Чырвоную кнігу Беларусі дапоўнілі новымі відамі жывёл і раслін. Гэта абумоўлена пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 14 сакавіка 2025 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з прынятым дакументам, цяпер ахоўны статус будуць мець 213 відаў дзікіх жывёл і 310 відаў дзікарослых раслін.
Папярэдняя рэдакцыя Чырвонай кнігі была апублікаваная ў 2014 годзе. Тады ў ёй значыліся 203 віды жывёл і 303 віды дзікарослых раслін.
Цяпер статус некаторых жывёл паніжаны з прычыны павелічэння іх папуляцый. Напрыклад, зубр, маючы раней ІІІ, атрымаў IV катэгорыю. Аналагічная сітуацыя назіраецца з рыссю і барсуком. Маючы ў старой рэдакцыі ІІ катэгорыю, у новай яны атрымалі ІV.
Некаторыя віды цалкам зніклі з новай рэдакцыі Чырвонай кнігі, у асноўным гэта казуркі. Сярод выключаных з кнігі відаў — роднасная пантапарэя (ракападобная), браняносец звязаны (мнаганожка), палянік (птушка) і дазоршчык-імператар (страказа).
Іншыя віды, наадварот, былі дададзеныя: звычайная туркаўка, касматаногі сыч, конь Пржавальскага, блакітніца арыён, шаўкапрад дубовы цёмнакрылы і іншыя.
Першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі выйшла ў 1981 годзе. Тады ў яго ўвайшло 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін.
Каментары