Грамадства1212

У Асіповічах імкліва разбудоўваюць інфраструктуру. Імаверна, для расійскай ядзернай зброі

Улады Беларусі імкліва разбудоўваюць вайсковую інфраструктуру ў Асіповічах, сведчыць аналіз спадарожнікавых здымкаў. Паводле абарончых экспертаў, менавіта тут могуць размясціць расійскую ядзерную зброю. Пра гэта — у расследаванні «Свабоды».

Photo: Image © 2025 Planet Labs PBC (RFE/RL Graphics)

Асіповічы — горад у Магілёўскай вобласьці з насельніцтвам 29 тысяч чалавек за 100 кілямэтраў ад Менску і за 190 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Гэта буйны чыгуначны вузел, які злучае беларускую сталіцу адразу з двума абласнымі цэнтрамі — Гомлем і Магілёвам — у кірунках Украіны і Расеі.

У горадзе і побач зь ім знаходзяцца адразу некалькі вайсковых аб’ектаў, зьвязаных з артылерыяй і ракетнымі войскамі. Гэтае месца прыцягнула да сябе ўвагу грамадзкасьці пасьля заяваў Пуціна і Лукашэнкі аб перадачы Беларусі сучаснага расейскага ракетнага комплексу «Іскандэр» і стратэгічнай ядзернай зброі. Экспэрты пагаджаюцца ў думцы, што і тое, і другое можа размясьціцца менавіта тут.

Аналіз спадарожнікавых здымкаў,здзейснены «Свабодай», паказвае, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне вайсковая інфраструктура пад Асіповічамі разбудоўваецца яшчэ больш. Адразу ў некалькіх месцах тут ідзе будаўніцтва і абнаўленьне казармаў, складоў захоўваньня зброі, магчымых новых ангараў для «Іскандэраў» і іншай спэцыяльнай тэхнікі. Будуецца асобная чыгуначная каляіна, якая будзе злучаць усё гэта паміж сабою.

Свабода атрымала і прааналізавала разам з экспэртамі сьвежыя спадарожнікавыя здымкі, зробленыя кампаніяй Planet Labs у лютым 2025 году, а таксама інфармацыю ў адкрытым доступе, каб зразумець, што ўсё гэта можа значыць.

«Іскандэр» — расейскі апэратыўна-тактычны ракетны комплекс (АТРК). Яго асноўнае прызначэньне — нанясеньне дакладных удараў па ключавых аб’ектах праціўніка, часам пры гэтым абароненых сродкамі супрацьпаветранай абароны (камандныя пункты і вузлы сувязі, аэрадромы, аб’екты інфраструктуры, канцэнтрацыі войскаў і тэхнікі і так далей). Афіцыйны радыюс дзеяньня ракет «Іскандэр-М» — да 500 км. Гэта значыць, ракеты, разьмешчаныя ў Беларусі, могуць пагражаць практычна ўсёй тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама большай частцы тэрыторыі Ўкраіны.

Будаўніцтва ў Асіповічах

Улады Беларусі называюць Асіповічы «сталіцай артылерыі». У самім горадзе ў гэты момант знаходзяцца прынамсі тры вайсковыя брыгады, зьвязаныя з гэтым родам войскаў: 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада, 336-я рэактыўная артылерыйская брыгада і 465-я ракетная брыгада.

Ракетны комплекс «Іскандэр-М», здольны выкарыстоўваць ядзерныя боегалоўкі, імаверна, знаходзіцца на ўзбраеньні 465-й ракетнай брыгады. У Беларусь завезьлі як мінімум два дывізіёны такіх комплексаў — такую інфармацыю агучыў Лукашэнка ў лютым 2024 году.

Машыны з ракетнага комплексу «Іскандэр» на асіповцкім вайсковым палігоне, 1 лютага 2023 года

Стандартны склад дывізіёну «Іскандэр-М» расейскай арміі ўключае ў сябе 2 ракетныя батарэі — каля 12 баявых машын рознага тыпу прызначэньня (камандна-штабная машына, машына жыцьцезабесьпячэньня, самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі, транспартна-зараджальная машына, рухомы пункт рыхтаваньня інфармацыі і машына рэглямэнту і тэхнічнага абслугоўваньня). То бок два дывізіёны Беларусі — гэта прыкладна 24 вайсковыя машыны, 8 зь якіх нясуць на сабе ракеты.

Самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі комплексу «Іскандэр-М» каля першага пабудаванага для іх ангара на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. 30 жніўня 2023 году

Пад такую колькасьць машын у асіповіцкай вайсковай частцы № 12147 з кастрычніка 2022 году пачалі будаваць новыя ангары. Адзін зь іх узьвялі летам 2023-га, а з восені 2023 году заклалі падмуркі яшчэ двух. Паводле нашых падлікаў, адзін ангар зьмяшчае ў сабе адзін дывізіён «Іскандэр-М». Гэта азначае, што ў асіповіцкай вайсковай частцы цяпер можна будзе разьмясьціць тры такія дывізіёны, што фактычна будзе складаць новую поўную вайсковую брыгаду. Яна можа стаць ужо чацьвёртай у Асіповічах.

Спадарожнікавы здымак Асіповічаў за 25 лютага 2025 году, які атрымала Свабода, сьведчыць, што будаўнічыя працы на тэрыторыі вайсковай часткі на фінальнай стадыі. Акрамя дадатковых ангараў для «Іскандэраў», зь ліпеня 2023 году тут пабудавалі тры будынкі-сховішчы для вайсковых машын і маёмасьці, зрабілі рэканструкцыю закінутага будынка казармы, складу і адміністрацыйнага будынка, а таксама разьмясьцілі спартовы комплекс з паўнавартасным футбольным полем.

Абноўленыя і пабудаваныя з 2023 году аб’екты на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. Здымак 25 лютага 2025 году

Таксама ў паўночна-заходняй частцы Асіповічаў, на былой тэрыторыі вайсковай часткі, будуюць адразу некалькі вышынных шматкватэрных дамоў і новую вялікую школу з стадыёнам. Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol раней публікавала інфармацыю пра тое, што прынамсі два дамы пад адрасамі вуліца Крыловіча, 32 і Крыловіча, 34 будуе «Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў Беларусі». Згодна з апублікаваным BelPol дакумэнтам, усе працы адбываюцца на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 289с ад 20 верасьня 2023 году ў кароткія тэрміны.

14 сакавіка 2025 году Асіповіцкі раёны выканаўчы камітэт паведаміў, што ключы ад 72 кватэр у доме на вуліцы Крыловіча, 32 ужо перадалі вайскоўцам. Дом назвалі «арэндным» і падначаленым Міністэрству абароны Беларусі. У доме, як паведамляецца, «будуць жыць прадстаўнікі ўсіх вайсковых частак і падразьдзяленьняў Асіповіцкага гарнізону».

Параўнальны каляж. Зьлева — спадарожнікавы здымак пусткі на тэрыторыі былога вайсковага мястэчка ў паўночна-заходняй частцы Асіповічаў, справа — спадарожнікавы здымак таго ж месца, але ўжо з новапабудаванымі шматпавярховымі дамамі і школай са стадыёнам

1405-я артылерыйская база боепрыпасаў

За 12 км ад гораду і месца захоўваньня «Іскандэраў» знаходзіцца 1405-я артылерыйская база боепрыпасаў (вайсковая частка 42707), дзе, паводле інфармацыі выданьня The New York Times, а таксама Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў, можа рыхтавацца сховішча для ядзерных боегаловак.

На спадарожнікавым здымку кампаніі Planet Labs за 24 лютага 2025 году, які атрымала Свабода, заўважныя зьмены адразу ў некалькіх месцах тэрыторыі гэтай вайсковай часткі. За два апошнія гады тут пабудавалі новыя аб’екты, рэканструявалі старыя.

Абноўленыя і наноў пабудаваныя аб’екты на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў. Спадарожнікавы здымак 24 лютага 2025 году

Так, прыкладна з пачатку сакавіка 2023 году, у паўночнай частцы вайсковай базы пачаліся будаўнічыя працы. На гэтым месцы спачатку высеклі частку лесу, пасьля зьявілася трохузроўневая агароджа на пэрымэтры, унутры яе ўзьвялі і рэканструявалі некалькі пабудоваў, усталявалі нешта падобнае да вежы сувязі ці маланкаадводу.

Гэта адбылося амаль адначасова з заявай Уладзіміра Пуціна 25 сакавіка 2023 году аб тым, што Расея разьмесьціць сваю тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Паводле яго словаў, будаўніцтва сховішча для яе ў Беларусі плянавалася завяршыць 1 ліпеня 2023 году. Апошні раз пра наяўнасьць на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі Аляксандар Лукашэнка заяўляў 10 сьнежня 2024 году, але ніякіх доказаў сваім словам чарговы раз не прывёў:

«Я сюды завёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук. Многія пішуць: «А, гэта жарт, ніхто нічога ня ўвёз». Увезьлі. А тое, што яны гавораць, што гэта жарт, значыць, яны празявалі. Яны нават не заўважылі, як мы сюды іх завезьлі».

У публікацыі Фэдэрацыі амэрыканскіх вучоных менавіта гэтае месца экспэрты назвалі ў 2023 годзе найбольш падобным да месца для захоўваньня расейскай ядзернай зброі. Пра гэта, паводле экспэртаў, могуць сьведчыць аналягічная для такіх жа аб’ектаў у Расеі структура разьмяшчэньня будынкаў, спэцыяльная трохузроўневая агароджа, магчымы кантрольна-прапускны пункт.

Акрамя таго, менавіта ў гэтым месцы, паводле словаў Уільяма Альбэрка, дырэктара аналітычнага цэнтру «Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў» (IISS), супрацоўніка Пэнтагону і NATO, у часы «халоднай вайны» магла захоўвацца ядзерная зброя. Зь яго словаў, якія прыводзіць выданьне NYT, у Асіповічах і ваколіцах Савецкі Саюз пачаў базаваць ракетна-ядзерныя брыгады ў 1960-х гадах. У самім горадзе тады разьмяшчаўся вайсковы падразьдзел, які займаўся кіраваньнем імі.

Спадарожнікавы здымак паўночнай часткі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў за 12 км ад Асіповічаў, дзе можа будавацца сховішча для расейскай тактычнай ядзернай зброі. 24 лютага 2025 году

Пры ўезьдзе на тэрыторыю 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў, у яе заходняй частцы, зь вясны 2023 году рэканструявалі некалькі будынкаў, у тым ліку штаб, а таксама ўзьвялі тры будынкі, два зь якіх, падобна, казармы. Гэта бачна на спадарожнікавым здымку 24 лютага 2025 году, што атрымала Свабода.

Гэтая інфармацыя пацьвярджаецца праведзенымі зь лютага 2023 году дзяржаўнымі тэндэрамі на будаўнічыя працы, што мы знайшлі на сайце дзяржаўных закупаў. Так, пазначана, што на тэрыторыі часткі падлягалі аднаўленьню старая казарма, памяшканьне варты, будынак клюбу, склад, лазьня, а таксама павець для 24 адзінак спэцыяльнай тэхнікі. Тут жа два скасаваныя тэндэры на пабудову дзьвюх модульных казармаў на 120 чалавек, памеры і форма якіх цалкам супадаюць з тымі, што мы бачым на спадарожнікавым здымку. То бок іх усё ж маглі пабудаваць, але, магчыма, ня коштам дзяржаўнага бюджэту, а зь нейкай іншай крыніцы фінансаваньня.

Cхема модульнай казармы на 120 чалавек, якую плянавалі пабудаваць на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў пад Асіповічамі, з сайту дзяржаўных закупаў

Пабудова прынамсі дзьвюх казармаў азначае, што асабовы склад часткі можа быць павялічаны да 240 чалавек.

Аналіз спадарожнікавых здымкаў паказвае таксама, што з чэрвеня 2023 году ў вайсковай частцы для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны насыпалі два вялікія земляныя ўзгоркі. Яны вышэйшыя за будынкі казармаў.

