Беларусь больш не ўваходзіць у лік найбуйнейшых экспарцёраў зброі
Паводле новай штогадовай справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI), Беларусь выбыла са спісу 25 найбуйнейшых сусветных экспарцёраў узбраення, піша Reform.news.

Калі ў мінулым годзе SIPRI ацэньваў долю Беларусі ў сусветным экспарце зброі на ўзроўні 0,2% (паводле даных за 2019—2023 гады), то сёлета, паводле справаздачы за 2020—2024 гады, краіна ў гэтым рэйтынгу больш не фігуруе. Пры гэтым Беларусь згадваецца толькі адзін раз — у кантэксце паставак з Расіі.
Згодна з данымі інстытута, 74% расійскага экспарту зброі ў 2020—2024 гадах накіроўвалася ў краіны Азіі і Акіяніі, 12% — у Афрыку, 7,4% — у Еўропу (у тым ліку ў Беларусь, Арменію і Сербію), 6,4% — на Блізкі Усход. Асноўнымі імпарцёрамі расійскай зброі за гэты перыяд сталі Індыя (38%), Кітай (17%) і Казахстан (11%).
У гэты ж час, адзначае выданне, Беларусь атрымала значную колькасць расійскага ўзбраення. Паведамлялася, што на тэрыторыі краіны з’явіліся зенітна-ракетныя комплексы С-400, аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», верталёты Мі-35, знішчальнікі Су-30 і іншая тэхніка.
Сярод найбуйнейшых сусветных экспарцёраў зброі за 2020—2024 гады SIPRI называе ЗША (43% сусветнага рынку), Францыю (9,6%) і Расію (7,8%). Галоўнымі імпарцёрамі за гэты ж перыяд сталі Украіна (8,8%), Індыя (8,3%) і Катар (6,8%).
У справаздачы адзначаецца, што аб’ёмы паставак зброі ў свеце ў 2020—2024 гадах засталіся прыкладна на тым жа самым узроўні, што і ў 2015—2019 і 2010—2014 гадах. Рост імпарту ў Еўропе і Амерыцы быў кампенсаваны зніжэннем у іншых рэгіёнах, але агульны аб’ём экспарту на 18% перавысіў паказчыкі 2005—2009 гадоў.
Асобна падкрэсліваецца, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе як мінімум 35 дзяржаў пастаўлялі ўзбраенне ўкраінскаму боку. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі зброі для Украіны сталі ЗША (45% паставак), Германія (12%) і Польшча (11%).
Таксама адзначаецца, што доля ЗША ў пастаўках зброі еўрапейскім краінам НАТА расце, як і агульны аб’ём закупак узбраенняў у гэтым рэгіёне.
На фоне гэтых тэндэнцый экспарт зброі з Расіі за перыяд з 2015—2019 гадоў да 2020—2024 гадоў скараціўся на 64%. Асабліва прыкметным гэты спад стаў яшчэ да ўварвання ва Украіну — у 2020 і 2021 гадах аб’ёмы расійскага экспарту былі найніжэйшымі за апошнія два дзесяцігоддзі.
Каментары