У Бабруйскай крэпасці падчас рэстаўрацыі знайшлі тысячы старых патронаў
У Бабруйскай крэпасці пры правядзенні рэстаўрацыйных работ знайшлі вялікую колькасць патронаў меркавана часоў Другой сусветнай вайны. Па іх ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці праведзены судовыя балістычныя экспертызы.

Усяго на даследаванне паступіла больш за чатыры тысячы патронаў і іх элементаў. Як вызначылі эксперты, усе патроны вырабленыя заводскім спосабам і з'яўляюцца боепрыпасамі першай паловы XX стагоддзя.

Паводле высноў экспертаў, з ліку ўсіх прадстаўленых патронаў больш за 1900 з'яўляюцца вайсковымі патронамі 7,62х54R да авіяцыйнага савецкага кулямёта «Шкас» (Шпітальнага-Камарыцкага авіяцыйны хуткастрэльны), больш за 2000 — нямецкімі патронамі 7,92х57 да пяхотных вінтовак сістэмы Маіѕег. Яшчэ два аб'екты з'яўляюцца французскімі вінтовачнымі патронамі 7,5Х54 MAS да вінтовак «Сент-Эцьен» і ручных кулямётаў «Шатэльро».

З-за ўмоў захоўвання і вялікага часавага прамежку патроны значна паржавелыя. Нягледзячы на гэта, некаторыя з аб'ектаў, якія паступілі на экспертызу, прызнаныя прыдатнымі для стральбы.
Крэпасць у Бабруйску пабудаваная яшчэ напярэдадні вайны з Напалеонам. У Другую сусветную вайну, пасля заняцця горада немцамі ў 1941 годзе, у крэпасці размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных.
Каментары