Такая сустрэча можа змяніць сусветны парадак.

У чацвер Дональд Трамп прадставіў незвычайнае бачанне сусветнага парадку, разважаючы пра трохбаковую сустрэчу з расійскім і кітайскім лідарамі ўсяго праз дзень пасля таго, як ён заявіў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб пачатку мірных перамоў па Украіне, паведамляе Голас Амерыкі.
У той час як Кіеў і еўрапейскія сталіцы ўсё яшчэ шакаваныя нечаканым званком Трампа Пуціну, прэзідэнт ЗША таксама заявіў, што ён «хацеў бы» вярнуць Расію ў G7, з якой яе выключылі ў 2014 годзе пасля анексіі Масквой Крымскага паўвострава.
«Я думаю, што было памылкай яго выганяць», — сказаў Трамп журналістам у Авальным кабінеце, маючы на ўвазе Пуціна.
Трамп, які на сваім другім тэрміне прэзентуе сябе як глабальнага міратворца, таксама падкрэсліў, што разгледзіць магчымасць правядзення саміту з Пуціным і Сі Цзіньпінам, «калі ўсё супакоіцца».
«Калі мы ўсё ўладкуем, я хачу, каб адна з маіх першых сустрэч адбылася са старшынём КНР Сі і кіраўніком Расіі Пуціным. І я хачу ім сказаць: давайце скароцім наш ваенны бюджэт напалову», — адзначыў амерыканскі прэзідэнт.
Прэзідэнт ЗША, які прымаў у чацвер прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі ў Белым доме, таксама заклікаў тры дзяржавы пачаць скарачэнне сваіх ядзерных арсеналаў.
«У нас няма прычын ствараць зусім новую ядзерную зброю», — дадаў ён.
Дональд Трамп настойваў і на тым, што кіраўнік Расіі хоча спынення агню з Кіевам, нягледзячы на тое, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер папярэдзіў амерыканскага прэзідэнта, што таму не варта давяраць крэмлёўскаму лідару.
«Я думаю, што ён хоча міру. Я думаю, што ён сказаў бы мне, калі б не хацеў», — сказаў Трамп.
Трамп зрабіў гэтыя заявы пасля падпісання планаў па ўвядзенні комплексных «ўзаемных тарыфаў», якія могуць ударыць як па канкурэнтах, так і па саюзніках.
Каментары
Зараз Трамп хоча ўзнагародзіць Пуціна за вялікую агрэсію.
Пуцін хоча не спынення вайны, не міру, Пуцін хоча капітуляцыі Украіны і Захаду.