Туск хоча ўзброіць Польшчу: 500 тысяч арміі, абавязковыя вайсковыя зборы для ўсіх і, магчыма, ядзерная зброя
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск расказаў пра планы па радыкальным узмацненні польскай арміі.

Дональд Туск выступіў у Сейме з дакладам пра міжнародную сітуацыю і бяспеку Польшчы. Прэм'ер заклікаў рэзка павялічыць колькасны склад польскай арміі і выйсці з шэрагу міжнародных канвенцый.
Туск заявіў, што Польшчы неабходная паўмільённая армія, уключаючы рэзервістаў. Ён звярнуў увагу, што колькасць украінскай арміі складае 800 тысяч чалавек, а расійскай — 1,3 мільёна.
Для стварэння баяздольнага рэзерву ўлады Польшчы збіраюцца ўвесці абавязковыя вайсковыя курсы для ўсіх мужчын, паведамляе TVN.
«Мне здаецца, калі мы арганізуем гэта разумна, а я гэта пастаянна абмяркоўваю з міністрам нацыянальнай абароны, мы будзем выкарыстоўваць некалькі метадаў. Гэта і рэзервісты, і інтэнсіўная падрыхтоўка, якая дазволіць ператварыць тых, хто не пойдзе ў армію, у паўнавартасных і пастаянных салдат падчас канфлікту.
Вядзецца праца па падрыхтоўцы шырокамаштабнай вайсковай падрыхтоўкі для кожнага дарослага мужчыны ў Польшчы. Жанчыны таксама, але, як мы ведаем, вайна ўсё адно застаецца пераважна мужчынскім заняткам. Кожны здаровы мужчына ў Польшчы павінен імкнуцца трэніравацца, каб мець магчымасць абараняць радзіму ў выпадку неабходнасці», — адзначыў Туск.
Ён дадаў, што размовы пра вяртанне абавязковага прызыву не вядзецца. Сістэму вайсковай падрыхтоўкі павінны распрацаваць да канца года.
Польскі прэм'ер таксама заявіў, што краіна можа выйсці з канвенцый, якія забараняюць прымяненне супрацьпяхотных мін і касетных боепрыпасаў.
«Я папрасіў міністра нацыянальнай абароны прадставіць заключэнне — і я парэкамендую станоўчае заключэнне — аб выхадзе Польшчы з Атаўскай канвенцыі і, магчыма, з Дублінскай канвенцыі», — сказаў Туск.
Кіраўнік урада Польшчы паабяцаў выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для ўзмацнення абароны.
«Мы не будзем ні на каго глядзець, мы не будзем баяцца ніякай крытыкі. Усё, што дапаможа павысіць абараназдольнасць Польшчы, будзе намі рэалізавана і выкарыстана», — дадаў палітык.
Ужо пасля выступлення ў Туска спыталіся: ці азначаюць яго словы тое, што Польшча будзе імкнуцца атрымаць уласную ядзерную зброю, паведамляе wiadomosci.wp.pl.
«Ёсць французская прапанова (пра французскі «ядзерны парасон» у Еўропе — Рэд.). Мы вельмі ўважліва яе аналізуем, бо хочам ведаць падрабязна, што гэта азначае з пункту гледжання кантролю над гэтай зброяй. У брытанцаў сёння праблема, яны не могуць прымяніць сваю ядзерную зброю без удзелу амерыканцаў», — растлумачыў Туск.
Ён адзначыў, што Францыя толькі на ўтрыманне ядзернай зброі траціць 14 мільярдаў долараў у год.
«Таму, калі прымаць такое рашэнне, трэба быць упэўненым, што мы самі вырашаем, калі можам выкарыстаць гэтую зброю», — сказаў Туск.
Прэм'ер Польшчы нагадаў, што Украіна адмовілася ад уласнай ядзернай зброі і «стала ахвярай нападу».
«Сёння зусім ясна, што мы былі б у большай бяспецы, калі б мелі ўласны ядзерны арсенал. У гэтым няма ніякіх сумненняў.
Так ці інакш, шлях да гэтага быў бы доўгім, і па гэтым пытанні неабходна было б дасягнуць згоды. Гэта павінна даць нам пачуццё бяспекі», — адзначыў палітык.
Туск дадаў, што Польшча павінна выкарыстоўваць усе тэхналагічныя і навуковыя магчымасці, супрацоўнічаць з іншымі краінамі, а еўрапейскія сродкі накіраваць на тое, каб пачаць мысліць сучасна.
«Гэта значыць, што мы не будзем купляць усё запар, а будзем старанна адбіраць і старанна набываць толькі самае перадавое», — заявіў прэм'ер.
Пры гэтым ён растлумачыў, што «ніякі варыянт не выключаны».
Дональд Туск заявіў пра неабходнасць узмацнення вайсковага кантынгенту на мяжы з Беларуссю і Расіяй
«Паваротны момант гісторыі»: лідары краін Еўропы сабраліся на саміт па бяспецы і Украіне
Залужны: ЗША руйнуюць сусветны парадак, а Расія прыйдзе па Еўропу
Макрон: Будучыню Еўропы не будуць вызначаць ні ў Вашынгтоне, ні ў Маскве
Каментары