Галоўная трэнерка зборнай Расіі па мастацкай гімнастыцы ідзе ў адстаўку. Раней СМІ паведамілі пра яе канфлікт з Алінай Кабаевай
Галоўная трэнерка зборнай РФ па мастацкай гімнастыцы Ірына Вінер абвясціла пра адстаўку. Раней BBC распавядала пра яе канфлікт з былой вучаніцай, а цяпер трэнеркай, а таксама імавернай палюбоўніцай Пуціна Алінай Кабаевай.

«Мастацкая гімнастыка — гэта маё жыццё, і я шчаслівая, што змагла зрабіць свой унёсак у развіццё гэтага цудоўнага віду спорту. Аднак я прыняла рашэнне сысці ў адстаўку», — гаворыцца ў заяве трэнеркі.
Вінер не ўдакладніла прычыну адстаўкі. Яна дадала, што перад ёй стаіць «новая, не менш важная задача — не проста выхоўваць чэмпіёнаў, а перадаваць назапашаны вопыт трэнерам, якія будуць рыхтаваць будучыя пакаленні зорак».
У канцы студзеня Руская служба Бі-бі-сі распавядала пра канфлікт Вінер з гімнасткай Алінай Кабаевай.
Кабаева, адна з самых закрытых ад грамадства прадстаўнікоў расійскай эліты, у апошнія месяцы вярнулася ў публічнае поле. Былая спартсменка, якую называюць спадарожніцай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, актыўна развівае сваю акадэмію мастацкай гімнастыкі «Нябесная грацыя».
Акадэміі Кабаевай дазволілі зацвярджаць свой уласны каляндар спаборніцтваў, праводзіць турніры па сваіх правілах і па сваім меркаванні ўзнагароджваць вучняў і трэнераў спартыўнымі званнямі. Акрамя таго, яе спартсменкі могуць удзельнічаць у спаборніцтвах асобна ад нацыянальных федэрацый і выязджаць на турніры ў Еўропу. «Такіх паўнамоцтваў няма ні ў адной спартыўнай школы краіны», — адзначаюць аўтары матэрыялу.

Праца акадэміі, мяркуючы па ўсім, стала прычынай канфлікту Кабаевой з Вінер, якая больш за 20 гадоў вызначала лёс расійскай мастацкай гімнастыкі і зрабіла зорку з Кабаевай, піша ВВС.
Каментары