Чарговы скандал з адміністрацыяй Трампа: журналісты знайшлі ў інтэрнэце персанальныя даныя топ-чыноўнікаў
Нямецкі часопіс Der Spiegel правёў расследаванне і выявіў, што нумары тэлефонаў і электронныя адрасы, нават паролі да паштовых скрыняў некаторых кіраўнікоў службы бяспекі Дональда Трампа былі даступныя ў сеціве.

Расследаванне часопіса выявіла, што ў сеціве ўтрымліваюцца звесткі дарадцы Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майка Уолца, каардынатара разведкі Тулсі Габард і міністра абароны Піта Хэгсэта, са спасылкай на расследаванне піша «Еўрапейская праўда».
Як адзначаецца, інфармацыя была сабрана праз камерцыйныя пошукавыя сістэмы і апублікаваныя ў сеціве даныя карыстальнікаў.
Многія з гэтых нумароў і адрасоў да гэтага часу актыўна выкарыстоўваюцца.
Яны звязаны з акаўнтамі ў сацыяльных сетках Instagram, LinkedIn, Dropbox і праграмамі для трэкінгу фізічнай актыўнасці.
Тэлефонныя нумары, у сваю чаргу, адпавядаюць профілям у WhatsApp і Signal.
У расследаванні адзначылі, што гэта сведчыць аб новай сур'ёзнай уразлівасці ў сістэме бяспекі Вашынгтона.
Праз гэтыя агульнадаступныя даныя варожыя спецслужбы маглі б атрымаць доступ да прылад і перапісцы шляхам усталёўкі шпіёнскіх праграм. Не выключана, што замежныя агенты маглі сачыць за камунікацыяй, калі Габард, Уолц і Хэгсэт вялі абмеркаванне ваеннага ўдару ў чаце Signal.
Пакуль незразумела, ці вялося абмеркаванне менавіта праз акаўнты Signal, прывязаныя да прыватных нумароў,
а Габард адмовілася даваць каментары.
У той жа час часопіс устанавіў, што па стане на сераду, 26 сакавіка, прывязаныя да Signal нумары Габард і Уолца ўсё яшчэ былі даступныя анлайн.
Кантактныя даныя Габард, Хэгсэта і Уолтца часткова былі знойдзеныя ў адкрытых базах, часткова — у шматлікіх уцечках пароляў. Уцечкі пароляў — распаўсюджаная з'ява ў інтэрнэце. Напрыклад, у 2019 годзе даследчык Трой Хант знайшоў на хакерскім форуме больш за 773 млн электронных адрасоў і больш за 21 млн пароляў.
З тых часоў адбыліся новыя ўцечкі — хакеры ўвесь час складаюць новыя базы, каб прадаць іх.
Дадзеныя міністра абароны Хэгсэта журналісты знайшлі праз камерцыйны сэрвіс кантактных даных, які звычайна выкарыстоўваюць кампаніі для маркетынгу і падбору персаналу.
Дастаткова было пазначыць спасылку на ягоны профіль у LinkedIn — і сістэма выдала нумар мабільнага і Gmail-адрас.
Гэты адрас і паролі да яго былі знойдзеныя больш за 20 адкрытых уцечак. З адкрытых крыніц бачна, што адрас выкарыстоўваўся да нядаўняга часу, адзначылі ў расследаванні.
А яго мабільны нумар быў прывязаны да акаўнта ў WhatsApp, які, верагодна, нядаўна выдалілі.
Мабільны нумар і пошту Уолца таксама ўдалося знайсці праз той сэрвіс.
Па даных журналістаў, Габард аказалася асцярожней і, падобна, заблакавала свае даныя ў некаторых сэрвісах, якія ўтрымлівалі інфармацыю аб яе калегах.
Аднак яе электронная пошта ўсё роўна з'яўляецца на сайтах, у прыватнасці WikiLeaks і Reddit.
Усяго яе e-mail знойдзены больш чым у дзесяці ўцечках. У адной з іх — таксама нумар тэлефона, які, пасля аднаўлення, прывёў да актыўных акаўнтаў у WhatsApp і Signal.
Журналісты дадалі, што праінфармавалі Габард, Уолца і Хэгсэта аб інфармацыі. Таксама яны не правяралі, ці паролі да электронных скрыняў усё яшчэ працуюць.
Нагадаем, інцыдэнт пачаўся калі галоўны рэдактар The Atlantic Джэфры Голдберг апублікаваў матэрыял, дзе сцвярджаў, што дарадца Трампа па пытаннях нацбяспекі Уолц памылкова дадаў яго ў чат Signal, дзе топ-чыноўнікі адміністрацыі абмяркоўвалі ўдары па Емене. Сам Трамп тым часам настойвае, што ў перапісцы паміж яго камандай у Signal не было нічога, што магло б «скампраметаваць» планы нападу ў Емене, хоць ён і прызнаў, што хтосьці, магчыма, «аблажаўся».
Каментары
По трампу, они, все - добрые люди, с нормальной точки зрения, они, все - гордые в своей некомпетентности бездари.....