У Расіі аштрафавалі дыджэя, які ўключыў песню Патапа і Насці Каменскіх падчас навагодняга звароту Пуціна
Навамаскоўскі раённы суд Тульскай вобласці прызнаў вінаватым у «дыскрэдытацыі» арміі Сяргея Васільева, які ўключыў у навагоднюю ноч песню ўкраінскага дуэта Патапа і Насці Каменскіх падчас звароту Пуціна.

«Падчас трансляцыі па цэнтральным канале відэазвароту прэзідэнта РФ на фоне расійскіх вайскоўцаў ён [Васільеў] дапусціў у прысутнасці неабмежаванай колькасці наведвальнікаў кавярні [«Флагман»] праз аўдыясістэму, прайграванне трэка ўкраінскага гурта», — паведамляе суд.
На думку суда, словы гэтай песні ўспрымаліся слухачамі «скажона і немілагучна». Суд палічыў, што Васільеў сваімі дзеяннямі падрываў давер да «спецаперацыі». І аштрафаваў на 40 тысяч расійскіх рублёў (каля 520 даляраў)
Раней Baza публікавала відэа, на якім грае песня дуэта пад назвай «Новы год» са словамі «А ты мне в Новый год от сосны, от сосны мне от сосны, от сосны». Як высветлілася пазней, яно было знятае ў кафэ «Флагман» у Новамаскоўску. На пачатку лютага аўтара роліка Станіслава Ермакова аштрафавалі на 45 тысяч рублёў (585 даляраў) па тым жа артыкуле, што і Васільева.
Каментары