Грамадства55

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Пагутарылі з медыкамі ў Беларусі і каардынатаркай Фонду медыцынскай салідарнасці Bymedsol Лідзіяй Тарасенка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Вызначыць дакладную колькасць медыкаў у Беларусі немагчыма

Па падліках Фонду медыцынскай салідарнасці, колькасць медыкаў у Беларусі застаецца прыблізна на адным узроўні, а праблема іх недахопу ўзнікла яшчэ да 2020 года. Аднак рэпрэсіі і дзве хвалі міграцыі толькі пагоршылі і без таго неідэальную сітуацыю ў медыцыне.

«Па нашых падліках, з улікам скарачэння насельніцтва, колькасць медыкаў у Беларусі застаецца прыблізна на адным узроўні. З іншага боку, насельніцтва старэе і, адпаведна, мае больш патрэбы ў медыцынскай дапамозе», — адзначае каардынатарка беларускага фонду медыцынскай салідарнасці Bymedsol Лідзія Тарасенка.

Пры гэтым яна дадае, што вызначыць дакладную колькасць медыкаў у Беларусі немагчыма, паколькі даводзіцца сутыкацца з бясконцай хлуснёй у пытаннях статыстыкі.

«Толькі дзякуючы злівам нам у рукі трапіла шмат унутраных дакументаў, якія сведчаць пра колькасць дактароў. Але нават унутраныя дакументы ад розных міністэрстваў маюць розныя лічбы», — кажа Тарасенка.

Па яе словах, нават у дакументах, якімі карыстаюцца дзяржаўныя органы, колькасць практыкуючых дактароў вагаецца ад 41 да 55 тысяч.

Лічбы ў банку вакансій не рэлевантныя

Калі пра праблему недахопу медыкаў згадваюць у СМІ, то звычайна спасылаюцца на колькасць вакансій. Аднак экспертка лічыць такі метад аналізу ненадзейным.

«Цяпер улады ўжо зразумелі, што за вакансіямі сочаць і выкарыстоўваюць іх у медыя, каб паказаць, што недахоп дактароў павялічваецца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мы сочым за вакансіямі з 2021 года. І калі да канца 2024 года колькасць вакансій па медыках вагалася ў дыяпазоне 4500-5000 чалавек, то цяпер улады знайшлі спосаб гэтыя вакансіі прыхоўваць. Праз гэта мы не можам арыентавацца на банк вакансій як на паказчык недахопу персаналу», — звяртае ўвагу Лідзія Тарасенка.

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў

Таксама экспертка кажа, што скарачаецца сама колькасць ставак. Напрыклад, за мінулы год скарацілі каля 1000 ставак.

«Гэта не азначае, што спецыялісты сталі непатрэбныя. Проста раней гэтыя стаўкі былі вакантныя, але закрыць іх не было кім, таму іх проста ліквідавалі».

Тарасенка адзначае, што паводле звестак, якія агучваюць на ўнутраных нарадах Міністэрства аховы здароўя, найбольшы недахоп медыкаў назіраецца ў Мінску і Мінскай вобласці.

Экспертка падкрэслівае, што праблема ў Мінску сапраўды адчувальная.

«Напрыклад, у РНПЦ дзіцячай анкалогіі не хапае лораў і афтальмолагаў.

Бываюць выпадкі, калі некаторых спецыялістаў няма зусім або застаецца толькі хтосьці, хто працуе на палову стаўкі. Гэта праблема характэрная амаль для любой бальніцы ў Мінску.

Некаторыя маленькія сельскія амбулаторыі ўвогуле закрываюцца ў рамках «рэструктурызацыі», — кажа экспертка.

Тым не менш яна адзначае, што з 2021 года Bymedsol не фіксаваў рэзкія ваганні колькасці медыкаў у краіне.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Праблемы не толькі ў колькасці

Тарасенка лічыць, што праблемы беларускай медыцыны не абмяжоўваюцца толькі дэфіцытам кадраў. Важным фактарам з’яўляюцца рэпрэсіі і звальненні, праз што высокакваліфікаваныя спецыялісты застаюцца нікому непатрэбныя.

«Праз палітычныя рашэнні звольнілі шмат дасведчаных спецыялістаў. На іх месцы спрабуюць паставіць маладыя кадры, але гэта ўжо працуе не так эфектыўна, бо вучыцца ім няма ў каго».

Яшчэ адзін істотны фактар — міграцыя. Экспертка адзначае, што масавая міграцыя медыкаў пачалася яшчэ да пандэміі COVID-19 у 2020 годзе, проста раней гэтая тэма асабліва не абмяркоўвалася.

«Безумоўна, была хваля міграцыі пасля 2020 года, якая паўплывала на сітуацыю. Аднак, наколькі мы можам ацаніць, з 2024 года міграцыя медыкаў выйшла на плато. Недахоп медыкаў у межах 10% існаваў і раней, гэта пастаянны працэс.

Таму складана дакладна ацаніць, наколькі сітуацыя пагоршылася ў параўнанні з 2019 ці 2020 гадамі. Так, яна пагаршаецца, але гэта адбываецца паступова.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Большая праблема ў тым, што працоўны працэс у сферы арганізаваны так дрэнна, што нармальна працаваць немагчыма», — лічыць экспертка.

Улады не адмаўляюць наяўнасць праблемы, але…

Адметна, што ўлады не адмаўляюць праблему недахопу кадраў. Больш за тое, яны спрабуюць яе вырашаць, але іх захады часта даюць адваротны эфект.

«Улады бачаць праблему адтоку насельніцтва і імкнуцца яго запаволіць. Але казаць пра тое, што яны хочуць палепшыць умовы для жыцця і працы, немагчыма. Яны могуць толькі рэпрэсаваць.

У іх вялікія праблемы з лагічным мысленнем, таму большасць захадаў з’яўляюцца рэпрэсіўнымі.

Павялічваецца працягласць абавязковай адпрацоўкі, ускладняюцца магчымасці для пераразмеркавання. Гайкі закручваюцца, а стаўкі скарачаюцца.

Раней, напрыклад, у аддзяленні было чатыры дактары на пяць ставак. Яны размяркоўвалі дадатковую стаўку паміж сабой, каб атрымліваць хоць нейкія даплаты.

Цяпер гэтую стаўку проста ліквідуюць, а нагрузка на тых жа чатырох дактароў застаецца такой самай, толькі без дадатковай аплаты».

У такіх умовах разам з даплатамі губляецца і надзея на тое, што ў аддзяленне прыйдзе яшчэ адзін спецыяліст, бо вакансіі ўжо не існуе.

«Згодна з інфармацыяй, якую атрымлівае Фонд медыцынскай салідарнасці, сітуацыя ў медыцыне сапраўды хвалюе ўлады, у тым ліку Лукашэнку. Тэма медыкаў з адпаведнай афарбоўкай рэгулярна ўзнікае ў прапагандысцкіх СМІ.

Улады разумеюць праблему кадравага адтоку, але спадзявацца на тое, што яны будуць ствараць спрыяльныя ўмовы для працы медыкаў, не выпадае. Яны проста будуць узводзіць новыя бар’еры, ставіць вышэйшыя муры і абмотваць іх яшчэ большай колькасцю калючага дроту, у якім будуць павышаць напругу», — мяркуе Лідзія Тарасенка.

«Блатным дэфіцыт ідзе на карысць»

Доктар, які працуе ў паліклініцы ў адным з абласных цэнтраў, кажа, што дэфіцыт кадраў — праблема не новая, але за апошнія гады сітуацыя стала крыху больш вострай. 

«Шмат дактароў працуюць на 1,25-1,5 стаўкі, бо інакш немагчыма, паколькі працаваць няма каму. Большасць бярэ дадатковую нагрузку па ўласным жаданні, каб зарабіць больш, але ёсць і такія, каму даводзіцца браць прымусова», — прызнаецца доктар.

Па словах суразмоўцы, праз недахоп кадраў стала складаней перайсці ў іншую ўстанову, пакуль не скончыцца кантракт.

«Ты можаш знайсці лепшае месца, там будуць гатовыя цябе прыняць, але цябе не адпускаюць са старога месца, бо тады ва ўстанове з'явіцца яшчэ адна стаўка, якую хутчэй за ўсё не будзе кім закрыць.

Але для «блатных» цяпер залатыя часы, бо калі ты маеш сувязі, то цябе без праблем адпусцяць, і ты пойдзеш працаваць на лепшае месца», — тлумачыць сітуацыю доктар.

Таксама суразмоўца адзначыў, што трэнд апошніх гадоў — маладыя галоўныя дактары і загадчыкі аддзяленняў. 

