На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць
Казус адбыўся праз выкарыстанне дызайнерамі кантэнту з бясплатных стокаў.

Нацбанк збіраецца выпусціць памятную купюру незвычайнага наміналу 80 рублёў, якая будзе насіць назву «80 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне». Але да яе афармлення ёсць пытанні.
На аверсе змешчаны выявы манумента Брэсцкай крэпасці «Мужнасць» і скульптуры «Радзіма-маці». Таксама на фоне абодвух бакоў купюры можна пабачыць сілуэты іншых знакавых для Беларусі архітэктурных збудаванняў. У прэс-рэлізе згадваюцца толькі «Вароты Мінска», але не цяжка пазнаць сталічныя Чырвоны касцёл, царкву Святога Духа, выставачны павільён «МінскЭкспа», «Мінск-Арэну», Нацыянальную бібліятэку і манумент Перамогі.
Толькі адна выява на купюры не адпавядае ніводнаму вядомаму помніку архітэктуры на тэрыторыі Беларусі — падвоеныя ветракі, размешчаныя над манументам «Мужнасць».
Адзін з ветракоў, які мае двухсхільны дах, можна было б прыняць за вольную мастацкую стылізацыю ветракоў-казловак, распаўсюджаных на Беларусі, бо, калі не лічыць вокнаў і памеру махаў, яны прыкладна так і выглядаюць.
Але другі вятрак, вузкі і з незвычайным завяршэннем, не падобны ні да аднаго вядомага ветрака ў Беларусі, а ў яго форме адчуваецца нешта замежнае.

Нам удалося адшукаць, адкуль дызайнеры новай купюры ўзялі гэтыя выявы. Падборка з 10 славутасцяў Беларусі ў вектарным фармаце была выкладзена мастаком пад нікам creativebringer на стокавым сайце Freepik.com.
Частка кантэнту на сайце даступная бясплатна, але з умовай пазначэння аўтарства, а іншая — па платнай падпісцы, якая дазваляе выкарыстоўваць іх без неабходнасці згадваць крыніцу. Падборка славутасцяў Беларусі пазначана як прэміяльны кантэнт, за які трэба плаціць.


У падборцы таксама прысутнічаюць гэтыя ветракі, але адлюстраваныя ў іншы бок. Ніякага тлумачэння таго, што гэта за аб'ект, на сайце няма. Яны выглядаюць як млыны ў якіх-небудзь Нідэрландах («галандскія млыны» распаўсюджаны на Беларусі, але гаворка ідзе пра канструкцыю з нерухомым корпусам, а не пра знешні выгляд),
але і там адшукаць хоць якія блізкія аналагі не ўдалося. Магчыма, гэтыя ветракі — проста фантазія мастака, якая не выклікала ніякіх пытанняў у аўтараў дызайну беларускіх банкнот.
Ветракі ўвогуле ўлюбёныя аб'екты гэтага аўтара, яны таксама трапілі ў ягоныя падборкі для Нідэрландаў, Францыі, Даніі, Фінляндыі, Эстоніі і Польшчы. Дакладней, у польскую падборку трапіў не вятрак, а навігацыйны знак на канцы хвалярэза ў Свінауйсці, які зроблены ў выглядзе ветрака.


Розныя візуальныя казусы і дэфекты друку вельмі цэняцца калекцыянерамі-баністамі. Абмежаваны тыраж новай купюры і выкарыстанне ў яе афармленні малюнкаў са стокаў з невядомым аб'ектам, здаецца, робіць яе цікавай для аматараў грашовых дзіваў.
-
Былы палітвязень Віктар Лосік распавёў пра сваё вызваленне і пераезд з сям'ёй у Польшчу
-
«Мы перамаглі». Хлопчыку з Магілёва ўвялі самы дарагі прэпарат ад смяротнага захворвання
-
Што за Італа-албанская каталіцкая царква, да якой належыць новы нунцый? І як гэта можа паспрыяць аднаўленню ўніяцтва ў Беларусі
Каментары