Польскія прадпрымальнікі хочуць зладзіць па Беластоку жалобны марш. Усё праз закрытыя пункты на мяжы з Беларуссю
Прадпрымальнікі з Падляшша рыхтуюць акцыю супраць закрыцця памежных пераходаў «Баброўнікі» і «Кузніца» (з беларускага боку — «Бераставіца» і «Брузгі»).

29 сакавіка яны плануюць прайсці маршам па цэнтры Беластока — у цішыні, якая будзе сімвалізаваць смутак. Такім чынам яны хочуць прыцягнуць увагу ўладаў да праблем рэгіянальнага гандлю, які раней у значнай ступені арыентаваўся на беларусаў, піша Most.
Прадпрымальнікі адзначаюць, што ў Люблінскім ваяводстве пасажырскі пункт пропуску «Тарэспаль» працягвае працаваць. Таму ў гэтым рэгіёне рознічны гандаль расце.
Пазоў супраць дзяржавы
Гэта не першая спроба прадпрымальнікаў звярнуць увагу на скарачэнне абароту пасля страты беларускіх кліентаў. У лютым 2025 года бізнэсоўцы з аб’яднання «Прадпрымальніцкі Усход» (Przedsiębiorczy Wschód) абвясцілі, што рыхтуюць калектыўны пазоў супраць польскай дзяржавы з-за закрыцця пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Яны мяркуюць, што сваімі дзеяннямі ўрад абмежаваў іхнюю свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці, і дамагаюцца кампенсацыі страчанай выгады.
Страты Падляшша толькі на няздзейсненых беларускіх пакупках яны ацэньваюць у 800 мільёнаў злотых у год (192 млн еўра).
Нагадаем, рух праз «Кузніцу» быў прыпынены на нявызначаны тэрмін у лістападзе 2021 года падчас крызісу з нелегаламі, а праз «Баброўнікі» — у лютым 2023 года, адразу пасля вынясення прысуду журналісту Анджэю Пачобуту.
Каментары