«Тут галоўнае, каб у кандыдата была чысцюткая палітычная біяграфія і сувязі. Пасля 2020 года шмат спецыялістаў сярэдняга ўзросту, якія займалі высокія пасады, рэпрэсавалі, на іх месцы бралі «ідэалагічна правільных маладых». Раней было складана ўявіць, каб нехта ў 30-35 гадоў станавіўся галоўным доктарам», — адзначыў медык.

Што тычыцца рэпрэсій, то суразмоўца адзначае, што ўсіх, каго хацелі звольніць, ужо звольнілі. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Да шэраговых спецыялістаў асаблівай увагі няма, а вось калі нехта ідзе на павышэнне, то там ужо глядзяць не толькі на прафесійныя якасці, але і біяграфію кандыдата і яго блізкіх сваякоў. Нярэдка наяўнасць няправільных сваякоў становіцца перашкодай для кар'ернага росту», — сцвярджае доктар.

Яшчэ адным паказчыкам, які, на яго думку, указвае на рост дэфіцыту дактароў — прыватныя медыцынскія цэнтры. 

Па яго словах, калі раней у іх бралі толькі дактароў першай і вышэйшай катэгорыямі, то апошнія год-два на катэгорыю ўвагу не звяртаюць.

Каля паловы групы працуе за мяжой

Іншая суразмоўца — доктарка, якая ўжо некалькі гадоў працуе ў Польшчы, сцвярджае, што ў іх амаль палова групы за апошнія гады з'ехалі за мяжу.

«Калі гартаеш чаты беларускіх медыкаў у Польшчы, то дзіву даешся, як шмат людзей, з якімі ты вучыўся, таксама пераехалі ў Польшчу». 

Доктарка адзначае, што пікавымі былі 2021-2023 гады, а летась паток беларускіх дактароў запаволіўся.

«Польшча і Германія выцягнулі шмат нашых спецыялістаў. Напрыклад, у часы пандэміі ўладкавацца наогул было вельмі проста, таму падчас першай і другой хвалі эміграцыі вельмі шмат даволі маладых медыкаў з'ехалі з Беларусі», — кажа суразмоўца. 

Каментары5

  • Васіль
    23.02.2025
    Цягаюць паўсюль гэтую Тарасенку. Ну што тут слухаць? Якая новая інфармацыя? Прымітыўная "аналітыка" і ўсім вядомая інфармацыя.
  • даведка
    23.02.2025
    Стоматологов в сельской местности (городские посёлки, агрогородки) не осталось.
    Центральные районные больницы хорошо, если наполовину укомплектованы ими.
    Зато главные врачи ЦРБ поголовно братья прокуроров, жёны судей и следователей.
  • Изя-слав
    23.02.2025
    Пеця "самовосстановливающаяся киберсистема", это вы еще не пробовали лечится трактором.От всех болезней вылечивает

Цяпер чытаюць

У Маладзечне ў пустым вагоне знайшлі 27-гадовага амерыканца, які нелегальна трапіў у Беларусь з Літвы10

У Маладзечне ў пустым вагоне знайшлі 27-гадовага амерыканца, які нелегальна трапіў у Беларусь з Літвы

Усе навіны →
Усе навіны

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў1

У Каардынацыйнай радзе стварылі працоўную групу па пытанні знікнення спікеркі Мельнікавай32

У Мурманску чалавек забраўся на дах шматпавярховіка і пачаў страляць. Яго нейтралізавалі толькі праз дзве гадзіны6

Былы дыпламат і былы дэпутат Савіных уляпаўся ў партыю Гайдукевіча11

«Я не жартую. Шмат хто хоча, каб я гэта зрабіў». Трамп не выключыў, што пойдзе на трэці тэрмін25

5+ спосабаў падтрымаць і падзякаваць «Нашай Ніве» — некаторыя з іх не будуць каштаваць вам ні капейкі5

«Удар па Tesla» — праціўнікі Маска пратэставалі ва ўсім свеце7

Палкоўнік арміі ЗША пра пошук зніклых вайскоўцаў у Падброддзі: За 24 гады службы я не бачыў нічога падобнага12

На World Press Photo перамог фатограф-ваенкар ТАСС, які здымаў захоп Марыупаля. А вось што абурыла грузінаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маладзечне ў пустым вагоне знайшлі 27-гадовага амерыканца, які нелегальна трапіў у Беларусь з Літвы10

У Маладзечне ў пустым вагоне знайшлі 27-гадовага амерыканца, які нелегальна трапіў у Беларусь з Літвы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць