Кіно1212

Другі сезон «Раздзялення». Чаму Мінск — філіял пекла на Зямлі

Завяршыўся другі сезон аднаго з самых гучных серыялаў апошніх гадоў, які заваяваў любоў гледачоў сваёй ашаламляльнай незвычайнасцю і стаў сапраўдным феноменам у поп-культуры. Распавядаем, якія сакрэты раскрылі і чаго чакаць ад працягу. 

Пакой Minsk на паверсе выпрабаванняў. Кадр з серыяла

Серыял «Раздзяленне» (Severance) Дэна Эрыксана, які выступаў як шоўранер і сцэнарыст, і Бэна Стылера, які быў прадзюсарам і рэжысёрам найважнейшых эпізодаў, стаў самым папулярным праектам Apple TV+ за ўсю гісторыю платформы, абагнаўшы нават культавае шоу «Тэд Ласа». Акрамя таго, шоу атрымала высокія ацэнкі. Напрыклад, на агрэгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes у яго 96% станоўчых рэцэнзій ад крытыкаў.

Гісторыя ў серыяле разгортваецца вакол Марка Скаўта (Адам Скот), супрацоўніка карпарацыі Lumon Industries, які прайшоў праз хірургічную працэдуру ўжыўлення ў мозг чыпа, які аддзяляе яго асобу («экстра»), ад той, што штодзень знаходзіцца ў офісе («інтра»). Спускаючыся ці падымаючыся на ліфце на паверх раздзеленых, ён пераключаецца на іншую асобу, якая нічога не ведае пра іншую і не мае яе ўспамінаў. Супрацоўнікі аддзела апрацоўкі макраданых, у якім працуе Марк, увесь дзень сартуюць нейкія лічбы, атрымліваючы за іх узнагароджанні ў выглядзе сувеніраў ці ежы. Офісная руціна сплятаецца з таямнічым і псіхадэлічным вучэннем Кіра Ігана, заснавальніка Люмана, які ўзведзены тут у ранг ці то прарока, ці то бажаства. 

Аддзел апрацоўкі макраданых на адпачынку з філасофскім падтэкстам. Кадр з серыяла

Марк і ягоныя калегі, Ірвінг Бейліф (Джон Туртура), Дылан Джордж (Зак Чэры) і энергічная і настойлівая Хэлі Р. (Брытні Лоўэр), вырашаюць даведацца, што знаходзіцца па-за межамі чатырох сцен, у якіх яны замкнёныя навечна, кім яны ёсць насамрэч і чым яны ўвогуле займаюцца для Люмана. 

Гэтыя пошукі галоўных герояў прыводзяць да адказаў, якія шакуюць не толькі іх саміх, але і гледача. Канцоўка першага сезона, які выйшаў у 2022 годзе, аказалася найлепшым кліфхэнгерам, які толькі можна ўявіць у серыяле.

Падваенне асобы зрывае нам дах

Проста пасярод паверха раздзеленых ёсць аддзел па гадоўлі млекакормячых, прызначэнне якога незразумелае да канца сезона. Кадр з серыяла

Другі сезон патроху перастае быць клаўстрафабічным офісным трылерам, даследаваннем свету раздзеленага паверха, гэтага лабірынта з аднолькавых белых калідораў і рэдкіх дзіўных аддзелаў, якія займаюцца невядома чым. Як, напрыклад, аддзел па гадоўлі млекакормячых — вялікай залы з зялёнымі пагоркамі, на якіх пад наглядам начальніцы (Гвендалін Крысці) выпасаюцца казляняты — ці аддзел харэаграфіі і весялосці, у якім працуе ў дзясяткі разоў больш людзей, чым у вытворчым аддзеле — сапраўдная сатыра на штучную раздзьмутасць буйных кампаній.

Марк С. хоча быць з Хэлі Р., але ёсць невырашальная перашкода. Кадр з серыяла

Другі сезон канцэнтруецца на героях і іх асабістых гісторыях, у першую чаргу на любоўным шматкутніку вакол Марка Скаўта.

У самым канцы першага сезона Марк С. паспеў пракрычаць сястры свайго «экстры» Дэван (Джэн Талак) ашаламляльныя словы — ягоная жонка жывая. Трагічная смерць Джэмы прывяла яго да раздзялення, каб хоць на 8 гадзін у дзень не перажываць боль страты, яна ўвесь гэты час пад выглядам псіхолага міс Кейсі працавала з ягоным «інтрам» на адным паверсе, ніколі не пакідаючы яго. Каб выратаваць сваю каханую, Марк пачынае небяспечную працэдуру рэінтэграцыі дзвюх сваіх асоб у адну.

