Ад Антарктыды адкалоўся велізарны айсберг. Навукоўцаў уразіла, што аказалася пад ім
Ракападобныя, слімакі, чарвякі і рыбы — гэта толькі частка істот, якіх даследчыкі глыбакаводдзя выявілі пад масіўнай антарктычнай ледзяной плітой, піша The Washington Post.

Калі 13 студзеня ад ледзянога шчыта адкалоўся гіганцкі айсберг даўжынёй каля 30 кіламетраў, навукоўцы якраз працавалі каля ўзбярэжжа Антарктыды. Ім адкрыўся ўчастак акіяна, які не бачыў сонечнага святла дзесяцігоддзямі.
Каманда, якая знаходзілася на борце даследчага судна Falkor (too), вырашыла абследаваць марское дно ў зоне, якая толькі што агалілася. Да гэтага моманту ніводзін чалавек не вывучаў гэтую частку глыбокага мора.
«Гэта адзін з тых выпадкаў, калі кідаеш усё, чым займаешся», — расказала галоўная навуковая супрацоўніца экспедыцыі Патрысія Эскетэ.
Аднак першапачаткова чаканні былі невялікімі: навукоўцы не думалі, што пад такім тоўстым ледзяным покрывам магло быць багатае жыццё.

Але тое, што каманда выявіла пад айсбергам, іх здзівіла: гіганцкія марскія павукі, васьміногі, ледзяныя рыбы, каралы і губкі, у тым ліку губка ў форме вазы, узрост якой, магчыма, дасягае некалькіх сотняў гадоў. Даследчыкі лічаць, што змогуць апісаць дзясяткі новых для навукі відаў.
«Мы былі сапраўды здзіўленыя тым, наколькі разнастайнай і багатай аказалася экасістэма там, унізе», — сказала Эскетэ, даследчыца з Універсітэта Авейру ў Партугаліі.
Адкрыццё, абвешчанае ў чацвер, не толькі пацвярджае, што жыццё здольнае пранікнуць у самыя аддаленыя куткі планеты — нават пад дрэйфуючымі ледавікамі, — але і дае важную навуковую базу для разумення таго, як глыбакаводныя экасістэмы могуць змяняцца на фоне глабальнага пацяплення.
«Яны аказаліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час і змаглі ўбачыць цэлую экасістэму», — сказала Джэціка Вірмані, кіраўніца некамерцыйнага інстытута Schmidt Ocean Institute, які падтрымаў даследаванне.
Падчас экспедыцыі, якая доўжылася каля месяца, даследчыкі з дапамогай дыстанцыйна кіраванага апарата здымалі відэа, рабілі фатаграфіі і збіралі ўзоры са дна ў самых глыбокіх зонах каля берагоў Антарктыды.
Каманда таксама вывучыла аддаленыя раёны мора Белінсгаўзэна, якія знаходзяцца далей ад ледзянога шчыта. Сярод патэнцыйна новых відаў — ракападобныя, марскія слімакі, чарвякі і рыбы.

Спатрэбяцца месяцы лабараторных даследаванняў, каб пацвердзіць адкрыццё новых відаў.
«Большая частка працы пачынаецца толькі цяпер», — падкрэсліла Патрысія Эскетэ.
Пасля леташняй экспедыцыі ля ўзбярэжжа Чылі навукоўцы з таго самага інстытута апісалі больш за 70 новых відаў, у тым ліку крабаў-пустэльнікаў і марскіх слімакоў, раней невядомых навуцы.
У выпадку з Антарктыдай найбольшая загадка — не ў нейкай канкрэтнай істоце, а ў цэлай экасістэме: як увогуле пад такім масіўным пластом лёду можа існаваць такое багатае жыццё?
У іншых частках акіяна харчаванне для насельнікаў марскога дна забяспечваюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — іх рэшткі асядаюць на дно. Але пад цёмным антарктычным лёдам такога не адбываецца.
Замест гэтага пажыўныя рэчывы, відаць, прыносяцца акіянскімі плынямі, талымі водамі ледавікоў ці іншымі яшчэ не да канца вывучанымі крыніцамі.
«Цяпер гэта стала найважнейшым напрамкам навуковых даследаванняў дзякуючы зробленаму адкрыццю», — адзначыла Вірмані.
Эскетэ спадзяецца вярнуцца ў гэты раён, каб вывучыць, як будзе мяняцца жыццё пад участкам акіяна, вызваленым ад лёду, што дапаможа зразумець, як можа змяняцца глыбакаводнае жыццё ў палярных рэгіёнах па меры пацяплення клімату і актыўнага адколвання айсбергаў у Антарктыдзе і іншых месцах.
Найбуйнейшы ў свеце айсберг сеў на мель каля берагоў Антарктыды
Хлопец, якога заглынуў кіт, расказаў, як яму ўдалося выжыць
Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды
Паглядзіце фота ўпершыню выяўленага глыбакаводнага васьмінога і яго чароўных іншапланетных дзяцей
Як ракавіны ператвараюцца ў золата. Вустрыц цяпер не проста гадуюць
Каментары