Беларуска пераехала ў Нідэрланды, каб канчаткова змяніць пол. Як гэта ўладкавана і колькі каштуе?
Стэфанія — трансгендарная дзяўчына з Беларусі. Яна пераехала ў Нідэрланды, каб да канца давесці працэс пераходу з мужчыны ў жанчыну, распачаты яшчэ ў Беларусі — зрабіць вагінапластыку. У тыктоку яна дзеліцца ўсімі крокамі і перажываннямі на шляху да пераўтварэння ў жанчыну.

Стэфанія пачала свой трансгендарны пераход, яшчэ калі ёй было 15 год. Тады, па яе словах, гэта было «на яе страх і рызыку», і яна нікому не рэкамендуе паўтараць: дзяўчына пачала прымаць гарманальныя прэпараты па сваім рашэнні, нелегальна і без дазволу дактароў, бо была непаўналетняй (толькі з 18 год магчымы зварот да Міжведамаснай камісіі па медыка-псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з сіндромам адмаўлення полу).
«Калі я атрымала афіцыйнае пазітыўнае рашэнне камісіі, мне пачалі афіцыйна выпісваць гарманальны прэпарат у таблетках. У 2020-м я даведалася, што існуюць эстрадыёлавыя гелі, і яны лепш засвойваюцца, не шкодзяць печані, таму я пачала карыстацца імі».
Цяпер дзяўчыне амаль 28.
У яе за плячыма — развод з мужам пасля пяці год шлюбу. Яна працягвае прымаць гармоны, ужо перанесла архіэктамію (аперацыю па выдаленні яечак). Дзякуючы пластыцы, у яе ёсць грудзі, новы нос і вусны, яна выглядае па-жаноцку. Таксама Стэфанія яшчэ ў Беларусі змяніла гендарны маркер у пашпарце, але яна марыць, каб усё было гарманічна «не толькі зверху, але і знізу» — для гэтага і патрэбная вагінапластыка.

«Я жыла досыць камфортным жыццём, але рэальна стамілася: хачу мець магчымасць выйсці на пляж, не думаючы, ці не адваліўся ў мяне спецыяльны скотч для сцягвання. Ці ведаеце, як мне было некамфортна, калі я працавала мадэллю, і ў мяне былі кастынгі ў купальніках з іншымі дзяўчатамі, а стаяла я, такая вось, з «сюрпрызікам», — дзеліцца Стэфанія.
Працэс падрыхтоўкі да аперацыі ў Нідэрландах уключае сустрэчы з тэрапеўтам, эндакрынолагам, а таксама з псіхолагам. Па выніку высноваў апошняга збіраецца кансіліум, на якім і вырашаецца, ці дазваляюць дактары змену полу канкрэтнаму чалавеку.
На днях беларусцы прыйшоў станоўчы адказ: яе ўключылі ў ліст чакання на аперацыю, якая адбудзецца праз 10-12 месяцаў.
Стэфанія распавяла пра кошт падобных аперацый у Нідэрландах. Менавіта гэтую краіну для працэдуры яна выбрала таму, што там, на яе погляд, адна з найлепшых сістэм медыцынскага страхавання ў Еўропе.
«У Нідэрландах абавязковая страхавая сістэма, вы не можаце тут жыць і працаваць без медыцынскай страхоўкі. Сама сістэма шматузроўневая: нехта можа плаціць 145 еўра за базавую абавязковую страхоўку, нехта 170, а нехта 320 — усё залежыць ад таго, што ўключана ў ваш пакет.
І менавіта страхавыя кампаніі аплачваюць аперацыі па змене полу, і гэта ўваходзіць у базавы поліс. Сама ж па сабе аперацыя можа каштаваць да 17 тысяч еўра», — распавядае яна.
У каментарах дзяўчыну часам заклікаюць адумацца і не ісці «супраць законаў прыроды і боскай волі». Але ёсць і тыя, хто падтрымлівае выбар Стэфаніі і радуецца за яе перамены.
Сама яна лічыць, што з’яўляецца большай хрысціянкай, чым тыя, хто гатовы цкаваць іншых людзей: «Ува мне больш любові».
Каментары
"... калі я працавала мадэллю, і ў мяне былі кастынгі ў купальніках з іншымі дзяўчатамі, а стаяла я, такая вось, з «сюрпрызікам»", — дзеліцца Стэфанія.
Нічога не зразумеў. Які ў яе быў шлюб і развод у Беларусі, калі ў мужа і ў яе былі пэнісы. То бок атрымліваецца, гэта была гомасексуальная пара і гэта было афіцыйна ў Беларусі. Атрымліваецца, афіцыйна можна аформіць гомасэксуальны шлюб у Беларусі, проста адзін з партнёраў павінен змяніць пол у пашпарце. Як цікава...