Пабудаваныя казармы і земляныя насыпы для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў пад Асіповічамі

Дзяржаўныя тэндэры таксама паказваюць, што «Бабруйскае эксплюатацыйнае ўпраўленьне Ўзброеных сілаў» закупляла для гэтай вайсковай часткі ў 2024 годзе рознага тыпу трываласьці бэтон, друз, арматуру, тратуарную плітку, бардзюры, вокны, дзьверы, агароджу, два маланкаадводы вышынёй 25 мэтраў. Была закупленая сыстэма аховы пэрымэтру «Рэльеф-2». На сайце вытворцы такія сыстэмы апісваюцца так:

«Выкарыстоўваюцца для арганізацыі другога рубяжу аховы на аб’ектах з падвышанымі патрабаваньнямі да бясьпекі, такіх як турмы, хімічныя вытворчасьці, атамныя станцыі, вайсковыя і выбухованебясьпечныя аб’екты».

Чыгунка

Да вайсковай базы падводзяць асобную чыгунку, якая будзе зьвязваць 1405-ю артылерыйскую базу боепрыпасаў з Асіповічамі, дзе знаходзяцца «Іскандэры». Для гэтага будуюць асобнае адгалінаваньне ад чыгуначнай лініі Асіповічы — Магілёў. На спадарожнікавым здымку бачна, што для пракладкі дарогі ў лесе ўжо зробленая прасека, ідуць земляныя працы, закладзеныя падмуркі пагрузачных плятформаў унутры базы.

Імаверна, для пагрузачных плятформаў «Бабруйскае эксплюатацыйнае ўпраўленьне Ўзброеных сілаў» закупляе цяпер праз дзяржаўныя тэндэры дзьве электрычныя талі (падвесныя краны) грузападымальнасьцю 3,2 тоны і вышынёй пад’ёму 6 мэтраў кожны.

Пабудова плятформаў на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў і чыгункі да іх

Чыгунку пачалі будаваць у канцы лета 2024 году. Але пляны яе пабудовы вайскоўцы маглі мець даўно, сьцвярджаецца ў дакумэнтах, атрыманых BelPol. У апублікаваным аб’яднаньнем былых сілавікоў будаўнічым праекце чыгункі, зробленым арганізацыяй «ТрансСаюзПраект» ў 2020 годзе на замову «Бабруйскага эксплюатацыйнага ўпраўленьня Ўзброеных сілаў», паведамляецца:

«Будаўніцтва аб’екту адбываецца ў мэтах выкананьня праграмы Саюзнай дзяржавы «Удасканаленьне аб’ектаў вайсковай інфраструктуры, якія плянуюцца для сумеснага выкарыстаньня ў інтарэсах забесьпячэньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, зацьверджанай Пастановай Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 8.12.2017 № 46».

Скрыншот будаўнічага праекту, зробленага арганізацыяй «ТрансСаюзПраект» у 2020 годзе на замову «Бабруйскага эксплюатацыйнага ўпраўленьня Ўзброеных сілаў», апублікаваны BelPol

Сама праграма так званай Саюзнай дзяржавы падпісаная ў 2017 годзе ў Гомлі з разьлікам на тры гады (2018—2021). Зьвесткі пра яе выдаленыя з сайту інфармацыйна-аналітычнага парталу Саюзнай дзяржавы, але захаваліся ў архіве.

Заяўленае фінансаваньне — сродкі бюджэту Саюзнай дзяржавы ў памеры 12 мільярдаў расейскіх рублёў (прыкладна 200 мільёнаў даляраў). У рамках яе павінна было адбыцца «ўдасканаленьне» аб’ектаў авіяцыйнай інфраструктуры, базаў захоўваньня ўзбраеньня, «інфраструктуры тылу».

Апублікаваны BelPol будаўнічы праект кампаніі «ТрансСаюзПраект» падрабязна апісвае дэталі будучай чыгункі «неагульнага карыстаньня» ад прыпынку Гарожа да тэрыторыі вайсковай часткі № 42707″. Тут пазначана, што, акрамя самой дарогі, пры гэтым павінны быць пабудаваныя:

  • разьезд на «перагоне Асіповічы-2 — Ялізава ў раёне прыпынку Гарожа»
  • 4 пагрузачна-разгрузачныя плятформы адкрытага і закрытага тыпу
  • заезныя/выязныя брамы ў «вонкавай і ўнутранай драцяных агароджах»
  • павінна быць абсталяванае месца для разьезду цягнікоў з дагляднай пляцоўкай за 600 мэтраў ад вайсковай базы для магчымасьці абгону лякаматыва і яго дагляду
  • памяшканьне для варты на 8 чалавек
  • сыстэмы радыёсувязі, відэаназіраньня і сыгналізацыі
  • камунікацыі
  • і іншае.

