Прадстаўніцтва Інтэрпала ў Сараеве выдала ордар на арышт прэзідэнта Рэспублікі Сербскай у складзе Босніі і Герцагавіны Міларада Додзіка, піша Расійская служба Радыё Свабода.

Додзік, вядомы сваёй пазіцыяй за аддзяленне Рэспублікі Сербскай, абвінавачваецца па артыкуле Крымінальнага кодэкса «Пасяганне на канстытуцыйны лад Босніі і Герцагавіны».
Нягледзячы на ўнутраны ордар на арышт і выклік на допыт, у пачатку тыдня Додзік перасек мяжу з суседняй Сербіяй, а затым накіраваўся ў Ізраіль, дзе ўдзельнічае ў канферэнцыі ў Ерусаліме.
У лютым суд у Сараеве завочна прысудзіў Додзіка да аднаго года пазбаўлення волі і забараніў яму займацца палітычнай дзейнасцю на працягу шасці гадоў. Ён быў прызнаны вінаватым у ігнараванні рашэнняў Канстытуцыйнага суда і высокага прадстаўніка міжнароднай супольнасці Крысціяна Шміта, які выконвае ў Босніі функцыі знешняга кіраўніка.
Крымінальны пераслед Мілорада Додзіка пачаўся пасля таго, як у 2023 годзе ён падпісаў закон, згодна з якім рашэнні Канстытуцыйнага суда Босніі і дэкрэты высокага прадстаўніка не будуць прымяняцца на тэрыторыі Рэспублікі Сербскай.
Пасля вынясення прысуду Додзік не прызнаў віну і садзейнічаў прыняццю законаў, якія забаранялі федэральнай паліцыі і прадстаўнікам судовай сістэмы ўваходзіць на тэрыторыю Рэспублікі Сербскай. Гэтыя законы пазней былі адменены Канстытуцыйным судом Босніі і Герцагавіны.
Каментары