Украінскі ўласнік беларускага судна больш за год не можа яго зарэгістраваць
Беларускае судна «Надзея» пабудавалі ў 2002 годзе ў Гомелі. Да пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе яно абслугоўвала Расію ва ўкраінскіх водах. Яго арыштавалі пасля падтрымкі Беларуссю расійскага ваеннага ўварвання, але, як стала вядома «Радыё Свабода», украінская кампанія, якая набыла судна на аўкцыёне 5 лютага 2024 года, дагэтуль не можа яго зарэгістраваць, бо ў рэестрах яно ўсё яшчэ лічыцца беларускім.

Дзяржаўная служба марскога і ўнутранага воднага транспарту і суднаходства Украіны адмовіла новаму ўласніку ў рэгістрацыі, паколькі ў дакументах адсутнічала пацвярджэнне страты права плавання пад дзяржаўным сцягам Беларусі і скасавання адпаведнага запісу ў Дзяржаўным суднавым рэестры Беларусі.
Для камунікацыі з Дзяржаўнай адміністрацыяй воднага транспарту Беларусі аб неабходнасці скасавання запісу і пацвярджэння страты права плавання судна пад сцягам Беларусі ўкраінская кампанія скарысталася паслугамі малдаўскага адвакацкага бюро Diaciuc Gabriel law office. Беларускі бок атрымаў гэты зварот, але нічога на яго не адказаў.
Па абарону сваіх правоў новы ўласнік беларускага судна звярнуўся ў суд, які абавязаў Дзяржаўную службу марскога і ўнутранага воднага транспарту і суднаходства Украіны выканаць усе фармальнасці, звязаныя з пераафармленнем беларускага судна.
Што папярэднічала
У красавіку 2022 года Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны заявіла аб арышце і пачатку працэсу нацыяналізацыі беларускага судна «Надзея» і сухагрузнай баржы, якія знаходзіліся ў акваторыі Ізмаільскага порту на Адэсчыне і выконвалі аперацыі для Расіі ў тэрытарыяльных водах Украіны.
Беларускае судна перадалі ў кіраванне Агенцтву вышуку і менеджменту актываў (АРМА), а ў Адэскую абласную адміністрацыю — дакументы аб магчымай нацыяналізацыі.
На продаж судна выставілі 5 студзеня 2024 года, а аўкцыён завяршыўся 5 лютага таго ж года.
Вядома, што стартавая цана беларускага судна была вызначаная на ўзроўні 1,17 мільёна грыўняў (на момант правядзення аўкцыёну гэта складала прыблізна 31 150 даляраў у эквіваленце) з крокам у 11 706 грыўняў (311 даляраў у эквіваленце).
На набыццё беларускага судна прэтэндавалі 7 удзельнікаў — тры фізічныя асобы і чатыры кампаніі, але чатыры з іх не былі дапушчаныя да аўкцыёну праз тое, што яны не аплацілі гарантыйны ўнёсак. Апроч «Ньюэнерджы» на судна прэтэндавалі ТАА «Надзейная транспартная кампанія» і ТАА «Прэзідэнт Трэвел».
Канчатковая цана, за якую «Ньюэнерджы» набыла беларускае судна, склала 4,25 мільёна грыўняў (113 тысяч даляраў у эквіваленце паводле курсу на 5 лютага 2024 года).
Пад беларускім сцягам «Надзея» спачатку ажыццяўляла перавозкі калійных угнаенняў па Дняпры з Мазыра да Мікалаева, а пасля мадэрнізацыі (павелічэнне бартоў, счэпка з несамаходнай баржай) пачала перавозіць украінскае збожжа. Але пазней беларускае судна перавялі на Дунай, дзе яно курсіравала ў рачныя парты Румыніі і Сербіі.
Карабель пабудавалі ў 2002 годзе ў Гомелі.
Што вядома пра новага ўласніка
ТАА «Ньюэнерджы» працуе на ўкраінскім рынку з 2007 года. Згодна са статутам, асноўным відам дзейнасці кампаніі з'яўляецца дапаможнае абслугоўванне воднага транспарту. Акрамя гэтага, ТАА ажыццяўляе дапаможную дзейнасць у раслінаводстве, надае пасярэдніцкія паслугі ў гандлі сельскагаспадарчай сыравінай, а таксама займаецца вытворчасцю гатовых кармоў для сельскагаспадарчай жывёлы.
Кампанія мае ўніверсальны перавалачны комплекс у горадзе Ізмаіл. Яе тэрмінал знаходзіцца ў акваторыі Ізмаільскага марскога гандлёвага порту на рацэ Дунай. Порт знаходзіцца пад пастаяннымі абстрэламі расійскіх войскаў.
Заснавальніца і канчатковая бенефіцыярка ТАА «Ньюэнерджы» — адэская прадпрымальніца Наталля Шарангова.
Каментары