Кошт будаўніцтва — амаль 27 мільёнаў беларускіх рублёў (на той момант каля 10 мільёнаў даляраў).

Як бачна, будаўніцтва не пачалося ў названыя тэрміны. Яго маглі перанесьці. Пра гэта сьведчыць іншы дакумэнт, апублікаваны арганізацыяй BelPol. Ён датаваны 2023 годам і падпісаны кіраўніком арганізацыі капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў Беларусі палкоўнікам Аляксандрам Будзянковым. У ім пазначаны новы тэрмін завяршэньня пабудовы чыгуначных шляхоў з усёй прылеглай інфраструктурай — 2024 год. Крыніца фінансаваньня — пазабюджэтныя сродкі Міністэрства абароны.

«Участак для ёднай прафіляктыкі»

У адным з дадаткаў да праекту пазначаны ў разьмешчанай непадалёк вёсцы Малая Гарожа ўчастак для «ёднай прафіляктыкі». Такая прафіляктыка — адна з абавязковых мераў дапамогі людзям, якія ў выпадку радыяцыйнай аварыі знаходзяцца паблізу атамнай электрастанцыі ці месца выбуху ядзернай зброі. У пералік аб’ектаў пад пагрозай радыяцыйнай небясьпекі трапляюць, згодна з пастановай беларускіх міністэрства здароўя і міністэрства надзвычайных сытуацыяў, 100-кілямэтровыя зоны вакол Астравецкай, Ігналінскай, Чарнобыльскай, Ровенскай і Смаленскай атамных станцыяў. Асіповічы не трапляюць ні ў адну зь іх.

12 верасьня 2024 году на тэрыторыі 1405-й базы боепрыпасаў яе кіраўнік падпалкоўнік Валеры Кузьмін віншаваў сваіх супрацоўнікаў з днём заснаваньня вайсковай часткі. У сацыяльных сетках мы знайшлі фатаздымак гэтай падзеі. На ім бачны абноўлены будынак штабу, на якім вісіць індыкатар са значэньнем радыяцыйнага фону на вайсковай базе — 0,09 мкЗв/г.

Фатаздымак зроблены каля абноўленага штабу 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў 12 верасьня 2024 году, на сьцяне вісіць табло са значэньнем велічыні радыяцыйнага фону. Побач унізе зьлева — «індыкатар-сыгналізатар» з каталёгу «Атамтэх»

У каталёгу прадукцыі беларускай кампаніі «Атамтэх», якая займаецца вытворчасьцю абсталяваньня для радыяцыянага кантролю, мы знайшлі такую прыладу пад назвай «індыкатар-сыгналізатар СРК-АТ2327 з інфармацыйным табло».

Як указана ў апісаньні ад вытворцы, прызначэньне прылады — «маніторынг радыяцыйнай абстаноўкі на радыяцыйна адчувальных і радыяцыйна небясьпечных аб’ектах і тэрыторыях».

Дакладна такія ж індыкатары-сыгналізатары СРК-АТ2327 з 2020 году вайскоўцы ў Беларусі закуплялі толькі для 8-й брыгады радыяцыйнай бясьпекі, хімічнай і біялягічнай абароны, а таксама для вайсковай часткі № 7434, якая абараняе Астравецкую АЭС.

На фатаздымку, што Свабода знайшла ў адкрытым доступе ў сацыяльных сетках (візуальнае сьведчаньне мае рэдакцыя РС), гэты індыкатар не працаваў у кастрычніку 2023 году, пасьля мадэрнізацыі штабу. На іншым здымку, у кастрычніку 2024 году, ён ужо паказвае значэньні радыяцыйнага фону.

