Маск ужо прапануе Зяленскаму «амністыю ў нейтральнай краіне» ў абмен на «аднаўленне дэмакратыі» ва Украіне
Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск падтрымаў тэзісы пра тое, што прэзідэнт Украіны нібыта не хоча перамоваў аб спыненні вайны, бо баіцца страціць уладу, і высунуў ідэю аб «амністыі» для яго ў абмен на «аднаўленне дэмакратыі ва Украіне», заўважыла «Еўрапейская праўда».

Ілан Маск пракаментаваў паведамленне прыхільніка Дональда Трампа ў сацсетцы X, які назваў прэзідэнта Украіны дыктатарам і выказаў ідэю, што Зяленскі баіцца страціць уладу ў выпадку спынення вайны, таму што пасля прайграе выбары і можа апынуцца ў турме за «адмыванне грошай», таму, маўляў, яму выгадна «далей адпраўляць украінцаў паміраць у гэтай мясарубцы».
Маск перапосціў гэты твіт са сваім каментаром.
True.
As distasteful as it is, Zelensky should be offered some kind of amnesty in a neutral country in exchange for a peaceful transition back to democracy in Ukraine. https://t.co/ZpF6nLIDtw
«Праўда. Як бы непрыемна гэта ні было, Зяленскаму трэба прапанаваць нейкую амністыю ў нейтральнай краіне ў абмен на мірнае аднаўленне дэмакратыі ва Украіне», — напісаў Маск.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, гаворачы аб пагадненні пра завяршэнне вайны ва Украіне, выказаў меркаванне, што ўкраінскі прэзідэнт можа «не пратрымацца вельмі доўга», калі не захоча заключыць мірнае пагадненне.
За апошнія тыдні Трамп некалькі разоў назваў прэзідэнта Украіны дыктатарам і заявіў, што Зяленскі павінен дзейнічаць хутка, калі Украіна хоча выжыць як краіна. Аднак за дзень да візіту Зяленскага ў ЗША Трамп ужо выказаў здзіўленне, што называў Зяленскага дыктатарам.
Каментары