сына
Улетку 2023 года на 13-гадовага хлопчыка, які адпачываў у аздараўленчым летніку, зваліліся жалезныя футбольныя вароты. Ён атрымаў сур’ёзныя траўмы. Яго маці праз суд дамаглася грашовай кампенсацыі.

Здарэнне адбылося ў адным з летнікаў у Бабруйскім раёне. Вароты не былі замацаваныя і абрынуліся на хлопчыка, які спрабаваў падцягнуцца на перакладзіне. У выніку інцыдэнту дзіця шпіталізавалі. Ён атрымаў адкрытую чэрапна-мазгавую траўму, што прывяло да страты слыху. Акрамя таго, у яго развіліся псіхічнае расстройства, слабасць і хуткая стамляльнасць.
Паводле выдання mogilev.in, суд прызнаў вінаватымі ў здарэнні дырэктара лагера і інструктара па фізкультуры. Кожнаму прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Адначасова суд пастанавіў спагнаць з аддзела адукацыі Бабруйскага райвыканкама на карысць пацярпелага 15 тысяч рублёў.
Маці пацярпелага падала пазоў з патрабаваннем спагнаць з аздараўленчага лагера ў інтарэсах сына 25 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. «Прадстаўнік адказчыка падчас судовага пасяджэння прызнаў патрабаванні, аднак адзначыў, што заяўлены памер кампенсацыі завышаны», — гаворыцца ў паведамленні Вярхоўнага суда.
У выніку суд стаў на бок жанчыны і пастанавіў спагнаць на карысць падлетка 25 тысяч рублёў. Рашэнне не абскарджвалася і ўступіла ў законную сілу.
Каментары