Грамадства11

У Беларусі нарэшце з'явяцца электронныя рэцэпты і бальнічныя. Праект затрымаўся на тры гады з-за санкцый

Да канца 2025 года ўлады абяцаюць нарэшце запусціць у Беларусі нацыянальную сістэму электроннай аховы здароўя. Усе даныя пра стан здароўя пацыента і лячэнне будуць захоўвацца ў асабістым кабінеце. З часам працягнуць бальнічны і аформіць рэцэпт на лекі можна будзе дыстанцыйна. Для чаго патрэбен гэты праект і чаму яго запуск не адбыўся ў 2022-м, як раней абяцалі чыноўнікі, піша Deutsche Welle.

Фота ілюстрацыйнае

Нацыянальная сістэма электроннай аховы здароўя — маштабны праект, які закране кожнага грамадзяніна Беларусі: і пацыентаў (больш за 9 млн чалавек), і медыцынскіх спецыялістаў (больш за 50 тысяч дактароў і 120 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў).

Мэта праекта — палепшыць якасць медыцынскіх паслуг і стварыць адзіную сістэму, дзе будуць сабраныя ўсе даныя пра стан здароўя і лячэнне пацыента. Распрацоўшчыкі абяцаюць зрабіць не толькі сайт, але і мабільны дадатак.

Медустановы будуць паступова падключаць да новай сістэмы. У краіне цяпер больш за 550 бальніц, амаль 1400 паліклінік. За год медарганізацыі фіксуюць больш за 100 мільёнаў наведванняў, лячэнне ў бальніцах атрымлівае больш за 2,5 мільёна пацыентаў, яшчэ 2,6 мільёна выклікаў абслугоўвае хуткая дапамога.

У сістэме аховы здароўя паступова адыходзяць ад папяровых носьбітаў. Задача — зрабіць так, каб медработнік змог аператыўна атрымаць поўную інфармацыю пра пацыента, нават калі той звярнуўся па дапамогу ў іншым населеным пункце, тлумачаць у Міністэрстве аховы здароўя.

Таксама праект дазволіць кіраваць чэргамі, дыстанцыйна афармляць рэцэпты на прэпараты і працягваць бальнічныя, захоўваць даныя пра аналізы і абследаванні, выклікаць медработнікаў на дом. Гэта павінна знізіць нагрузку на супрацоўнікаў, ашчадзіць час пацыентам. А яшчэ дапамагчы ў развіцці тэлемедыцыны. Сабраная ў электронным выглядзе інфармацыя дапаможа хутчэй сістэматызаваць статыстычныя даныя па ахове здароўя ў краіне.

Чыноўнікі абяцалі, што праект запрацуе яшчэ ў 2022 годзе, але гэтаму перашкодзілі накладзеныя на Беларусь разам з Расіяй санкцыі.

Фармальна заходнія краіны не ўводзілі абмежаванні па медыцынскай частцы. Наадварот, у рашэннях адзначаецца, што забарона не тычыцца медыцынскіх вырабаў і прэпаратаў. Але ўскосна санкцыі ўсё ж паўплывалі на медыцыну, што прызнаваў былы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч:

«2022 год унёс істотныя санкцыйныя карэктывы ў працу па стварэнні нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя».

Амбіцыйны праект быў заяўлены ў 2020 годзе, яго стварэнне было прадугледжана пагадненнем аб пазыцы з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР). Падтрымку абяцала і Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Міністэрства аховы здароўя заключыла дамову з кампаніяй Ericsson Nikola Tesla, гэта харвацкі філіял шведскага вытворцы, да пачатку вайны ў кампаніі быў офіс у Менску. Сума кантракту перавышала 57 мільёнаў даляраў.

Увесну 2022-га харвацкая кампанія ў сваіх справаздачах яшчэ адзначала, што Мінск, хоць і цесна супрацоўнічае з Расеяй, непасрэдна не ўдзельнічае ў вайне, аднак праз год пайшла з рынку — аперацыйны прыбытак паменшыўся на 15%.

«Пасля ўвядзення санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі нам давялося скасаваць дамову аб праекце ўкаранення электроннай аховы здароўя і спыніць усе новыя продажы на гэтым рынку», — тлумачыла прэзідэнтка Ericsson Nikola Tesla Гардана Кавачавіч.

У кастрычніку 2022-га Сусветны банк перавёў усе пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, дадзеныя Беларусі або гарантаваныя ёю, у статус неабслугоўваных. Сума пратэрміноўкі склала больш за 68 мільёнаў даляраў, непагашаная асноўная сума па пазыках МБРР — 967 мільёнаў даляраў. З мая 2020-га не было ўхвалена ніводнай пазыкі для Беларусі, а ў сакавіку 2022 года група Сусветнага банка спыніла ўсе свае праграмы ў Беларусі.

Міністэрству аховы здароўя давялося шукаць новага выканаўцу, які ўсё ж такі створыць сістэму электроннай аховы здароўя, з разлікам ужо на бюджэтныя сродкі. Спачатку гаворка ішла пра 2024 год, цяпер называецца новы тэрмін — да канца 2025-га.

Заказчыкам праекта выступае Міністэрства аховы здароўя. Генпадрадчык — «Агенцтва сэрвісізацыі і рэінжынірынгу», кампанія створаная ў 2021 годзе і спецыялізуецца на абслугоўванні дзяржаўных інфармацыйных сістэм. Аператары — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя і «Белтэлекам».

Як адзначаюць распрацоўшчыкі, на фоне ўзлому дзяржаўных сэрвісаў «Кіберпартызанамі» адчувальным застаецца пытанне абароны інфармацыі пра пацыентаў. Трэба арганізаваць абароненую сетку перадачы даных з кожнай медыцынскай установы, нават у вёсках.

У кожнага лекара будзе лічбавы подпіс, пры дапамозе якога можна будзе ўвайсці ў сістэму. Распрацоўшчыкі разлічваюць, што гэта таксама дапаможа павысіць абарону. Таксама электронны лічбавы подпіс будзе выкарыстоўвацца пры афармленні бальнічных, электронных рэцэптаў, накіраванняў на абследаванні.

Каментары1

  • Санкцыі
    24.03.2025
    Паліна Шарэнда-Панасюк кажа, што санкцыі трэба ўсіліць. І яе саратніца Наталля Радзіна таксама.

Цяпер чытаюць

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Усе навіны →
Усе навіны

Мікрапластык спрыяе распаўсюджванню супербактэрый, устойлівых да антыбіётыкаў

Сёння — Дзень Волі. 107 гадоў таму беларусы ўпершыню абвясцілі незалежнасць2

Блогер паказаў, як пераварыў самы гнілы «Фальксваген Гольф» у Беларусі3

Перамовы Расіі і ЗША ў Эр-Рыядзе завяршыліся, пра вынікі паведамяць заўтра2

У Мінску за апошнія суткі выпалі дзве траціны месячнай нормы ападкаў2

Разам з прапагандыстам Федарчаком загінулі яшчэ два прадстаўнікі расійскіх СМІ11

Блогер Vadimati распісаўся анлайн са сваім партнёрам, з якім разам ужо больш за 10 гадоў14

Расія на перамовах у Саудаўскай Аравіі патрабуе ўсю тэрыторыю чатырох украінскіх абласцей21

У «Мінск-Свеце» вырашылі пытанне з аплатай за шыльды на дамах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць