Патап расказаў, як даўно яны з Насцяй Каменскіх не выступаюць у Расіі і чаму больш не будзе песень па-руску
Украінскі спявак і прадзюсар Аляксей Патапенка, больш вядомы як удзельнік дуэта «Патап і Насця», падзяліўся таксама, чаму яму дазваляюць выязджаць з Украіны і як запісаў песню па-іспанску на 170 мільёнаў праглядаў.

Дуэт з Кіева «Патап і Насця» (Аляксей Патапенка і Насця Каменскіх) больш за 10 гадоў выпускаў суперхіты і быў вельмі папулярным у Беларусі, Украіне і Расіі. У 2017-м праект закрыўся, з тых часоў Насця будуе сольную кар'еру і спрабуе скараць лацінаамерыканскі рынак. Ёй дапамагае Патап — прадзюсар і муж. 24 лютага 2022 года пара сустрэла не ва Украіне і з таго часу жыве на некалькі краін, за што іх рэгулярна крытыкуюць на радзіме.
Патап даў вялікае інтэрв'ю Юрыю Дудзю. Прыводзім некаторыя цікавыя моманты.
Дзе сустрэў пачатак вайны
24 лютага 2022 года, калі пачалася поўнамаштабная ваенная інтэрвенцыя Расіі ва Украіну, Патап разам з Насцяй знаходзіўся ў Мадрыдзе, там яны запісвалі песню для новага альбома спявачкі.
«У 5.45 я ўжо не спаў, таму што быў увесь час на званках. І толькі першая ракета патрапіла ў жылы дом горада Кіева, вось з гэтай кропкі кардынальна змянілася жыццё ва ўсіх украінцаў і ў мяне таксама. (…) Не ведаў і не думаў, і ніколі не меркаваў, што давядзецца пачынаць жыццё з самага пачатку ў 40 гадоў. Калі ўсё падлічана, калі ў цябе заўтра канцэрт. Усё проста ператварылася ў страшны сон у гэты момант. (…)
Пасля гэтага паўтара месяца апраметнай цемры, калі ты не ведаеш, куды бегчы і што будзе далей. Выступаеш, спяваеш, збіраеш грошы, перадаеш. Бронекамізэлькі, армія, валанцёры, кантэйнеры. Жыццё ператварылася ў вось такую карусель».
Як адзначае Патап, пасля пачатку вайны ў сваёй дзейнасці яны сталі арыентавацца выключна на замежны рынак. Цяпер, па словах прадзюсара, з актыўнасцей ва Украіне ў яго засталіся дабрачыннасць і дапамога арміі.
Ці праўда, што з'ехаў з Украіны напярэдадні вайны з-за страху
Пагалоскі аб тым, што Патап з Насцяй з'ехалі з Украіны за некалькі дзён да пачатку вайны, таму што спужаліся навін аб падрыхтоўцы нападу, музыка называе хэйтам і расказвае, што на працягу лютага некалькі раз выязджаў з Украіны па працы. Па словах прадзюсара, было вельмі складана арганізаваць запіс песні з кубінскім аўтарам Дэсамерам Буэна, які напісаў хіты для Энрыке Іглесіяса.
«Мы вырвалі тыдзень, знялі студыю ў Мадрыдзе, гатэль і паехалі працаваць. На 25-е ў мяне быў прызначаны канцэрт у Кіеве, і тут бэм — і ўсё. Дзіця ў Кіеве, я тут, гэта быў вельмі складаны момант», — згадвае Патап.

Чаму можа выязджаць з Украіны, калі мужчынам выезд забаронены
Патап працягвае рэгулярна бываць ва Украіне, нягледзячы на тое, што мужчынам забаронена выязджаць. Тлумачыць, што кожны раз яму даводзіцца браць дазвол на выезд, які прадугледжвае яго абавязковае вяртанне:
«Ёсць спосабы, ёсць праграмы, я не ведаю, як правільна сказаць, прадугледжаныя рознымі інстанцыямі, дзе ты можаш атрымаць афіцыйны дазвол на выезд. Гэта не проста. Трэба праходзіць частку бюракратычную. Але я за гэты час выязджаў па розных прычынах праз розныя інстанцыі. Яна (праграма. — НН) прадугледжвае, што я вяртаюся. Таму я і буду вяртацца. Я выязджаю на пэўны тэрмін і вяртаюся».
Прадзюсар спасылаецца на размову, якая ў яго адбылася пасля пачатку вайны з тагачасным галоўнакамандуючым Валерыем Залужным:
«Былі розныя тэмы, а потым адбыўся такі бацькоўскі дыялог. (…) І ён такі па-бацькоўску падышоў, паціснуў мне руку і сказаў: «Дапамагайце фронту. Ваша задача — дапамагаць фронту ўсім, чым можаце».
Патап тлумачыць: ён умее зарабляць музыкай і гэтым можа быць карысным.
«Мы за гэты час з Насцяй, з маёй жонкай, перадалі ў ваенныя валанцёрскія арганізацыі 100 мільёнаў грывен (каля $2,4 млн. — НН)», — дадае прадзюсар і ўдакладняе, што вайна для іх пачалася ў 2014 годзе. І з таго часу яны разам з іншымі артыстамі наведвалі гарачыя кропкі, месцы дыслакацыі арміі.
«Я не пішу на рускай мове. Я сабе забараніў»
Патап згадвае, што ў 2014-м іх дуэт перастаў выступаць у Расіі, але цалкам бізнэс там закрылі ў 2015 годзе:
«Рэч у тым, што мы ж не проста выступалі. У нас была кампанія, якая была арыентавана на гэты рынак. І мы яе пачалі згортваць, як толькі пачалася гісторыя з Крымам. Калі мы зразумелі, што гэта сур'ёзна. (…) Мы пачалі згортваць бізнэс, а гэта дастаткова займае часу. І да 2015 года мы цалкам згарнуліся».
Але, як прызнаецца Патап, у 2017-м яны выступілі з адной песняй па асабістай просьбе на канцэрце Меладзэ. Наста Каменскіх таксама прыязджала для ўдзелу ў праграме Урганта і ўручэння музычнай прэміі.
У кастрычніку 2022 года Патап заявіў, што «выкрасліў для сябе рускую мову назаўсёды» і новых песень ад яго на рускай не будзе.
«Я трымаю сваё абяцанне. Я не пішу на рускай мове. Я магу даць табе інтэрв'ю, я магу адказаць для тваёй аўдыторыі і паказаць украінскую пазіцыю. «Слава Украіне». Але я не пішу на рускай мове. Я сабе забараніў. Гэта мая пазіцыя», —
завіў Патап Юрыю Дудзю і ўдакладніў, што камунікаваць на рускай мове ён не перастаў.
Пра што песня Насці на 170 мільёнаў праглядаў
У свой час дуэт «Патап і Насця» меў на год ад аднаго да пяці мільёнаў даляраў абаротных сродкаў. З іх чысты прыбытак складаў 30 працэнтаў.
У 2017-м праект закрыўся, з тых часоў Насця будуе сольную кар'еру на іспанскай мове. Яе самай папулярнай песняй стала Elefante, якая набрала 170 мільёнаў праглядаў.
Патап згадвае, што гэта была стартавая песня спявачкі для іспанамоўнай аўдыторыі. Ён імкнуўся ў жартаўлівай манеры закрануць тэму сэксу.
«Насця проста прыгожая сэксуальная жанчына. Умее пажартаваць з сябе. Зыходзячы з усяго гэтага, я, не ўмеючы пісаць і зусім не ведаючы іспанскую мову, у Кіеве дома [праз] Google Translate [шукаю] найлепшыя любімыя іспанскія лічылкі. Выявілася — Un elefante, muy elegante. І гэтак далей. (…)
І я думаю: ну, а тут жа можа быць што-небудзь такое? Un elefante, muy elegante. Насця, як будзе вялікі? Largo. А як вялізны? Gigante. (…) La trompa gigante. Хобат гіганцкі. Гэта смешна, гэта класна, гэта цікава. Гэта аснова песні, магчыма».
У выніку на аснове гэтай дзіцячай лічылкі Патап напісаў двухсэнсоўную песню, якая выбухнула.
У Расіі аштрафавалі дыджэя, які ўключыў песню Патапа і Насці Каменскіх падчас навагодняга звароту Пуціна
«Дэўкраінізацыя» расійскай поп-музыкі і яе наступствы
«Беларускі перадоз»: украінскі рэпер Патап абліваецца малаком і чытае «Мой родны кут, як ты мне мілы…»
Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года
Каментары