Але ёсць і праблема, якую Марк не ўлічыў. Яго «інтра» — гэта асоба са сваімі думкамі і пачуццямі, і ён ужо закаханы ў Хэлі Р., якая ведае, але хавае ад яго тое, што яна дачка ўладальніка Люмана. Нават у яе «экстры», Хэлены Іган, прачынаюцца пачуцці да Марка.

Крыстафер Уокен у ролі Берта Гудмана, каханка Ірвінга Бейліфа. Кадр з серыяла

У гэтую ж гульню стваральнікі гуляюць і з іншымі раздзеленымі. Ірвінг Бейліф знаёміцца са старым Бертам Гудманам (Крыстафер Уокен) — яны разумеюць, што іхнія «інтры» закахаліся адно ў аднаго на раздзеленым паверсе, і паміж імі таксама прабягае іскра. Гэтае знаёмства небяспечнае, але каханне, якое яны самі не бачылі, дае надзею і выратоўвае Ірвінга.

Дылан Д. з жонкай свайго «экстры». Кадр з серыяла

Люман згаджаецца на тое, каб Дылан Д. сустракаўся б з жонкай свайго «экстры». Гэтыя сустрэчы хутка перарастаюць у нешта большае і канчаюцца пацалункам з Грэтхэн (Мерыт Уівер), бо для жонкі «інтра» Дылана — гэта ўсё той самы чалавек, якога яна калісьці палюбіла, а дома на канапе яе сустракае дэпрэсіўны, зламаны няўдачнік. Муж даведваецца пра «здраду», гэта яго моцна задзявае, але ў лісце да свайго «інтры» ён піша, што яму падабаецца думаць, што там, у офісе, ёсць лепшая версія яго і спадзяецца калісьці стаць такім жа.

Хармані Кабэл, якой Люман адплаціў няўдзячнасцю за шматгадовае служэнне, абвяшчае яму вайну. Кадр з серыяла

Іншыя бакі аказваюцца і ў нераздзеленых супрацоўнікаў Люмана. Скінутая з борта працоўнай галеры былая начальніца раздзеленага паверха Хармані Кабэл (Патрысія Аркет) вяртаецца ў родны горад, даведзены да галечы Люманам, каб з вернай служкі ператварыцца ў сапраўднага мсціўца — кампанія скрала ў яе дзяцінства, родных і нават ідэю раздзялення, адплаціўшы няўдзячнасцю. 

Мілчык на чале аддзела харэаграфіі і весялосці адзначае завяршэнне праекта «Колд-Харбар». Кадр з серыяла

Сэт Мілчык (Трэмел Тылман), які заняў яе крэсла, таксама адчувае пагардлівае стаўленне да сябе з боку праўлення, якое праяўляецца ў прыдзірках да дробязяў — няправільна прымацаваных сашчэпак і занадта доўгіх слоў. Пад канец сезона Мілчык пачынае адкрыта гаварыць дзёрзкасці ў бок свайго начальства і нават адпускае здзеклівы каментар пра фігуру Кіра Ігана, але ў кульмінацыйны момант застаецца верным карпарацыі.

Чысцец і пекла

Джэма спрабуе самастойна вырвацца з пекла праз цёмны калідор. Кадр з серыяла

«Раздзяленне» ад пачатку пужала гледачоў сваёй офіснай абсурднасцю, замкнёнасцю і бясконцай цыклічнасцю. Раздзеленыя выконвалі сваю працу як Сізіф: як толькі быў завершаны адзін файл, яны пачыналі новы, як толькі яны заходзілі ў ліфт, то праз імгненне выходзілі з яго зноў. Яны ніколі не адпачывалі, адпачывалі іхнія «экстры», яны ведалі толькі офіс, офіс, офіс… І сапраўдны лабірынт калідораў, як у міфе пра Мінатаўра, у якім не так проста знайсці выхад. Для многіх гэта сапраўднае пекла, хто мог бы згадзіцца на тое жыццё?

Другі сезон «Раздзялення» адказвае на гэтае пытанне двойчы. Спачатку Марк С. прама гаворыць свайму «экстры», што «пекла — гэта не тое слова, мы знаходзім спосабы неяк жыць далей, адчуваць сябе людзьмі», а пасля Хэлі Р. крычыць калегам з іншага аддзела, што «яны даюць нам паўжыцця і думаюць, што мы не станем за яго змагацца».

Як месца, падобнае на чысцец для ягонай душы, апісвае паверх раздзеленых і Берт Гудман, чыя біяграфія хавае шмат непрыемных старонак. Ён спадзяецца, што калі трапіць на той свет, то хоць нейкая частка яго душы будзе чыстай і беззаганнай і ён зможа ўз'яднацца са сваім мужам Філдсам (Джон Ноўбл).

