Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак на Дзень Волі:
«Мы ўсе ведаем і з цеплынёй беражом у сэрцах дату 25 сакавіка. Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень, калі Беларусь выйшла з ценю імперыі-захопніка. Дзень, калі наш народ заявіў пра незалежнасць і права самастойна вызначаць свой лёс. І гэта непазбежна адбудзецца зноў.
Падумайце: ужо 30 гадоў рэжым робіць усё, каб знішчыць нашую волю. Нас спрабуюць запалохаць, арыштаваць, раз’яднаць — з разлікам, што мы здадзімся. Але чалавеку нельга забараніць імкнуцца да свабоды. Кожны палітвязень — гэта цэлая сям’я, якая ніколі не даруе рэжыму яго злачынстваў. Кожная спроба заглушыць нас прыводзіць да з'яўлення новых і новых абаронцаў свабоды і незалежнасці».
«Як бы нас ні затыкалі, як бы ні запалохвалі, як бы ні спрабавалі зламаць, мы ўпэўнена і горда кажам: Жыве Беларусь!»
Каментары