Блогер Vadimati распісаўся анлайн са сваім партнёрам, з якім разам ужо больш за 10 гадоў
Былы палітвязень, блогер Vadimati (Вадзім Ермашук) заключыў шлюб са сваім партнёрам Дзянісам, каб уз'яднацца з ім у Польшчы. Цырымонія прайшла анлайн, а афіцыйным месцам жаніцьбы стаў амерыканскі штат Юта — адзін з рэгіёнаў у ЗША, дзе распісваюць аднаполыя пары. Нягледзячы на тое, што Польшча афіцыйна не прызнае такія шлюбы, гэты крок можа дапамагчы пары ўз'яднацца ў гэтай краіне, піша Most.

Вадзім расказаў Most, што цырымонію вяла жанчына-пастар. Роспіс праходзіў па часе штата Юта, а ў маладых у гэты час была глыбокая ноч: у Дзяніса ў Вільні — 2:15 ночы, у Вадзіма ў Варшаве — 1:15.
Маладыя людзі разам ужо больш за 10 гадоў, але не хаваюць, што распісаліся цяпер, каб вырашыць пытанне з легалізацыяй.
Пасля вызвалення ў 2024 годзе Вадзім выехаў з Беларусі ў Польшчу, дзе папрасіў пра міжнародную абарону. Ягоны партнёр папрасіў прытулку ў Літве ў 2025 годзе. З-за бюракратычных абмежаванняў, звязаных з Дублінскім рэгламентам, пара не можа ўз'яднацца: еўрапейскае права патрабуе, каб запыт на прытулак разглядаўся ў першай краіне ўезду ў ЕС.
Польшча не прызнае аднаполыя шлюбы нават тады, калі яны былі заключаныя за мяжой. Але ў некаторых выпадках, у тым ліку пры падачы дакументаў на міжнародную абарону, факт сумеснага жыцця і партнёрства можа быць улічаны як сацыяльная і сямейная сувязь. Цяпер у пары ёсць дакумент, які гэта пацвярджае.
Папулярны блогер Vadimati правёў тры гады ў калоніі за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Тэрмін ён адбываў у так званым нізкім статусе — для гэтага сілавікі спецыяльна распаўсюджвалі інфармацыю пра яго сэксуальны кантакт з мужчынам. Вызваліўшыся, Вадзім перанёс аперацыю па выдаленні злаякаснай пухліны і здолеў пераехаць у Польшчу. Цяпер ён чакае рашэння па міжнароднай абароне ў гэтай краіне.
Блогер Vadimati: Маё «пакаяннае» відэа сілавікі здымалі тры разы. І нічога не выйшла
Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стукалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё
«Мы для іх — мяса». Палітвязень выйшаў з меланомай, ён ускладае віну на начальніцу санчасці і прымусовае галенне галавы
Каментары