Праект «Колд-Харбар» стане апошнім для Джэмы. Кадр з серыяла

А галоўнае, што нам паказваюць сапраўднае пекла — паверх, на якім трымаюць Джэму. Дзень за днём яна праходзіць праз розныя пакоі, у якіх яе «інтры» вымушаны перажываць усё тое, што Джэма ненавідзіць ці баіцца — лячыць зубы, перапісваць да знямення пальцаў лісты падзякі за падарункі, перажываць моцную турбулентнасць у самалёце. Джэма нічога не памятае, але для яе «інтраў» гэта ўсё іхняе жыццё. Яны ні на гадзіну не адпачываюць ад катаванняў, якія для іх паўтараюцца зноў і зноў. 

Галоўнае адкрыццё, якое робіць другі сезон, гэта тое, чым насамрэч займаюцца Марк С. і яго калегі. Як выявілася, яны сартуюць лічбы на экранах манітораў па чатырох тэмпераментах, якія адчуваюць пры поглядзе на іх — Гора (Woe), Весялосць (Frolic), Страх (Dread) і Злосць (Malice), якія з’яўляюцца таксама важнай часткай у рэлігійным кульце, выбудаваным вакол Кіра Ігана.

Марк уласнымі рукамі, але не ведаючы пра гэта, стварыў пекла для сваёй жонкі. Кадр з серыяла

Кожны іхні праект — гэта асобны пакой, у якім катуюць Джэму. Марк С. уласнымі рукамі стварыў для яе ўжо 24 такія пакоі, у кожны з якіх заходзіць асобная «інтра», а 25-ы праект «Колд-Харбар» стане для Джэмы ва ўсіх сэнсах апошнім. У ім — самы страшны ўспамін з мінулага жыцця Джэмы — ложачак для яе ненароджанага дзіцяці. 

Выратаванне Джэмы — гэта сапраўдны пераказ грэчаскага міфа пра тое, як Арфей спусціўся ў пекла за каханай Эўрыдзікай.

Драманд служыць Цэрберам на ўваходзе ў свет мёртвых. Кадр з серыяла

Ён праходзіць праз раку Стыкс, таямнічы цёмны калідор, які вядзе да ліфта, разбіраецца з ахоўнікам царства памерлых Цэрберам — Драмандам (Оўлавюр Дары Оўлафсан), і сустракаецца ў падземным царстве з Аідам — доктарам Маўрэрам (Робі Бэнсан), і ягонай жонкай Персефонай — медсястрой Сэсілі (Сандра Бернхард, вядомая па ролях у «Амерыканскай гісторыі жахаў»). Сашэсце ў пекла — гэта таксама адзін з біблейскіх сюжэтаў пра Ісуса Хрыста, у гэтую ж хрысціянскую парадыгму ўкладаецца і сцэна з прынясеннем у ахвяру агнца.

Амаль першае, што мы бачым у гэтым пекле — пакой з надпісам «Minsk». Можа гэта ўласнае скажэнне, але шыльда з гэтым надпісам у кадры знаходзіцца даўжэй, чым любая іншая, за выключэннем сюжэтна важнай «Колд-Харбар», і паказаная так, каб яе дакладна заўважылі.

У фінальнай серыі стваральнікі робяць выразны акцэнт на пакоі з надпісам Minsk, які раней не з'яўляўся ў серыі. Кадр з серыяла

Вядома, што амаль усе файлы ў праектах названыя ў гонар гарадоў, некаторыя з іх звязаныя з біяграфіямі стваральнікаў серыяла. Але сувязь Мінска з серыялам незразумелая, да таго ж такога праекта не было сярод 25 праектаў для Джэмы. Што гэта — адсылка на мінулыя падзеі, задзел на будучыню ці «пасхалка» для беларусаў?

Надпіс выглядае сімвалічным, бо Мінск ужо даўно стаў «паверхам раздзеленых», месцам, дзе дзве асобы, публічная і прыватная, існуюць быццам паасобку. Адна з іх цалкам належыць «кіраўніцтву кампаніі», іншая — хацела б стаць зноў цэльнай асобай.

Фінал сезона аказаўся тым хорарам з рэтрамузыкай на фоне і крывёю на стэрыльна белых сценах, у які па класіцы жанру жахаў мог сарвацца серыял. 

Ціхія офісныя дзянькі з бязглуздымі заахвочваннямі для герояў скончыліся. Кадр з серыяла

Канцоўка атрымалася для кагосьці шчаслівай, для кагосьці не вельмі. Яна цалкам самадастатковая і на такім адкрытым фінале серыял можна было і скончыць, але гэта вельмі паспяховы праект, які, як і раздзеленыя, вымушаны будзе вяртацца зноў і зноў, пакуль карпарацыя не вып’е з яго ўсе жыццёвыя сокі. Пасля выхаду апошняй серыі стала вядома, што серыял працягнулі на трэці сезон.