Свабода папрасіла пракамэнтаваць гэты факт былога беларускага вайскоўца (ён пажадаў застацца ананімным), які праходзіў службу ў савецкай арміі ў часы, калі ў Беларусі знаходзілася ядзерная зброя, і амаль 20 гадоў — ужо ў часы незалежнасьці. Ён узгадвае, што ў савецкі час Асіповічы таксама былі моцным артылерыйска-ракетным цэнтрам, у горадзе дысьлякаваліся адразу 5 вайсковых брыгадаў. У адной зь іх ён нейкі час праходзіў службу. У той час за 20 кілямэтраў ад гораду, у вёсцы Лапічы, дзе і цяпер месьціцца вайсковы гарадок, знаходзіліся ядзерныя ракеты.

Са словаў суразмоўцы Свабоды, дазымэтар звычайна знаходзіцца на посьце ў кожнага дзяжурнага ў вайсковай частцы. Таму ён ня бачыць у гэтым чагосьці незвычайнага. Набыцьцё гэтага новага дазымэтра СРК-АТ2327 у пэўныя асобныя вайсковыя часткі можа тлумачыцца тым, што на большасьці астатніх аб’ектаў дагэтуль працуюць яшчэ савецкія дазымэтры, якія спраўляюцца з сваёй задачай. На яго думку, новыя дазымэтры могуць ставіць у новыя ці сьвежа рэканструяваныя вайсковыя часткі.

Але наяўнасьць участку ёднай прафіляктыкі паблізу 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў, з словаў вайскоўца, не зусім звычайная практыка. Раней такія ўчасткі разьмяшчалі толькі каля «асаблівых» месцаў, дзе мог адбыцца менавіта ядзерны выбух.

Што можа азначаць разбудова вайсковай інфраструктуры пад Асіповічамі?

Конрад Музыка, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца дасьледаваньнем і аналізам бясьпекі на постсавецкай прасторы, адзначае ў камэнтары Свабодзе, што Беларусь мадэрнізуе свой патэнцыял захоўваньня і разгортваньня ракетных комплексаў «Іскандэр».

»Іскандэры» — гэта больш высокатэхналягічная сыстэма, чым «Точка», якая патрабуе інакшых намаганьняў для яе падтрыманьня, таму той факт, што мадэрнізуецца сховішча, дзе могуць захоўваюцца боегалоўкі для «Іскандэраў», звычайныя боегалоўкі і, што больш важна, ядзерныя боегалоўкі, — гэта важная падзея, — адзначае вайсковы аналітык. — Бо, як мне здаецца, яна пацьвярджае, што менавіта гэтае сховішча будзе абслугоўваць «Іскандэры»».

Конрад Музыка зьвяртае таксама ўвагу, як запэўніваюць бясьпеку вайсковай базы: «Пабудова пляцовак, якія ўзвышаюцца над зямлёю, указвае, што яны будуць разьмяшчаць сродкі супрацьпаветранай абароны, а гэта, у сваю чаргу, сьведчыць, што гэта сапраўды месца павышанага інтарэсу і што Беларусь зробіць шмат, каб абараніць яго ад ракетных удараў».

Аўтамабілі комплексу «Іскандэр» з ракетамі на іх, на якія наляпілі значкі радыяактыўнай небясьпекі, падчас параду 3 ліпеня 2024 году ў Менску. Скрыншот відэа БЕЛТА

Экспэрт бачыць некалькі прычынаў, чаму менавіта Асіповічы становяцца моцным вайсковым цэнтрам у Беларусі, чаму беларускія ўлады інвэстуюць у яго разьвіцьцё і, магчыма, менавіта тут плянуюць размясьціць расейскую ядзерную зброю.

Так, на яго думку, тут ужо раней была створаная зручная інфраструктура для артылерыстаў і ракетных войскаў. А блізкасьць разьмяшчэньня сховішча, дзе тэарэтычна могуць захоўвацца ядзерныя боегалоўкі, і «Іскандэраў», якія могуць гэтую зброю несьці, застаецца вельмі важным фактарам. Пабудова чыгункі яшчэ больш удасканальвае гэты працэс і робіць яго больш хуткім і простым.

