Аляксандр Куўшынаў расказаў, каму пойдуць грошы, аддадзеныя за гадзіннік Франака Вячоркі
Бізнэсмен Аляксандр Куўшынаў, які перамог на зладжаным Франакам Вячоркам аўкцыёне па продажы скандальнага дарагога гадзінніка і заплаціць за яго 5000 даляраў, паведаміў у фэйсбуку, каму ён, згодна з ранейшай дамоўленасцю, гэтыя грошы перавядзе.

Куўшынаў паведаміў, што грошы пойдуць на патрэбы дзвюх беларускіх ініцыятыў у Вільні:
- Razam — фонд, які дапамагае беларусам у Літве, ладзіць культурніцкія мерапрыемствы і вядомы сваёй тэатральнай студыяй.
- Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, у якім ладзяцца выставы, лекцыі, канцэрты, працуе школа выхаднога дня, дзе займаюцца дзясяткі беларускіх дзетак, якія вымушана пакінулі Радзіму.
«Усе гэтыя ініцыятывы выжываюць дзякуючы данатам, і часта такім раптоўным, як мой», — адзначае бізнэсмен і нагадвае, што ў беларусаў, якія жывуць у Польшчы і Літве, ёсць магчымасць падтрымліваць беларускія ініцыятывы цалкам бяспечна і нават не заплаціўшы за гэта ні капейкі.
Калі вы плаціце падаткі ў Літве ці Польшчы, то 1,2—1,5% ужо аплачанага падаходнага падатку за мінулы год можна пераразмеркаваць на карысць беларускіх арганізацый.
«Простая матэматыка — 4000 беларускіх айцішнікаў заплацілі летась у Літве каля 100 мільёнаў еўра падаткаў. То-бок мы можам накіроўваць больш за 1 мільён еўра штогод на беларускія праекты. А калі ўсе 50 000 беларусаў з ДНЖ у Літве зрабілі б тое ж — сума была б у разы большай», — піша Куўшынаў.
А «Наша Ніва» падрыхтавала падрабязныя гайды, як гэта практычна здзейсніць як у Польшчы, і ў Літве.
Як падаць падатковую дэкларацыю ў Польшчы ці Літве і падтрымаць «Нашу Ніву»
Пералічыце 1,5% падаходнага на беларускую справу. Інакш дзяржава скарыстае тыя грошы сама
Вы ў Польшчы? Значыць, лёгка можаце падтрымаць «Нашу Ніву» падаходным падаткам, не патраціўшы сваіх грошай. Вось як
Калі вы ў Літве, то можаце за хвіліну падтрымаць «Нашу Ніву» падаходным падаткам, не патраціўшы сваіх грошай. Вось як
Каментары
Уладкуй лепш нашых людзей у сябе, каб на панэлях не стаялі і не пабіраліся праз тыя Фрыдам Гаўсы. Навучы, дай магчымасць, пастаў хоць намінальны заробак - людзі і падатак потым сваім адсцягнуць, і будуць з удзячнасцю пахаць, і не будуць жабрачыць.
Ішоў пяты год "змагання"!