«Людзі глядзелі на мяне з нямым жахам». Беларускі айцішнік лячыўся ў Польшчы п'яўкамі, а потым у яго пачаўся крывацёк
Беларускі айцішнік Георгій Качаноўскі, заснавальнік стартапа ScootAPI, пагадзіўся на нестандартнае лячэнне — п'яўкамі. Так ён хацеў справіцца з запаленнем лімфавузла. Усё прайшло добра, але потым пачаўся моцны крывацёк. Сваім досведам ён падзяліўся ў фэйсбуку, заўважыў Most.

Незвычайныя працэдуры і практыкаванні Георгій робіць у рамках праекта Gen150. Гэта супольнасць энтузіястаў, якія імкнуцца падоўжыць сярэднюю працягласць жыцця да 150 гадоў.
Падставай для тэрапіі стала запаленне лімфавузла за вухам. Гэта здарылася пасля пералёту з Сан-Францыска ў Еўропу.
Ужо ў Польшчы Георгій адправіўся да свайго лекара, спецыяліста па кітайскай медыцыне і акупунктуры — гэта форма альтэрнатыўнай медыцыны, асноўным кампанентам якой з'яўляецца іглаўколванне. Ён і прапанаваў Георгію гірудатэрапію — лячэнне медыцынскімі п'яўкамі.
«Прызнаюся, я крыху збянтэжыўся. Але доктар паказаў мне вынікі даследавання сліны ягоных п'явак з лабараторыі: аказваецца, сліна гэтых стварэнняў змяшчае ўнікальныя гаючыя рэчывы, здольныя аздараўляць арганізм», — расказаў у сацсетцы беларус.
«Спачатку кроў злёгку праточвалася. Потым — капала»
Спачатку Георгій пагадзіўся на дзвюх п'явак. Але доктар патлумачыў, што «важна апрацаваць суседнія лімфавузлы для ачысткі сістэмы», — і ў выніку за вухам апынуліся тры.
«Сама працэдура аказалася… цікавай. Спачатку — лёгкі боль, калі п'яўкі ўпіваюцца. Але праз пару хвілін іх сліна абязбольвае, і далей працуе як мясцовая анестэзія», — апісаў адчуванні мужчына.
Працэдура прайшла паспяхова. Доктар заклеіў ранкі пластырамі, і Георгій выправіўся па сваіх справах па Кракаве. Сустрэў жонку, узяў у яе малодшую дачку ў вазку, удваіх з малой яны зайшлі паабедаць у індыйскую кавярню. Там мужчыну і стаў турбаваць крывацёк.
«Спачатку кроў злёгку праточвалася. Потым — капала. Афіцыянт-індыец з трывогай у голасе перапытваў некалькі разоў: «Сэр, вы ў парадку?» Я яго супакойваў, што ўсё добра, і выціраў кроў з павязкі сурвэткамі».
На зваротным шляху сітуацыя не палепшылася.
«У трамваі людзі саступалі месца і глядзелі на мяне з нямым жахам — мабыць, думалі, што мне нядоўга засталося і што Дана без пяці хвілін сіротка ў вазку», — іранізуе Георгій.


«Патрэбен больш сучасны спосаб клопату пра лімфасістэму»
У той дзень да сям'і прыехалі госці. Пабачыўшы гаспадара ў крыві, яны аслупянелі. Паколькі кроў ужо закапала падлогу і мэблю, Георгій вырашыў сесці ў ванну — каб яна сцякала ў ваду. Так яе, прынамсі, не даводзілася адціраць адусюль. Жонку, якая вярнулася дахаты, такая карціна напалохала.
«Скрываўлены муж сядзіць у крывава-чырвонай вадзе, пры гэтым кроў цячэ з шыі. Аня міжволі ўскрыкнула і рука аўтаматычна закрыла рот. Пры гэтым я ўсміхаўся і змог супакоіць жонку, што са мной усё ў парадку. Праз 3,5 гадзіны кроў спынілася. Жонка заклеіла ранкі пластырам».
Георгій прызнаецца, што «адчуваў лёгкую слабасць, але ў цэлым — прыліў энергіі, як пасля галадання».
«Галоўная выснова для мяне ў гэтай гісторыі: патрэбен больш сучасны спосаб клопату пра лімфасістэму і крывяносную сістэму».
Вопыт іншых карыстальнікаў: «У цэлым працоўны метад»
Хоць многіх карыстальнікаў сацсеткі такая тэрапія шакавала, некаторыя дзяліліся сваім вопытам лячэння п'яўкамі.
«У сліне п'явак змяшчаецца вялікая колькасць рэчываў, пачынаючы ад тых, што зніжаюць згусальнасць крыві, заканчваючы тымі, што дзейнічаюць як апіяты. Асабіста мяне штырыла пасля такіх сеансаў. Цудоўнае пачуццё эйфарыі. З вынікаў: пасля кавіду былі праблемы са згусальнасцю, пасля курсу п'явак гэта прайшло. У цэлым працоўны метад, калі не хочацца жэрці таблеткі. І так, кроў хвошча потым ад 4 да 12 гадзін, кроў у такім выпадку — гэта нармальна. Мне параілі наляпляць падгузнікі, яны добра ўсмоктвалі. Увогуле, прыкладна на суткі выпадаеш з актыўнага жыцця», — напісала адна з падпісчыц.
«Я б ставіла адну [п'яўку], потым праз дзень яшчэ адну. І так разоў сем. Тры штукі першы раз — гэта вялікі стрэс. Кроў магла цячы да 24 гадзін», — выказала меркаванне іншая, адзначыўшы, што ў Польшчы п'яўкі прадаюцца свабодна.
Гамеапатыю і іншыя метады нетрадыцыйнай медыцыны дагэтуль уключаюць у пералік платных паслуг у дзяржаўных клініках
Гэты маленькі звярок можа раскрыць сакрэт барацьбы са старэннем
Чаму падлеткі-дзяўчаты часцей пакутуюць на дэпрэсію: вучоныя знайшлі магчымае тлумачэнне ў мозгу
Вучоныя знайшлі, як зрабіць ЭКА больш выніковым — з дапамогай цукру
Каментары