Кіроўцы ўсё больш незадаволеныя самымі новымі тэхналогіямі ў сваіх аўто
Напрыклад, дзвярнымі ручкамі раней проста адкрывалі дзверы, а цяпер…

Пасля 2020 года вытворцы аўтамабіляў пачалі дадаваць у свае мадэлі інфрачырвоныя прыборы для начнога бачання, сезоннае вонкавае асвятленне, унутраныя «сямейныя камеры», на якіх бачна заднія месцы, і шмат чаго іншага, піша The Wall Street Journal.
Але многія кіроўцы кажуць, што гэта ўжо зашмат. Па інфармацыі даследчай кампаніі Strategic Vision, інтуітыўнасць, з якой можна кіраваць аўто, знізілася з 79% у 2015 годзе да 56% у 2024 годзе.
Такую ж тэндэнцыю заўважылі ў дачыненні да ўспрымання кіроўцамі дысплэяў, экранных інтэрфейсаў і агулам кампаноўкі прыборнай панэлі.
У цэлым кіроўцы задаволеныя новымі тэхналогіямі ў машынах, але яны павінны «быць простымі як iPhone». Большасць такімі не з'яўляюцца, кажа Аляксандр Эдвардс, прэзідэнт Strategic Vision.
WSJ распавядае гісторыю Вінцэнта Дзюфа-Бедара: у студзені кіроўца спрабаваў дыстанцыйна запусціць зарадку для свайго электрычнага Volkswagen ID.4 2024 года выпуску з дапамогай прыкладання для тэлефона.
У яго не атрымалася — прыйшлося ноччу выходзіць з дому. Але і дзвярныя ручкі машыны, абсталяваныя рознымі датчыкамі, не спрацавалі ад марозу ноччу, таму 36-гадоваму інжынеру давялося залазіць у сваю машыну праз багажнік.
«Проста дайце мне нармальную дзвярную ручку», — сказаў ён.
Па звестках J. D. Power, амерыканскай кампаніі па аналітыцы даных, у 2024 годзе ўладальнікі электрамабіляў з акумулятарнымі батарэямі амаль у 3 разы часцей паведамлялі аб тым, што іх дзвярныя ручкі працуюць з праблемамі, чым у 2020 годзе.
Таксама кіроўцаў раздражняюць сэнсарныя панэлі ў машынах, расказаў выданню Джэйк Прат, 35-гадовы праектны менеджар. Па яго словах, для змены налад на такіх дысплэях, на іх пастаянна трэба глядзець.
«Вы павінны сядзець і глядзець на тое, што робіце, а гэта значыць, што вы не гледзіце на дарогу», — кажа Прат.
Паводле апытання, праведзенага кансалтынгавай фірмай Escalent у 2022 годзе, толькі каля 28% пакупнікоў новых аўтамабіляў выбіраюць для сябе сэнсарныя экраны.
Функцыі, якія кіроўцам часцей падабаюцца — бесправадныя зарадкі для тэлефонаў, падагрэў і вентыляцыя сядзення, шклоачышчальнікі з датчыкамі дажджу і ўбудаваныя пыласосы.
Некаторыя кіроўцы кажуць, што не хочуць плаціць за мноства тэхналогій, ад якіх яны адмовіліся б, калі б маглі. Але, па словах Эда Кіма, галоўнага аналітыка маркетынгавай кампаніі AutoPacific, тэхналогіі не заўсёды моцна ўплываюць на цэны аўтамабіляў.
Каментары