Супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі завялі новую крымінальную справу
Следчы камітэт Беларусі завочна завёў чарговую крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» супраць праваабаронцы і былога палітвязня, асуджанага да пяці гадоў калоніі, Леаніда Судаленкі, паведамляе @Mayday.

26 сакавіка па месцы рэгістрацыі ў Гомелі прыйшлі некалькі сілавікоў і пракурор, каб скласці акт аб яго адсутнасці дома. Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа супраць праваабаронцы.
Праваабаронца лічыць, што ягоны пераслед — гэта прыклад таго, як рэжым спрабуе прымусіць замаўчаць тых, хто адстойвае свабоду і справядлівасць:
«Я буду працягваць працу на міжнароднай арэне і звяртацца да ўсяго свету ў змаганні з рэжымам, які парушае правы і свабоды беларусаў. Да тэрміна ў пяць гадоў мне хочуць дадаць яшчэ сем, а потым так і да 30 магчымых у Беларусі год пазбаўлення волі, але гэтым мяне ўжо не спыніць, бо мае перакананні ў праўдзе».
Гэта ўжо трэцяя справа супраць Судаленкі. У лістападзе 2021 года ён быў асуджаны на тры гады, а пасля вызвалення з'ехаў з Беларусі, аднак рэпрэсіі супраць яго не спыніліся.
У 2024 годзе праваабаронцу завочна прысудзілі яшчэ да 5 гадоў.
Каментары