«У той дзень усе па-беларуску размаўлялі». Былыя палітвязні расказалі, як адзначалі Дзень Волі за кратамі
Дзень Волі застаецца асаблівай датай для многіх беларусаў нават у турэмных сценах і калоніях, дзе любое праяўленне салідарнасці можа стаць падставай для пакарання. Нягледзячы на рызыкі пераследу і ціск з боку адміністрацыі, некаторыя палітзняволеныя знаходзілі магчымасці выказаць сваю павагу да ідэалаў незалежнасці і свабоды. Былыя палітзняволеныя расказалі «Вясне», як знаходзілі спосабы нават за кратамі адзначыць угодкі абвяшчэння незалежнай вольнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

«На стале расклалі сурвэткі, на якія паклалі бел-чырвона-белую пасцілу»
Актывістка Ірына Шчасная сустрэла ў няволі чатыры Дня Волі — з 2021-га і па 2024-ы год. Найбольш запамінальным і адметным быў першы год зняволення ў засценках СІЗА № 1:

Ірына Шчасная. Фота: «Белсат»
«Гэта была «Валадарка», камера № 86. Там была я, Ксенія Луцкіна, іншыя палітычныя дзяўчаты, а таксама так званая «мнагакратніца», якая ўжо шмат гадоў сядзела па артыкулах за забойства, і жанчына, якая сядзела за нясплату аліментаў.
Мы з дзяўчатамі вырашылі, што гэтае свята трэба адзначаць. Ва ўмовах «Валадаркі» гэта было складана неяк зрабіць, але ж мы прыдумалі. Мы вырашылі, калі 25-га сакавіка а восьмай раніцы прыйдзе праверка, мы ўсе будзем стаяць у белых цішотках. У мяне была майка з беларускім арнаментам, студэнтка Янка Арабейка намалявала і зрабіла ўсім кветкі для валасоў.
Тая жанчына-рэцэдывістка, якая шмат гадоў прасядзела і ў Рэчыцы, і ў Гомелі [у калоніях № 4 і № 24], казала: «Дзеўкі, колькі сяджу, такога не бачыла! На што вы мяне падпісваеце?!» А тая жанчына, якая сядзела за аліменты, была вельмі спітай і нават не ўсведамляла, што адбываецца. Апроч гэтага, мы перагрукваліся з суседнімі камерамі і казалі пра тое, што неабходна святкаваць Дзень Волі.
І вось дзень Х настаў: а восьмай раніцы ў камеру заходзіць праверка, а мы ўсе стаім у белых цішотках, нехта з арнаментам, усе з кветкамі ў валасах. На стале мы расклалі белыя сурвэткі, на якія паклалі знакамітую бел-чырвона-белую пасцілу.
Але нам трапілася дурная змена — да нас прыйшоў вельмі паскудны карпусны. Калі ён гэта ўсё пабачыў, пачаў крычаць, хто гэта прыдумаў, навошта мы гэта робім. Потым проста зачыніў дзверы з грукатам. Нам прызначылі пакаранне — мы ўвесь дзень цягалі свае рэчы па калідорах СІЗА. А ўвечары нашу камеру раскідалі па розных іншых, таму што ім не спадабалася ў нас гэтае свята».
Узгадала Ірына і наступны Дзень Волі, які яна сустрэла ўжо ў гомельскай калоніі № 4:
«Не ведаю, ці супадзенне, ці наўмысна прыйшлі два супрацоўнікі аператыўнага аддзела Зюзін і Ганчароў і зладзілі бясчынства з маімі рэчамі. Яны скінулі ўсе мае рэчы ў адзіную кучу. Ім было не важна, ці то былі сігарэты, ці то пракладкі, ці то лісты, ці то ежа. Проста ўсе мае рэчы ператварыліся ў вялікую кучу. Я глядзела на гэта і ў мяне цяклі слёзы, я не ведала, як мне разабраць усе свае рэчы».
