Беларус перавёз тавар з Польшчы ў Беларусь часткамі, але гэта яму не дапамагло
Гродзенскі прадпрымальнік завёз з Польшчы буйную партыю камплектуючых для водаачышчальнага абсталявання, агульны кошт якой склаў больш за 200 тысяч рублёў. Аднак плаціць мытныя пошліны ён не хацеў, таму арганізаваў цэлую схему, каб тавар праходзіў як рэчы для асабістага карыстання, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

Высветлілася ўсё тады, калі ў мікрааўтобусе Volkswagen, які ехаў з Брэста ў Гродна, мытнікі выявілі 200 адзінак тавару, уключаючы клапаны, электронныя платы, блокі сілкавання і картрыджы для фільтраў, а дакументаў на тавары ў іх уладальніка не было.

Праз мяжу тавар перавозілі часткамі розныя людзі. Раздрабненне партыі стварала бачнасць таго, што ў Беларусь увозяцца прадметы для асабістых патрэб.

Цяпер у дачыненні да беларуса распачаты адміністрацыйны працэс, ён можа атрымаць штраф да 50% ад кошту тавару. Таксама праводзіцца дадатковая праверка па артыкуле КаАП аб парушэнні ўстаноўленага парадку ўвозу, вывазу або транзіту тавараў, што пагражае штрафам у памеры да 30 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй. Да рашэння суда партыя камплектуючых канфіскаваная.
Каментары