Грамадства1818

Лукашэнка хоча пабудаваць другую АЭС на патрэбы Расіі і акупаваных украінскіх тэрыторый. Але яго чакае сюрпрыз

Энергію другой АЭС Лукашэнка хоча прадаваць у Бранскую вобласць і «новыя рэгіёны РФ» — акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. Яўген Макарчук, спецыяліст аддзела энергетычнай бяспекі міжнароднай ініцыятывы iSANS, пракаментаваў «Нашай Ніве» новую ідэю Лукашэнкі, а таксама патлумачыў, чаму першая АЭС у Астраўцы ўсё яшчэ не зрушыла сітуацыю з залежнасцю ад расійскіх энергарэсурсаў. 

«У Расіі няма недахопу электраэнергіі. Там ёсць атамныя станцыі, іх дастаткова»

На думку Яўгена Макарчука, надзеі ўладаў — марныя. 

Расіі і акупаваным ёй украінскім тэрыторыям энергія ад другой атамнай станцыі не спатрэбіцца, бо ёсць свае крыніцы, якіх цалкам дастаткова.

«Другая прычына — вялікая адлегласць. Калі Беларусь не можа прадаць электраэнергію ў Смаленскую вобласць, то як перадасць яе ў Растоўскую, напрыклад, ці на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі?

Калі глянуць на мапу, то мы ўбачым, што Расія фактычна акупавала Запарожскую АЭС, якая зараз не працуе. Але зноў жа, што перашкаджае яе запусціць? Запарожская АЭС, здаецца, разы ў тры магутнейшая за беларускую. Калі ўявіць, што будзе падпісанае мірнае пагадненне, то чаму б яе тады не выкарыстоўваць?» — кажа ён.

Прыдумляюць, куды дзець электраэнергію ад першай АЭС, на якую няма спажыўцоў

З пункту гледжання энергетыкі Беларусі яшчэ адна атамная станцыя не патрэбная. 

«У краіне праходзіць кампанія па павелічэнні спажывання электраэнергіі сярод насельніцтва на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Для гэтага ўведзены вельмі нізкія, субсідаваныя тарыфы, — тлумачыць Яўген Макарчук.

— Гэта робіцца для таго, каб інтэграваць першую АЭС у энергасістэму Беларусі. Фактычна для яе штучна ствараюць попыт на электраэнергію. Такім чынам прыдумляюць, куды дзець электраэнергію, на якую няма спажыўцоў. Калі іх няма ў першай АЭС, то навошта другая?»

Аляксандр Лукашэнка адкрыў урачыста АЭС 7 лістапада 2020 года. Фота: president.gov.by

Падобна, што запыт на пабудову атамнай станцыі сыходзіць выключна ад Адміністрацыі Лукашэнкі ці самога палітыка. Выглядае, што беларускія энергетыкі не ў захапленні ад гэтай ідэі. З боку Расіі пабудову новай АЭС падтрымлівае «Расатам» — кампанія, якая будавала ў Беларусі першую «атамку» ў Астраўцы. 

«На гэтым будаўніцтве яны заробяць грошы, а потым на пастаўках паліва, — кажа Яўген. — Для іх не важна, што будаваць і дзе будаваць. Супрацьстаіць гэтай ідэі Міністэрства энергетыкі, якое разумее, якія праблемы будуць у беларускай энергасістэме пасля будаўніцтва другой АЭС. Яны кажуць, што спачатку трэба паглядзець, хто будзе выкарыстоўваць гэту энергію. Вось Лукашэнка і знайшоў іх — тэрыторыі, акупаваныя Расіяй. Але ж у Расіі няма недахопу электраэнергіі. Там ужо ёсць атамныя станцыі, іх дастаткова». 

«Еўропа можа перадаваць электраэнергію па ўсім кантыненце»

Беларуская энергасістэма мае тэхнічныя магчымасці прытоку энергіі толькі з Расіі. Украіна адлучылася ад яе на пачатку поўнамаштабнага ўварвання, Літва гэта зрабіла ў лютым 2025-га. 

Ці магла б яшчэ адна АЭС выцесніць расійскі газ і чаму першая «атамка» яшчэ не зрушыла сітуацыю з залежнасцю ад расійскіх энергарэсурсаў?

«Першая АЭС прывяла да скарачэння спажывання прыроднага газу з Расіі. Гэта нельга адмаўляць. Але скараціць спажыванне газу яшчэ больш за кошт другой АЭС наўрад ці атрымаецца. Калі ёсць электрастанцыі на газе, якія могуць быць замешчаны на атамную энергію, то будаўніцтва другой атамнай станцыі дазволіла б замясціць газ. Але такіх станцый няма.

Атамная энергія не можа замяніць электраэнергію з ЦЭЦ (цеплаэлектрацэнтралей, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энергію адначасова), бо тады спажыўцы цеплавой энергіі застануцца без ацяплення. А газавыя электрастанцыі зараз і так працуюць на мінімальных магутнасцях, у гэтым праблема», — тлумачыць ён. 

У ЕС каля чвэрці энергіі выпрацоўваецца з дапамогай АЭС, больш за палову гэтай долі — у Францыі. Усяго ў 13 з 27 краін-членаў Еўрасаюзу працуюць 103 рэактары. 