Вайсковец у машыне кіраваньня ракетным комплексам «Іскандэр». Здымак Міністэрства абароны Беларусі 1 лютага 2023 года

Свабода ня мае пацьверджаньня, што на вайсковай базе № 1405 пад Асіповічамі на гэты момант захоўваецца ядзерная зброя. Але пра тое, што тут ужо цяпер могуць знаходзіцца каля 20 расейскіх вайскоўцаў, паведамляла ў лютым 2025 году дзяржаўнае ўкраінскае інфармацыйнае агенства «Укрінформ» з спасылкай на свае крыніцы.

Конрад Музыка ў камэнтары Свабодзе адзначыў, што абслугоўваньне і захоўваньне ядзерных боегаловак ня можа адбывацца без удзелу расейскіх вайскоўцаў: «Усё, ад захаваньня да перамяшчэньня і далучэньня ядзернай боегалоўкі да ракеты, усё гэта робіць 12-е галоўнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Расеі».

Экспэрт кажа, што немагчыма далей прадказаць, як можа пашырацца прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. Найбольш пільна ён раіць назіраць за сумеснымі вучэньнямі дзьвюх краінаў, што пройдуць сёлета ў верасьні.

«Беларускія ўзброеныя сілы ў значнай ступені інтэграваныя ў расейскія з гледзішча камандаваньня і кіраваньня аб’яднанай групоўкай войскаў. Расея бачыць Беларусь перадавым лягістычным цэнтрам для супрацьдзеяньня пагрозам з Захаду. У Беларусі мы налічылі 30 розных сховішчаў. На іх захоўваецца ўсё — ад прадуктаў харчаваньня да ніжняй бялізны, уніформы, артылерыйскіх і танкавых боепрыпасаў, ракет, паліва. Гэта тое, што павінна быць нададзена як беларускім, так і расейскім узброеным сілам, калі яны прыбудуць у Беларусь, каб, напрыклад, учыніць напад на Польшчу ці краіны Балтыі».

Каментары12

  • Žvir
    24.03.2025
    Zachadu tre bylo dabivac` impieryju zla ū 1991-m., padtrymlivac` nacyjanaļnyja respubliki dy aūtanomii, niščyc` Kramlioūskuju neabaļšavickuju Ardu. Prafukali. Ciapier vyjšli na novy zavitok, ciapier Arda ūsich na skraj stavic`. Davajcie, budujcie treci North Stream, i vazicie Pucinu piva, jaho liubimaje, z Rastoku...
  • На кім трымаецца сістэма?
    24.03.2025
    Можа гэта ненармальныя якія з парушэннямі псіхікі робляць? Каму з асіпаўчан патрэбна ядзерная зброя ў горадзе?
  • Цiкава
    24.03.2025
    Хто ж гэта там працуе на "развiццi"? Не можа быць, каб нашы. Мабыць, iзноў завезлi з рф. Як у 2020 росгвардыю (нашы ж хлопчыкi вясковыя ня могуць суайчаннiкаў катаваць).

Цяпер чытаюць

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Усе навіны →
Усе навіны

Мікрапластык спрыяе распаўсюджванню супербактэрый, устойлівых да антыбіётыкаў

Сёння — Дзень Волі. 107 гадоў таму беларусы ўпершыню абвясцілі незалежнасць2

Блогер паказаў, як пераварыў самы гнілы «Фальксваген Гольф» у Беларусі3

Перамовы Расіі і ЗША ў Эр-Рыядзе завяршыліся, пра вынікі паведамяць заўтра2

У Мінску за апошнія суткі выпалі дзве траціны месячнай нормы ападкаў2

Разам з прапагандыстам Федарчаком загінулі яшчэ два прадстаўнікі расійскіх СМІ11

Блогер Vadimati распісаўся анлайн са сваім партнёрам, з якім разам ужо больш за 10 гадоў14

Расія на перамовах у Саудаўскай Аравіі патрабуе ўсю тэрыторыю чатырох украінскіх абласцей21

У «Мінск-Свеце» вырашылі пытанне з аплатай за шыльды на дамах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць