Танкі замест аўтамабіляў. ВПК замяняе аўтапрамысловасць у якасці галоўнага рухавіка эканомікі Германіі
На фоне рэзкага пагаршэння сітуацыі з бяспекай у Еўропе і неабходнасці нарошчваць абаронныя выдаткі вайсковая прамысловасць Германіі можа вырваць эканоміку краіны са стагнацыі, у якой тая знаходзіцца з дакавідных часоў. Аўтавытворцы, якія пакутуюць ад спаду ў аўтамабільнай галіне, ужо пачалі пераходзіць на выпуск вайсковай тэхнікі і пераводзіць у «абаронку» сваіх рабочых. Новыя ўлады Германіі хочуць пусціць на вайсковыя патрэбы 200 мільярдаў еўра і для гэтага дамовіліся з іншымі партыямі аб адмене бюджэтных абмежаванняў, піша The Moscow Times.

Пасля Другой сусветнай вайны саюзнікі ліквідавалі авіяцыйную галіну Германіі, пасля чаго мноства высакакласных інжынераў і распрацоўшчыкаў, страціўшы працу, заняліся вытворчасцю аўтамабіляў. Такая змена дзейнасці стала адным з галоўных фактараў, якія забяспечылі ператварэнне аўтамабільнай прамысловасці ФРГ у сусветнага лідара.
Пасля трох мірных дзесяцігоддзяў, якія надышлі пасля заканчэння ўжо халоднай вайны, абаронны сектар краіны апынуўся ў «загоне». Але пасля трох гадоў вайны ва Украіне і на фоне адмовы новай адміністрацыі ЗША ад намаганняў па гарантаванні еўрапейскай бяспекі пачаўся зваротны працэс.
Нямецкі ВПК забірае пальму першынства ў аўтамабільнага сектара, які, будучы моцна арыентаваны на экспарт, пацярпеў ад запаволення кітайскай эканомікі і прайграў кітайскім жа канкурэнтам на рынку электрамабіляў. На фоне першага за 80 пасляваенных гадоў рашэння Volkswagen скараціць працоўныя месцы ў Германіі вытворцы танкаў, радараў і іншых відаў узбраенняў рыхтуюцца забяспечыць новы ўздым эканомікі краіны.
Rheinmetall, найбуйнейшая абаронная кампанія Германіі, паведаміла на мінулым тыдні, што перапрафілюе два заводы, якія вырабляюць аўтамабільныя дэталі; яны пачнуць выпуск зброі. Кампанія Hensoldt, якая вырабляе радарныя сістэмы TRML-4D, што выкарыстоўваюцца Украінай у вайне з Расіяй, вядзе перамовы аб прыняцці на працу каля 200 рабочых з буйных пастаўшчыкоў аўтазапчастак Bosch і Continental. Rheinmetall таксама хоча перавесці з Continental каля 100 супрацоўнікаў.
«Цяжкасці ў аўтамабільнай прамысловасці для нас абярнуліся выгадай, — сказаў Reuters гендырэктар Hensoldt Олівер Дзёрэ, дадаўшы, што далейшыя інвестыцыі дазволяць павялічыць штогадовую вытворчасць радараў больш чым удвая да 25-30 адзінак. — Мы павінны разглядаць абаронную прамысловасць як рухавік эканомікі Германіі, яна будзе адыгрываць больш значную ролю, чым раней».
ВУП Германіі скараціўся ў 2023-2024 гадах і практычны не змяніўся з 2019 года. Пры гэтым спад прамысловай вытворчасці склаў 11% з дапандэмійнага ўзроўню, паводле даных Федэрацыі нямецкай прамысловасці.
Volkswagen плануе ліквідаваць 35 000 працоўных месцаў у Германіі да 2030 года і скараціць выпуск больш чым на 700 000 машын у год. Continental хоча да канца года вылучыць праблемнае аўтамабільнае падраздзяленне ў асобную кампанію.
Паводле ацэнкі Кільскага Інстытута сусветнай эканомікі, ВУП Еўрасаюза можа дадаткова расці на 0,9-1,5% у год, калі ЕС павялічыць абаронныя выдаткі да 3,5% ВУП з цяперашніх 2%. Прычым для Германіі з яе развітай прамысловай інфраструктурай тэмпы росту будуць каля верхняй мяжы гэтага дыяпазону, мяркуе эканаміст інстытута Яханэс Біндэр:
«У сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, і пра гэта сведчыць, у прыватнасці, амерыканская эканамічная гісторыя, такія вайсковыя выдаткі могуць прынесці значныя выгады ў тым, што тычыцца прадукцыйнасці, спадарожных эфектаў і тэхналагічных дасягненняў».
Выкарыстанне свабодных магутнасцяў у аўтасектары дапаможа захаваць наяўную вытворчую інфраструктуру Германіі і павялічыць выпуск вайсковай тэхнікі, лічыць Дзёрэ.
Фрыдрых Мерц, які неўзабаве стане канцлерам Германіі, адразу пасля перамогі сваёй партыі на выбарах 23 лютага пачаў перамовы аб стварэнні кааліцыі і фарміраванні фонду на 200 мільярдаў еўра для інвестыцый ва Узброеныя сілы з мэтай супрацьстаяць расійскай агрэсіі, стварыць незалежную ад ЗША сістэму еўрапейскай абароны і падтрымаць Украіну. Але такое значнае павелічэнне выдаткаў немагчыма без зняцця канстытуцыйнага абмежавання на прыцягванне пазык: цяпер бюджэты федэральнага ўрада і земляў павінны быць у прынцыпе збалансаваныя, запазычанні не могуць перавышаць 0,35% ВУП у год.
Вечарам 4 сакавіка Мерц дамовіўся з сацыял-дэмакратамі, якія пакуль яшчэ ўзначальваюць урад, але, як чакаецца, увойдуць у ягоную будучую кааліцыю, адносна змены гэтага становішча. На наступным тыдні яны ўнясуць у Бундэстаг законапраект, які прадугледжвае, што выдаткі на абарону звыш 1% ВУП не будуць падпадаць пад даўгавое абмежаванне.
Акрамя таго, будзе прапанаваная яшчэ адна канстытуцыйная папраўка з мэтай стварыць фонд на 500 мільярдаў еўра для інвестыцый у інфраструктуру Германіі на працягу 10 гадоў.
«Еўропе неабходна ўмацоўваць абарону, — заявіў Мерц. — Пасля таго, які выбар апошнім часам зрабіў амерыканскі ўрад, больш нельга адкладаць неабходныя пастановы, асабліва ў дачыненні да федэральнага бюджэту».
Джордж Саравелас, дырэктар па стратэгіі на сусветных валютных рынках Deutsche Bank, вітаў гэтае рашэнне:
«Лідары новай кааліцыі прадставілі план найбуйнейшых і самых хуткіх зменаў у бюджэтнай палітыцы за ўсю гісторыю Германіі пасля аб'яднання. Ён перасягнуў нашы самыя аптымістычныя чаканні».
Reuters прыводзіць іншыя прыклады ператоку дзелавой актыўнасці з аўтамабільнага сектара ў абаронны: кампанія ZF Friedrichshafen, якая праходзіць рэструктурызацыю ў рамках працэдуры банкруцтва, якая можа прывесці да закрыцця заводаў у Германіі, абмяркоўвае перавод рабочых на абаронныя прадпрыемствы.
Вытворца каробак перадач для танкаў Renk, чый кантрольны пакет акцый належыць Volkswagen, паведаміў, што ў апошні час прыглядаецца да аўтамабільнага сектара з намерам пашырыць вытворчыя магутнасці. Нямецка-французскі пастаўшчык абарончых сістэм KNDS нядаўна набыў у французскай Alstom трамвайны завод, на якім плануе выпускаць танкі Leopard 2 і баявыя машыны пяхоты Puma.
У Германіі патрабуюць вярнуць абавязковы прызыў у армію ўжо сёлета
Новы ўрад Германіі рыхтуецца да рэкордных выдаткаў на войска
Дарадцам будучага канцлера Германіі па вайсковых пытаннях стане былы камандзір войскаў НАТА ў Літве
Мерц абяцае ўзмацніць незалежнасць ад ЗША і сумняваецца ў будучыні існавання НАТА
Зарабіў, вярнуўся, перамог. Хто такі Фрыдрых Мерц, які стане новым канцлерам Германіі
Каментары