Аб сітуацыі з нарказлачыннасцю, самай буйной партыі наркотыкаў, выяўленай у мінулым годзе, і перспектывах змякчэння заканадаўства інтэрв’ю АНТ расказаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркагандлі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Андрэй Кудрыцкі.

Колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, за апошнія дзесяць гадоў скарацілася ўдвая. Па выніках 2024 года зарэгістравана 3883 такія злачынствы. З іх 96 здзейснены непаўналетнімі — гэта ў чатыры разы менш, чым дзесяць гадоў таму.
За той жа перыяд у два з паловай разы скарацілася колькасць перадазіровак наркатычнымі і псіхатропнымі рэчывамі.
Па колькасці выяўленых нарказлачынстваў лідзіруе сталіца. Дарэчы, у Мінску на ўліку знаходзіцца каля 4500 нарказалежных. Далей па колькасці нарказалежных ідуць Гомельская і Магілёўская вобласці.
У мінулым годзе, па словах Кудрыцкага, была затрыманая адна з найбуйнейшых партый наркотыкаў — 1077 кілаграмаў. Яна накіроўвалася транзітам праз Беларусь з Заходняй Еўропы ў Расію. Наркотыкі былі схаваныя ў колах фур.
«Беларусь — транзітная краіна. Як правіла, буйныя партыі наркотыкаў ідуць з краін Еўрасаюза ў Расію. Адтуль дробнымі партыямі вяртаюцца да нас для распаўсюду праз інтэрнэт-крамы», — даводзіць Кудрыцкі.
Сумесна з расійскімі праваахоўнікамі за мінулы год было выяўлена шэсць наркалабараторый, чатыры з іх — на тэрыторыі Беларусі.
Як адзначае Кудрыцкі, акрамя Расіі, прамое супрацоўніцтва ажыццяўляецца з праваахоўнікамі Казахстана, Азербайджана, Арменіі, Кыргызстана і Туркменістана. З краінамі Еўрасаюза, у тым ліку з бліжэйшымі суседзямі — Латвіяй, Літвой і Польшчай, узаемадзеянне адбываецца толькі праз Інтэрпал.
Паводле Кудрыцкага, статыстыка злачыннасці сведчыць пра эфектыўнасць заканадаўства:
«Дзесяць гадоў назад быў так званы «спайсавы бум». Адпаведна, трэба было прымаць нейкія заканадаўчыя меры, узмацняць адказнасць. І такія меры былі своечасова прыняты, што ў далейшым паўплывала на наркасітуацыю ў нашай рэспубліцы».
Цяпер, паводле прадстаўніка МУС, у сувязі з паступовым паляпшэннем наркасітуацыі штогод уносяцца прапановы па змяненні заканадаўства.
Сёлета ніжняя мяжа пакарання паводле часткі 4 артыкула 328 зменшылася на два гады. У выніку адказнасць за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай злачыннай групы або за іх выраб у падпольных лабараторыях склала ад 8 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Каментары
vs
"меры былі своечасова прыняты" (без трусоў)