«У Францыі ёсць побач шмат краін, якім яна можа аддаваць энергію, напрыклад, у Германію, дзе няма АЭС, тут шырокі рынак. Асабліва ноччу, калі значна падае спажыванне электраэнергіі, можна прадаваць па нізкім кошце. Увогуле Еўропа можа перадаваць электраэнергію па ўсім кантыненце. 

Польшча збіраецца пабудаваць чатыры блокі, але ў іх энергасістэма значна большая за беларускую. То бок тут пытанне ў тым, што ёсць нейкі пэўны памер магутнасці АЭС, які можна ўсталяваць у энергасістэму, каб пры гэтым замясціць іншае паліва і каб сістэма засталася нармальна працаваць. Беларуская АЭС ужо перавысіла гэты памер. Асаблівасць атамнай у тым, што яна не змяняе магутнасць. Калі ў нас спажыванне зніжаецца, электрастанцыя павінна скарачаць сваю вытворчасць, а АЭС гэтага рабіць не можа. 

Ёсць яшчэ, канешне, такі момант, што яны гавораць пра будаўніцтва атамнай станцыі, але ніхто не кажа пра запуск новага блока раней за 2035 год (з улікам, што яна 10 гадоў будуецца). Дапусцім, да гэтага часу ўзрасце электраспажыванне на столькі, што гэты блок будзе добра ўпісаны. Але даць гарантыю, што настолькі вырасце спажыванне электраэнергіі, ніхто не можа. Праблема інтэграцыі першай АЭС з’явілася таму, што прагноз электраспажывання на 2020 год быў 47 мільярдаў кілават гадзін, а па факце аказалася 40», — падсумоўвае ён.

Каментары18

  • chill
    16.03.2025
    Нязгоды з апошнім сказам. Прагнозы аб тым, што няма спажыўцоў былі да пачатку будаўніцтва. І нават разлікі аб тым, што пасля ўводу АЭС электрычнасць падаражэе. Але хто іх слухаў?
  • 3) ДАМОВІЦЦА ПАМІЖ САБОЙ/Спыніць грамадзянскую вайну , Размаўляць Ў ХАЦЕ РОДНАЙ МОВАЙ
    16.03.2025
    гэта пітч дзеля ватнікаў (эмпэрцаў) , ідэя не благая , цікава тут ёсць эксперты , чаму ў Кітаю не набыць рэактар ?

    стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы:
    Стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы Беларусі на цяперашнім гістарычным этапе:
    1) Ацалець як нацыі і зберагчы нашу дзяржаву Беларусь.
    2) Не даць зацягнуць Беларусь у чужую вайну.
    3) ДАМОВІЦЦА ПАМІЖ САБОЙ/Спыніць грамадзянскую вайну , Размаўляць Ў ХАЦЕ РОДНАЙ МОВАЙ
    4) змагацца з імперый 7/24
  • Рукатвар
    16.03.2025
    Сюрпрыз чакае такіх вось "экспертаў", калі яны паглядзяць на статыстыку сусветнага росту спажывання энергіі - кожны год +5% у бліжэйшыя гады, далей увогуле з новымі тэхналогіямі можа быць і болей. Пасаж пра "як перадаваць энэргію" увогуле фэйспалміць!
    І Еўропа прыбяжыць да дыктатара, калі ўлада зменіцца і Фіцы-Орбаны стануць мэйнстрымам.
    Таму ня трэба лухту наўпроставую пісаць па відавочным тэмам.

Цяпер чытаюць

«Нечым трэба заўсёды ахвяраваць. Мне прыйшлося ахвяраваць сям'ёй»: сын Іны Афанасьевай пра павароты лёсу11

«Нечым трэба заўсёды ахвяраваць. Мне прыйшлося ахвяраваць сям'ёй»: сын Іны Афанасьевай пра павароты лёсу

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння ноччу Еўропа і Украіна пяройдуць на летні час. Ці трэба пераводзіць стрэлкі беларусам?8

МУС Польшчы: Анжаліка Мельнікава знаходзіцца за межамі Польшчы ўжо некалькі тыдняў2

На пажары ў Асіповіцкім раёне загінула 90-гадовая пара

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады51

«€1000 за паслугі агентаў — гэта ўжо норма». Што зараз адбываецца з шэнгенам і на што ідуць беларусы дзеля візы3

Зніклы ў Баранавічах 10-гадовы хлопчык знойдзены, пошукі ішлі ўсю ноч

Візіт Вэнса ў Грэнландыю: віцэ-прэзідэнт ЗША распавёў пра пагрозы з боку Расіі і паабяцаў не ўжываць сілу1

У Мінску створаць першы атрад народнага апалчэння6

У Каардынацыйнай радзе новы спікер пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нечым трэба заўсёды ахвяраваць. Мне прыйшлося ахвяраваць сям'ёй»: сын Іны Афанасьевай пра павароты лёсу11

«Нечым трэба заўсёды ахвяраваць. Мне прыйшлося ахвяраваць сям'ёй»: сын Іны Афанасьевай пра павароты лёсу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць