Здароўе44

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Педыятр з Мінска скардзіцца, што «хварэюць усе», у тыктоку абмяркоўваюць «новы вірус», а Міністэрства аховы здароўя дае справаздачу аб кантраляванай сітуацыі. Што насамрэч адбываецца з рэспіраторнымі хваробамі ў Беларусі і ці можна казаць пра эпідэмію? «Люстэрка» даведалася поўную карціну з унутранай справаздачы сістэмы аховы здароўя, атрыманай пры дапамозе «Белпола».

Колькі чалавек захварэла?

Дакумент падрыхтаваны спецыялістамі «Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» і адрасаваны Міністэрству аховы здароўя. У справаздачы — даныя аб захворванні на 11-м каляндарным тыдні 2025 года (гэта значыць з 10 па 16 сакавіка) і сітуацыя, актуальная на 17 сакавіка 2025 года.

Спецыялісты падлічылі, колькі было выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый у 18 самых буйных гарадах Беларусі (гэтыя гарады называюць «кантрольнымі») у гэты перыяд.

За тыдзень эпідэміёлагі зарэгістравалі 78 167 такіх выпадкаў.

Шмат гэта ці мала? Падхапілі вірусы ці бактэрыі значна больш людзей, чым на аналагічным тыдні год таму (+35,8%). Але леташні эпідэмічны сезон у цэлым адрозніваўся ад цяперашняга. Тады пік ягонай самай прыкметнай хвалі прыпаў на студзень, а ў сакавіку ўжо можна было казаць пра палягчэнне сітуацыі. У гэтым жа сезоне захворванне паступова расце з пачатку года.

Тыднёвая дынаміка захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў кантрольных гарадах Беларусі ў параўнанні з папярэднім эпідэмічным сезонам. Скрыншот з закрытага інфармацыйнага бюлетэня, падрыхтаванага Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і перададзенага «Люстэрку» праз Belpol

Эпідэміёлагі дадаткова палічылі ў сямі буйных гарадах тых, у каго былі больш сур'ёзныя сімптомы:

  • 19 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей, звярнуліся па дапамогу з «грыпападобным захворваннем». Сярод яго сімптомаў — тэмпература большая за 38°C, кашаль або боль у горле і адсутнасць іншых сімптомаў, якія патрабуюць шпіталізацыі;
  • 12 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей, трапілі ў бальніцы з «цяжкай вострай рэспіраторнай інфекцыяй». Яе прыкметы — тэмпература вышэйшая за 38°C, кашаль або боль у горле і дыхавіца або абцяжаранае дыханне, якія прыводзяць да шпіталізацыі.

У шасці гарадах — эпідэмія

Ці можна казаць пра эпідэмію? У спецыялістаў ёсць канкрэтная лічба, якую яны лічаць эпідэмічным узроўнем. Гэтая мяжа для рэспіраторных інфекцый — 1632,22 выпадкі на 100 тысяч чалавек.

На момант складання дакумента захворванне ў 18 найбуйнейшых гарадах была ніжэйшае за «эпідэмічны ўзровень» і складала 1464,77 выпадку на 100 тысяч. Гэта значыць, па ўсёй краіне эпідэміі няма.

Аднак у шасці гарадах эпідэмічны парог быў перавышаны. Гэта Віцебск, Барысаў, Бабруйск, Полацк, Наваполацк і Гродна. Пра эпідэмію таксама можна было гаварыць у дзвюх абласцях — Віцебскай і Мінскай.

Вобласць Узровень захворвання (на 100 тысяч чалавек) Змена за тыдзень
Мінск 1571,16 +8,2%
Брэсцкая 1181,22 -3,6%
Віцебская 1664,63 +1,6%
Гомельская 1077 + 9,6%
Гродзенская 1517,32 +10,1%
Магілёўская 1466,48 +2,8%
Мінская 1637,9 +14,0%

А вось у Гомельскай і Брэсцкай на момант складання справаздачы хварэлі крыху менш, чым у іншых рэгіёнах. У сярэдзіне сакавіка ў Брэсцкай вобласці захворванне і зусім пайшло на спад, у адрозненне ад астатняй Беларусі.

Большасць хворых — дзеці

Гэтай вясной дзеці хварэюць часцей, чым дарослыя. Пацыентаў, малодшых за 18 гадоў, у цэлым больш па краіне, у некалькі разоў вышэй, чым паўналетніх.

Дзеці Дарослыя
Колькасць выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый 46 423 31 744
Захворванне на 100 тысяч чалавек 4467,5 738,69

Самая высокая дзіцячая захворвальнасць — у Мінску. За тыдзень з 10 па 16 сакавіка 2025 года гэты паказчык дасягнуў 5110,12 выпадку на 100 тысяч чалавек (+16% да мінулага тыдня). Гэта значыць, за сем дзён захварэлі 5,1% усіх дзяцей, улічаных сталічнай сістэмай аховы здароўя.

На што цяпер хварэюць?

На момант складання дакумента асноўным рэспіраторным вірусам у краіне быў грып. Яго выявілі прыкладна ў 41% усіх правераных узораў. Рэйтынг «папулярных» штамаў цяпер такі:

  • вірус грыпу тыпу А (без удакладнення падтыпу);
  • вірус грыпу A (H1N1) (раней вядомы як «свіны грып»);
  • вірус грыпу тыпу B.

Сярод іншых рэспіраторных вірусаў лабараторыі часцей за іншых выяўлялі РС-вірус і рынавірус. Фіксаваліся адзінкавыя выпадкі адэнавіруса, бакавіруса, сезоннага каранавіруса і бактэрыі мікаплазмы (Myc. pneumoniae).

Каранавірус SARS-CoV-2 лабараторыі выявілі ўсяго чатыры разы за тыдзень (з больш як 800 узораў). Новы метапнеўмавірус «з Кітая» — усяго раз. У трох пробах выявілі змешаную інфекцыю, то-бок некалькі ўзбуджальнікаў хвароб адразу.

Колькасць пнеўманій таксама расце

За тыдзень у Беларусі зарэгістравалі 3305 выпадкаў пнеўманій. 56,4% пацыентаў адправілі на стацыянарнае лячэнне, астатніх — амбулаторна. У 81,4% выпадкаў дыягназ «пнеўманія» ставяць на падставе «клініка-рэнтгеналагічных даных» — гэта значыць без дадатковых тэстаў.

Паказчык захворвальнасці на пнеўманію склаў 36,6 на 100 тысяч насельніцтва. Гэта вышэй, чым на мінулым тыдні і год таму, але значна менш, чым было вясной «кавіднага» 2021-га.

За тыдзень паказчык вырас амаль ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Мінскай і Магілёўскай абласцей. Самы прыкметны рост здарыўся ў Гродзенскай вобласці — +12,9% да ўзроўню мінулага тыдня.

Пры лабараторных даследаваннях у 83,3% выпадкаў у пацыентаў выяўляюць бактэрыяльную флору. Тры самыя частыя ўзбуджальнікі, якія знаходзілі ва ўзорах, — клебсіёла пнеўманіі (Kl. pneumoniae), залацісты стафілакок (S. aureus), і пнеўмакок (S. pneumoniae). Толькі ў 5,2% выпадкаў у даследаванні выявіліся вірусы, уключаючы SARS-CoV-2.

Што раіць Міністэрства аховы здароўя?

Міністэрства аховы здароўя апошні раз паведамляла пра сітуацыю з рэспіраторнымі хваробамі 5 сакавіка. Яно не казала пра колькасць пацыентаў і ўзровень захворвання, аднак чыноўнікі падкрэслівалі, што ён «ніжэйшы за эпідэмічны» (без удакладненняў пра сітуацыю ў асобных гарадах і абласцях).

У ведамстве адзначылі важнасць вакцынацыі, а таксама прывялі правілы асабістай гігіены і «рэспіраторнага этыкету»:

  • кашляць і чхаць у сурвэтку або, пры яе адсутнасці, — у выгін локця;
  • часцей праветрываць памяшканні і праводзіць вільготную ўборку;
  • трымацца здаровага ладу жыцця і фізічнай актыўнасці;
  • забяспечыць рацыянальны рэжым працы і адпачынку, збалансаванае харчаванне;
  • захоўваць сацыяльную дыстанцыю і дыстанцыяванне;
  • часцей бываць на свежым паветры і мінімізаваць наведванне месцаў масавага збору людзей.

Таксама ў Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што пацыентаў з павышанай тэмпературай і прыкметамі рэспіраторнага захворвання ў паліклініках цяпер прымаюць у спецыяльных «інфекцыйных кабінетах».

Каментары4

  • Мх
    25.03.2025
    [Рэд. — Дзякуй, выправiлi]

    [Зрэдагавана]
  • даведка
    25.03.2025
    Лойники и Хоев есть, если верить всезнающему генералу Николаю Карпенкову.
  • Žvir
    26.03.2025
    Toje, što raic` Ministerstva Achovy Zdaroūja moža dapamahčy nie zarazicca tymi virusami. Alie ž haloūnaje, imunitet, kab arhanizm byū zdatny baranicca, u vypadku infekavaņnia virusam.

    Nidzie niama paradaū, jak padtrymac` imunitet, jak pravieryc` jaho ūzrovieņ.

«На роздум далі паўгадзіны». Настаўніцы з Полацка давялося звольніцца з-за тыкток-блога2

«На роздум далі паўгадзіны». Настаўніцы з Полацка давялося звольніцца з-за тыкток-блога

Усе навіны →
Усе навіны

«Мне ўжо кепска». Беларус паказаў нашэсце кляшчоў у раёне1

Анархісту Мікіту Емяльянаву, асуджанаму на 6 гадоў калоніі, дадалі яшчэ адзін год

Парламент Арменіі ўхваліў законапраект аб пачатку працэсу далучэння краіны да ЕС2

Трамп: Расія марудзіць з мірным урэгуляваннем2

Аляксандр Лукашэнка-малодшы засвяціўся ў рыбным бізнэсе9

Шматпакутны гадзіннік Франака Вячоркі знайшоў уладальніка9

«Наганяе адчуванне смерці і безвыходнасці, хочацца найхутчэй пакінуць». Беларускі запісалі дзіўны дыялог турыста ў Белавежскай пушчы15

Загінула ваенная карэспандэнтка расійскага Першага канала Ганна Пракоф'ева23

Суд у ЗША ўвёў часовую забарону на спыненне фінансавання Радыё Свабода

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На роздум далі паўгадзіны». Настаўніцы з Полацка давялося звольніцца з-за тыкток-блога2

«На роздум далі паўгадзіны». Настаўніцы з Полацка давялося звольніцца з-за тыкток-блога

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць