Расійскі акцёр Міхаіл Яфрэмаў, які забіў чалавека ў ДТЗ, выходзіць на волю
Падчас зняволення Яфрэмаў нават звяртаўся з просьбай, каб яго ўзялі танкістам на вайну ва Украіне.

Аляксееўскі раённы суд Белгарадскай вобласці прыняў рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні акцёра Міхаіла Яфрэмава, які адбываў пакаранне ў ПК-4 у горадзе Аляксееўка, піша Shot.
Трагічная аварыя з удзелам Яфрэмава адбылася 8 чэрвеня 2020 года на Смаленскай плошчы ў Маскве. П’яны акцёр, знаходзячыся за рулём Jeep Grand Cherokee, урэзаўся ў Lada Granta, якой кіраваў 57-гадовы Міхаіл Захараў. У выніку сутыкнення Захараў загінуў. У верасні таго ж года Яфрэмава асудзілі на восем гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Падчас знаходжання ў зняволенні акцёр неаднаразова прасіў аб змякчэнні пакарання, сцвярджаючы, што яго жыццё «дало трэшчыну». За гэты час ён стаў уласнікам дзвюх кватэр, атрыманых у спадчыну ад дзядзькі-канцэртмайстра — агульным коштам каля 80 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 930 тысяч даляраў). Адна з іх была абяцаная сям’і, якая 19 гадоў даглядала ягонага дзядзьку.
Яфрэмаў і яго адвакаты неаднаразова падавалі хадайніцтвы на УДВ, аднак ранейшыя спробы былі безвыніковымі — у тым ліку з-за таго, што ў яго знаходзілі смартфон. Гэта стала падставай для адмовы ў вызваленні. Акрамя таго, пасля гучнай заявы Яфрэмава пра тое, што ён нібыта плануе «жудасны варушняк» па ўсёй Белгарадскай вобласці пасля вызвалення, у калоніі распачалася маштабная праверка.
Падчас зняволення Яфрэмаў нават звяртаўся з просьбай, каб яго ўзялі танкістам на вайну ва Украіне.
Цяпер жа артыст рыхтуецца да выхаду на волю. Што далей — пакажа час.
Каментары