«70% мала, давайце 90%». Як Шпілеўская патрабавала ад Коршунава змяніць вынікі сацапытання
Былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАНБ Генадзь Коршунаў расказаў, як кіраўніца Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі таргавалася з ім адносна вынікаў сацыялагічнага апытання ў час COVID-19.

Госцем новага выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» стаў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які ў 2020-м годзе працаваў на пасадзе дырэктара Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У размове Коршунаў прыгадаў размову, якая адбылася ў 2020-м з тагачаснай кіраўніцай Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі Вольгай Шпілеўскай.
Па словах Коршунава, ён панёс у адміністрацыю Лукашэнкі даныя па адным сацыялагічным даследаванні, у ходзе якога высвятлялі сярод іншага і стаўленне насельніцтва да мерапрыемстваў уладаў ва ўмовах пандэміі COVID-19.
«У нас не ўводзіўся лакдаўн. І мы правялі даследаванне, дзе запытваліся, што людзі робяць, як ацэньваюць дзяржаўную палітыку і гэтак далей. Калі не памыляюся, адсоткаў 70 падтрымлівалі адсутнасць лакдаўну і казалі, што самі будуць падтрымліваць сацыяльную дыстанцыю і гэтак далей.
Я прынёс, паказваю: «Вось. Такія даныя. Трэба друкаваць». Гэта была размова са Шпілеўскай. Яна сказала: «70 мала, давайце 90». Кажу: «70 — гэта шмат. Гэта вельмі вялікая падтрымка». Яна: «Не-не-не. Напішыце 90».
Я гавару: «Я не буду пісаць тое, што не адпавядае рэчаіснасці. Вось даныя. Іх можна надрукаваць». Яна: «Пішыце 90». Я гавару: «Я не буду пісаць. Давайце тады ўвогуле нічога не друкаваць». Яна: «Ну добра. Не друкуйце».
Як прыгадвае былы дырэктар Інстытута сацыялогіі, падчас размовы Шпілеўская прамовіла фразу кшталту: «Людзям не трэба нічога ведаць, трэба рабіць, што ім сказалі».
Па словах Коршунава, гэта размова стала для яго шокам, бо ён лічыў, што сацыёлагі працуюць для таго, каб людзі ведалі.
Ён сцвярджае, што пасля яе ў яго «цалкам перавярнулася разуменне таго, чым ёсць беларуская дзяржава і якое ў яе стаўленне да людзей».
Каментары