«У той дзень усе па-беларуску размаўлялі»
Музыка Алесь Папковіч у калоніі № 3 адзначыў два Дні Волі — у 2023-м і 2024-м:

Алесь Папковіч. Фота: «Белсат»
«У 2023-м Дзень Волі выпаў на суботу. Памятаю, быў вельмі напружаны дзень. Тады ў нас мусілі быць званкі родным, але іх забаранілі, бо баяліся, можа там недзе людзі на пратэсты выходзяць…
Наогул, у падобныя дні, як у гадавіну выбараў 9 жніўня, напружана ўсё. Там усе палітвязні на параноі, нервова ставяцца да ўсяго, хаваюцца, нават паміж сабой некаторыя баяліся камунікаваць. Такія абставіны цяжкія, таму камусьці і не Дня Волі… Я аднойчы нават забыўся на свой Дзень народзінаў там!
У 2024-м атрымалася неяк адзначыць. Можа, гэта было не 25-га, а 26-га, але ўсё адно папілі гарбаты са зняволенымі за Дзень Волі. На пытанні кантралёраў мы адказвалі, што адзначаем кагосьці дзень народзінаў. У аднаго нават была бел-чырвона-белая пасціла.
У той дзень усе па-беларуску размаўлялі, бо так размаўляць у калоніі на беларускай мове небяспечна. Прыемна, што было шмат свядомых людзей, яны імкнуцца да беларускасці, для іх сапраўды гэта важны дзень. Былі людзі, з якімі можна было пагаварыць і за гісторыю, і пра ўсё…
Людзі, калі трапляюць у такія ўмовы, больш пачынаюць цікавіцца гэтым усім. У калоніі ў бібліятэцы была кніга Міхаіла Галдзянкова «Страчаная Русь» — і ўсе чыталі гісторыю Беларусі, праўда, у інтэрпрэтацыі гэтага гісторыка. Сітуацыя цяжкая, але неяк спрабавалі гэтыя дні адзначыць».
Алесь звяртае ўвагу, што ўмовы ўтрымання ў калоніі ў многім залежаць ад атрада, у якім ты апынуўся.
«У СІЗА мы рабілі выгляд, што п'ем за свята»
Асуджаная па «справе студэнтаў» выкладчыца Вольга Філатчанкава таксама святкавала Дзень Волі ў няволі. Яна ўзгадала самыя яскравыя моманты:

Вольга Філатчанкава. Фота: «Радыё Свабода»
«У СІЗА ў 2021 годзе мы рабілі выгляд, што п'ем за свята. Мы бралі рознакаляровыя жэлейныя цукеркі «Шалёная пчолка». Чырвоненькія — гэта было віно, зялёныя — абсэнт, нешта яшчэ — чача. Чокаліся і пілі нібыта.
Насамрэч, з «Валадаркі» шмат каго перакінулі на Жодзіна акурат перад Днём Волі, таму было крыху сумна. І яшчэ прыслухоўваліся на прагулцы да гукаў звонку, гадалі: ці выйшлі людзі?
А ў 2022 годзе я ўжо была на зоне. Там, канешне, віншавалі адна адну ў так званым жоўтым кружочку ці ў атрадзе. Вядома, шэптам, каб ніхто з непатрэбных не чуў. Тыя, хто быў у 2021-м яшчэ на волі, узгадвалі, што людзі ўсё ж выйшлі ў Мінску. Але ў 2022 годзе акурат у той час амаль усю павестку займала вайна ва Украіне, таму гэтая тэма і на Дзень Волі больш абмяркоўвалася.
Памятаю, большасць верыла, што прыйдзе час і мы ўсе выйдзем з нашымі любімымі бел-чырвона-белымі сцягамі на 25 сакавіка і адзначым, як мае быць. Але ніхто нават і падумаць тады не мог, што выходзіць давядзецца ў іншых краінах…»
«Дастаў тарты і расказаў пра Дзень Волі»
Былы палітзняволены Леў (імя зменена ў мэтах бяспекі) расказаў пра Дзень Волі ў брэсцкім СІЗА № 7 у 2021 годзе:
«Яшчэ днём 24 сакавіка я пачаў гатаваць тарты на Дзень Волі, загадзя закупіўшы вафельныя каржы і згушчонку ў атаварцы.
Мая камера была не палітычная, акрамя мяне з палітычных былі толькі каментатар па «справе Зельцара» і пенсіянер, астатнія — «п'янае стырно», наркотыкі, крадзеж, аліменты і г.д. Мяне закінулі ў камеру да тых людзей, якім нічога не перадавалі сваякі.
Я правёў лікбез па Дню Волі, бо пра яго ведаў толькі я, нягледзячы на тое, што ў камеры яшчэ былі палітычныя.
У гэты дзень адзін з сукамернікаў (правакатар і стукач), у ходзе размовы з прадольным міліцыянерам, які прасіў не ляжаць на ложку, паслаў апошняга дарогай «рускага карабля». Прадольны, не расчуўшы дарогу, запытаў у іншага сукамерніка, што той сказаў. І пачуў яшчэ раз, што вязень паслаў прадольнага да «рускага карабля».
Прадольны пастаяў троху каля дзвярэй з сумным выглядам і пайшоў кудысьці на паўгадзіны. Праз пэўны час рэзка адчыняюцца дзверы і ў камеру заходзяць міліцыянеры з дубінкамі і сабакам. Ідэнтыфікаваўшы, хто размаўляў з прадольным, яго выводзяць з камеры і пачынаюць біць, каб уся астатняя камера гэтага не бачыла, але чула.
У ходзе біцця гэты правакатар гаворыць пра тое, што гэта не ён паслаў прадольнага, а іншы сукамернік, што было няпраўдай. У выніку выводзяць усю камеру і пачынаюць біць іншага хлусліва названага сукамерніка. Я перажываю за тарты і думаю, што зараз я магу зарабіць сабе арт. 364 КК (заўв. — гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), бо буду біць у адказ, але да мяне чарга не дайшла — адміністрацыя спынілася на двух вышэйназваных сукамерніках.
У такой атмасферы мы сустрэлі 25 сакавіка. Сюды дадаліся абставіны, што праз Дзень Волі адміністрацыя СІЗА па загаду Дэпартамента выканання пакаранняў забараніла сядзець на нарах, бо нібыта гэта забаронена ПУР. Гэта прайшло бы незаўважна, калі б не тое, што ў камеры не было лаўкі. То-бок нам нават каб паесці трэба было садзіцца на нары, бо іншага варыянту не было.
Нам дазволілі садзіцца на нары толькі падчас абеду і вячэры, у астатні час мы павінны былі стаяць. Мне гэта надакучыла і я прадольнаму паведаміў, што гэта катаванне, і я саджуся на нары. Ён патлумачыў, што ў іх ёсць ШІЗА. Я сказаў, што я там ужо быў, і што там ёсць хоць лаўка і можна не адкладаць і ўжо цяпер мяне туды весці, на што ён дадаў, што застаўся самы маленькі і горшы ШІЗА — з цвіллю і без акна. Я сказаў, што я і там ужо сядзеў і мяне гэта не страшыць. Прадольны пайшоў за тлумачэннямі да адміністрацыі.
У выніку дазволілі сядзець не больш тром чалавекам на нарах, а астатнія павінны стаяць — і так мяняцца. Я сказаў, што я буду сядзець на нарах, а астатнія могуць далучыцца да мяне і ігнорыць гэтую лічбу ў тры чалавекі. Не ўсе жадаюць у камеры супраціўляцца адміністрацыі і некаторыя пагаджаюцца так стаяць, без лішніх пытанняў.
Але, паглядзеўшы на мяне, з цягам часу селі на нары ўсе. Потым я дастаў тарты, якія захаваліся ў такіх абставінах, зноў расказаў пра Дзень Волі, правёў экзамены на веданне таго, што я сказаў, і дазволіў пачаставацца маімі тартамі ўсёй камерай».
Каментары