Што далей?

Серыял раскрыў за два сезоны мноства сваіх таямніц, можа нават падацца, што раскрыў усе, але гэта далёка не так. Раздзяленне мусіць пазбавіць людзей ад болю, але як гэтым плануе скарыстацца карпарацыя Люман, мы не ведаем. Увогуле мы не ведам бадай што нічога пра тое, што насамрэч адбываецца ў серыяле. 

Люман — гэта глабальная карпарацыя, якая, відаць, мае філіялы па ўсім свеце. Яе галоўны офіс знаходзіцца ў заснежаным лясістым гарадку Кір, названым па імені заснавальніка кампаніі. Складаецца ўражанне, што ўсё ў горадзе належыць ці створана Люманам. Кір быццам бы знаходзіцца ў неіснуючым штаце ЗША, але адлегласці да найбліжэйшых населеных пунктаў, пазначаныя на дарожных знаках, такія, якія не могуць быць нідзе ў ЗША.

Якія насамрэч мэты ставіць Люман і што адбываецца па-за межамі Кіра — загадка, якой дражняць шоўранеры. Кадр з серыяла

Мы амаль не бачылі ніякіх іншых лакацый, мы дакладна не ведаем, які на дварэ год і як увогуле выглядае знешні свет. Гэтае ўтойванне наводзіць на трывожныя думкі, што серыял можа аказацца глабальна зусім не тым, чым здаваўся два сезоны. Адкуль Ірвінг ведаў пра цёмны калідор і колькі чалавек насамрэч прайшло праз паверх выпрабаванняў — усё гэта патрабуе адказаў. 

Няма і адказу і на тое, што стаіць за культам Кіра Ігана. Тут ёсць рэлігійныя тэксты, прарок, святыя мучанікі, «біблейскія сюжэты» і нават абразы. Але ўсё гэта пабудавана на сумесі жудаснага, бязглуздага і абсурднага, выклікаючы смех нават у Хэлены Іган. Праўда, усе іншыя супрацоўнікі і кіраўніцтва Люмана ставяцца да культу Кіра надзвычай сур’ёзна. 

Дагэтуль незразумела, навошта гэты рэлігійны пласт быў патрэбны серыялу, бо тую гісторыю, якую распавялі нам за два сезоны, можна было распавесці зусім без гэтага. Рэлігійныя вобразы робяць серыял таямнічым і запамінальным, але ці хаваецца за імі нешта большае? Пабачым, відаць, у трэцім сезоне.

«Раздзяленне» — таямнічы і адначасова абсурдны серыял, за гэта ён і палюбіўся гледачам. Кадр з серыяла

Гэты зварот да высокіх тэхналогій і вечных філасофскіх пытанняў існавання, раскрытых у замкнёным, амаль герметычным свеце, ставіць «Раздзяленне» ў адзін шэраг з такімі шэдэўрамі навукова-фантастычных серыялаў, як «Свет Дзікага Захаду» і «Devs».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • Воцат
    24.03.2025
    Смотрел оба сезона на скорости 2х.
    Идея хороша, свежа, но как же нудно и долго все происходит.
  • Да да
    24.03.2025
    Не глядач, галоўнае пад кожнай рэзэнзіяй напісаць сваё важнае меркаванне
  • Марк С.
    24.03.2025
    Людзі ўжо пераклалі ўсе 2 сезоны на беларускую: https://znichka.space/series/razdzialiennie/s2e10

Цяпер чытаюць

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Усе навіны →
Усе навіны

Мікрапластык спрыяе распаўсюджванню супербактэрый, устойлівых да антыбіётыкаў

Сёння — Дзень Волі. 107 гадоў таму беларусы ўпершыню абвясцілі незалежнасць2

Блогер паказаў, як пераварыў самы гнілы «Фальксваген Гольф» у Беларусі3

Перамовы Расіі і ЗША ў Эр-Рыядзе завяршыліся, пра вынікі паведамяць заўтра2

У Мінску за апошнія суткі выпалі дзве траціны месячнай нормы ападкаў2

Разам з прапагандыстам Федарчаком загінулі яшчэ два прадстаўнікі расійскіх СМІ11

Блогер Vadimati распісаўся анлайн са сваім партнёрам, з якім разам ужо больш за 10 гадоў14

Расія на перамовах у Саудаўскай Аравіі патрабуе ўсю тэрыторыю чатырох украінскіх абласцей21

У «Мінск-Свеце» вырашылі пытанне з аплатай за шыльды на дамах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць