Грамадства44

Грамадзянін Ізраіля, пра катаванні якога ў Беларусі нядаўна пісалі — бацька актывіста Стагурскага

Сёлета ў пачатку лютага стала вядома пра арышт у вёсцы пад Гомелем брата актывіста з Беларусі Мікалая Стагурскага, якому пагражаў прапагандыст Рыгор Азаронак за ўдзел у акцыі супраць імітацыі выбараў у Ізраілі. Пазней праваабаронцы даведаліся, што разам з братам, улады Беларусі арыштавалі і бацьку Мікалая Стагурскага. «Гомельская вясна» паразмаўляла з Дзмітрыем Стагурскім, які прайшоў праз катаванні за актыўнасць брата.

Дзмітрый Стагурскі

Дзмітрыю Стагурскаму падчас пратэстаў 2020 года было ўсяго 14 гадоў. Сёлета 19-гадовы Дзмітрый меўся скончыць Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж, дзе ён апошнія гады навучаўся. Натуральна, што праз татальныя рэпрэсіі ў Беларусі, не мог ён неяк актыўнічаць і цяперашнім часам.

Тым не менш, 4 лютага да яго ў хату ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна ўварваліся сілавікі.

«Я быў дома, бо якраз знаходзіўся ў сваёй вёсцы, на ферме якой праходзіў практыку. На дзясятую гадзіну мусіў ісці на ферму. Я нядаўна прачнуўся, памыўся, снедаў. І раптам пачуў, што ў дзверы нехта пачаў моцна грукаць. Я зразумеў, што гэта не маці, бо яна б мне спачатку патэлефанавала. Я паглядзеў у вочка — там былі двое мужчынаў у цывільным адзенні», — узгадвае Дмітрый Стагурскі.

«Дзверы не былі замкнутыя. Таму яны самі адчынілі дзверы і ўламіліся ў кватэру. Мне ў твар ткнулі свае «коркі», што гэта міліцыя. Імёны і прозвішчы я не памятаю, бо ўсё было знянацку, а я яшчэ быў сонны. І яны пачалі абшукваць пакой, дзе я жыву, корпацца ў братавых рэчах. Пры гэтым я іх прасіў прад’явіць нейкую пастанову пра вобшук, але яны нічога так і не прад’явілі. Потым я яшчэ прасіў пратакол вобшуку: яны казалі, што ў канцы выдадуць, але таксама нічога так і не выдалі».

Дзмітрый кажа, што найперш міліцыянты корпаліся ў рэчах, якія пакінуў дома ягоны брат Мікалай. І гэта ўжо не першы раз. Да таго такія вобшукі ў рэчах Мікалая адбываліся ўжо некалькі разоў і нічога, што б магло іх зацікавіць, сілавікі там не знаходзілі.

«Яны адразу ж адабралі ў мяне мой тэлефон. А потым, калі пабачылі мой ноўтбук, то таксама сказалі, што забіраюць яго. А потым і мяне самога забралі, сказалі ехаць з імі на допыт. Мяне прывезлі ў Гомельскі РАУС на вуліцу Сцяпана Разіна, 9. Спачатку яны абяцалі, што адпусцяць мяне праз дзве гадзіны. Але, як аказалася, не адпусцілі. У тэлефоне знайшлі падпіску на суполку «Гомель Online». У выніку мяне затрымалі, сказалі, што ў мяне артыкул 19.11», — кажа Дзмітрый.

Першыя допыты

Але найбольш міліцыянтаў цікавіла асоба брата Дмітрыя — Мікалая Стагурскага, які на той момант праз палітычны пераслед у Беларусі ўжо даволі працяглы час знаходзіўся за мяжой. Дзмітрый кажа, што сілавікі, спрабуючы выцягнуць з яго нейкую інфармацыю, пагражалі яму:

«Яны пачалі распытваць наконт брата: расказвай давай, мы ведаем, што ты з ім стасуешся, калі не раскажаш, мы цябе пасадзім на тры гады. Я казаў, што не стасуюся з братам. Яны выпытвалі ў мяне, дзе брат знаходзіцца, казалі, што ён торгае мяне за нітачкі і я буду выконваць ягоныя патрабаванні — хачу нешта падарваць ці яшчэ нейкі тэракт здзейсніць. Яны спрабавалі знайсці, што мне можна прыпісаць для крымінальнага артыкула. Я выпадкова пачуў, як яны гэта абмяркоўвалі ў калідоры. Але ў выніку нічога на мяне не знайшлі. Я ім проста расказваў пра сваю вучобу».

Пратакол паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на Дзмітрыя Стагурскага складаў участковы інспектар Гомельскага РАУС старшы лейтэнант Ілля Лаворанка. У пратаколе ён напісаў, што Дмітрый нібыта захоўваў «экстрэмісцкія матэрыялы» па адрасе Гомельскага РАУС — вул. Сцяпана Разіна, 9.

Частка пратакола пра адміністрацыйнае правапарушэнне, складзенага на Дзмітрыя Стагурскага.

Міліцыянты парвалі Дзмітрыю куртку, адарваўшы ад яе шлейкі і капюшон, адабралі рэчы і пасадзілі яго ў «малпоўню» — закратаванае памяшканне перад уваходам у РАУС. Знаходзячыся там, ён пабачыў, як у той самы РАУС заводзілі ягонага бацьку — Васіля Стагурскага.

«Калі я быў у «малпоўні» я пабачыў, як у РАУС завялі бацьку. Яго там распранулі дагала, прымусілі прысядаць. Міліцыянты смяяліся з яго, казалі: «Сабралася сямейка». Я, памятаю, што тады нават заплакаў ад крыўды», — узгадвае Дзмітрый.

Суд Гомельскага раёна

Суд 

У «малпоўні» хлопца трымалі да гадзіны ночы. Потым яго завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Гомельскага УУС на вуліцу Міжгароднюю. На наступны дзень яго павезлі ў суд Гомельскага раёна. Тады ён сустрэўся з бацькам. Дзмітрый узгадвае гэтую паездку да суда:

«Нас везлі на міліцэйскім УАЗіку. Мяне з бацькам пасадзілі ў багажнік і прывезлі спачатку зноў у РАУС. Я праз шчыліны пабачыў, што гэта той самы РАУС, дзе я быў учора. Там мы стаялі недзе гадзіну. Багажнік быў зачынены, там не было чым дыхаць, стала вельмі горача. І ў мяне, і ў бацькі пачала кружыцца галава. Але хаця б прыадчыніць дзверы не дазволілі. Праз гадзіну нас павезлі ў суд, які каля Гомельскага аўтавакзала».

Разглядала справу Дзмітрыя 5 лютага суддзя Інга Яцухна:

«Мяне проста прывялі ў суд. Я быў першы, потым бацька. Калі я зайшоў, прысуд быў ужо падрыхтаваны і надрукаваны. Мне далі магчымасць нешта сказаць, але ў гэтым не было аніякага сэнсу. Я сказаў, што я вучуся, у мяне не было аніякіх планаў распаўсюджваць нейкі экстрэмізм. Гэта проста навінавы рэсурс, які асвятляе, дзе якія падзеі ў Гомелі адбываюцца, дзе коркі на дарогах і падобнае. Суддзя нікуды не выходзіла, а адразу зачытала ўжо загадзя гатовы прысуд».

Зняволенне

Потым хлопца вярнулі ў ІЧУ. Ад самага вяртання з яго пачалі здзеквацца. Дзмітрый узгадвае:

«Ставіліся да мяне ў ізалятары як да быдла. Мяне адразу распранулі. Калі я станавіўся тварам да сцяны, я неяк не так паставіў ногі. І міліцыянт моцна ўдарыў мяне па назе. А ў мяне яшчэ раней быў парваны мяніск.

Ад удара па назе на ёй утварылася вялікая гематома, якая трымалася амаль да сканчэння тэрміну зняволення. Я не мог нармальна хадзіць, наступаючы на гэтую нагу, я кульгаў. А міліцыянты з мяне праз гэта смяяліся, што, маўляў, калека. Я два дні выпрошваў у іх сваю мазь з заплечніка. Насілу ўдалося іх угаварыць і мне прынеслі тую мазь, то яна трошкі дапамагла зняць боль.

Мы ў камеры былі ўсе «палітычныя». Былі два «ложкі» — нары, а нас у камеры было па 6-7 чалавек. Двое спалі на тых нарах, а я і іншыя — проста на падлозе, на сваіх куртках, а пад галаву падкладалі красоўкі. Адбой быў а 10-й гадзіне, але за ноч нас два разы будзілі, а 12-й і а 4-й гадзінах, і прымушалі падыходзіць да акенца ў дзвярах і называць свае прозвішчы.

А я яшчэ звычайна сплю вельмі моцна. Першыя разы я не чуў, калі яны адкрывалі тое акенца і будзілі. То яны заходзілі ў камеру і штурхалі мяне нагамі, каб я прачнуўся. Потым прымушалі ісці да таго акенца і рабіць даклад са сваім прозвішчам. Пасля вызвалення я дагэтуль прачынаюся сярод ночы і сплю вельмі чуйна».

Два разы Дзмітрыя вадзілі на допыты. Відавочна, сілавікі шукалі нагоду для крымінальнага зняволення.

«Першы допыт у мяне быў праз сем дзён. Пыталі, ці ведаю я яшчэ кагосьці, хто бярэ ўдзел у нейкіх палітычных актыўнасцях, альбо падпісаны на тыя «экстрэмісцкія рэсурсы», альбо хадзілі на мітынгі. Прыкладна такі ж быў і другі допыт. На ім мне ўжо пагражалі, што вывезуць мяне ў лес, нешта там са мной зробяць, зламаюць маю хворую нагу альбо падкінуць мне нешта і «закрыюць» на тры гады. Яны патрабавалі нейкую інфармацыю пра брата, якой у мяне папросту не было. Я ім расказваў толькі пра сваю вучобу», — кажа Дзмітрый Стагурскі.

Ён прыгадвае, што адным з самых жорсткіх наглядчыкаў у ізалятары была нейкая жанчына:

«Была такая ахоўніца — ці то Юля, ці то Яна яе звалі. Ёй было на выгляд гадоў трыццаць з нечым. У нашай камеры быў яшчэ мужчына са зламанай нагой. То яна заўжды з нас смяялася, што, маўляў, сабраліся інваліды ў адной камеры. Прычым усё гэта з мацюкамі і здзеклівымі словамі пра нас. Яны штодня праводзілі ў камеры так званы «шмон» — нас выводзілі на калідор, а самі рабілі ператрус рэчаў, усё пераварочвалі дагары нагамі, маглі параскідаць па падлозе нашыя зубныя шчоткі, іншыя рэчы».

Выхад на волю і сустрэча з бацькам

Выходзіў Дзмітрый на гадзіну раней за свайго бацьку. Вось як ён апісвае сустрэчу.

«Мяне выпусцілі недзе а 12-й гадзіне, а яго прыкладна праз гадзіну. Я дачакаўся тату, ён выйшаў і мы абняліся. Я тады зноў заплакаў. Ён падчас гэтай адседкі моцна пасівеў. Ён баяўся мне нешта распавядаць. Казаў толькі, што яго некалькі разоў пазбаўлялі ежы — яму проста не выдавалі пайку, якую раздавалі іншым зняволеным. Мяне трымалі на другім паверсе, увесь час перакідаючы паміж камерамі, а ён быў на трэцім паверсе ізалятара. Пасля вызвалення ён у хуткім часе з’ехаў у Ізраіль, грамадзянінам якога ён з’яўляецца».

Васіль Стагурскі

Бацька Дзмітрыя і Мікалая Стагурскіх, Васіль Стагурскі — той самы грамадзянін Ізраіля, навіна пра катаванні якога ў вязніцы ў Беларусі абляцела ізраільскія і беларускія СМІ ў пачатку гэтага тыдня.

Пакуль пра тое, што з ім адбылося, ён баяўся расказваць, бо яму пагражалі з Беларусі. Маўляў, калі ён нешта раскажа пра тое, што з ім рабілі ў гомельскім ізалятары, то тады пасадзяць сына — Дзмітрыя. З гэтай прычыны Дзмітрый мусіў таксама з’ехаць з Беларусі. Цяпер ён знаходзіцца ў адной з краін Еўропы ў адноснай бяспецы.

Каментары4

  • дык
    29.03.2025
    нас так некалькi гадоу катавалi, а тут столькi ляманту з-за сутак
  • цыкада
    29.03.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Андрусь
    31.03.2025
    дык, любое нечалавечае абыходжанне павінна быць вядомым і рана ці позна пакараным, незалежна ад таго, колькі часу яно доўжылася.

Цяпер чытаюць

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам5

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава. Цяпер яго расстраляюць? А вось і не1

Вайсковую машыну з амерыканскімі вайскоўцамі, што затанула на палігоне ў Літве, дасталі

У Італіі затрымалі румынаў, што мянялі старыя беларускія купюры на еўра1

Трамп: Зяленскі хоча выйсці са здзелкі па мінералах14

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў1

У Каардынацыйнай радзе стварылі працоўную групу па пытанні знікнення спікеркі Мельнікавай32

У Мурманску чалавек забраўся на дах шматпавярховіка і пачаў страляць. Яго нейтралізавалі толькі праз дзве гадзіны6

Былы дыпламат і былы дэпутат Савіных уляпаўся ў партыю Гайдукевіча11

«Я не жартую. Шмат хто хоча, каб я гэта зрабіў». Трамп не выключыў, што пойдзе на трэці тэрмін26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам5

Хто той чацвёрты вайсковец ЗША, якога дагэтуль шукаюць? І які амаль супадае па ўзросце з амерыканцам, затрыманым пад Маладзечнам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць