Грамадства66

Вяселле і драма кахання года, самы гучны зліў і нечаканае вяртанне — асноўныя людзі і падзеі 2024 года

«Наша Ніва» падводзіць вынікі. Хто нас здзівіў, парадаваў і шакаваў у гэтым годзе?

Фота: Офіс Ціханоўскай, «Наша Ніва», sb.by

Ваяр года — Павел Шурмей

Павел Шурмей з пазыўным «Дзядзька» стаў камандзірам Палка Каліноўскага. На яго плечы лягла няпростая задача — рэфармаваць беларускае падраздзяленне пасля скандалу з папярэднім кіраўніцтвам і палепшыць яго імідж. Былы вясляр-чэмпіён ваюе за Украіну з сакавіка 2022 года. Ён быў у Ірпені, на поўдні Украіны, пад Мікалаевам, на Херсоншчыне, у Севераданецку, у Запарожскай вобласці і Бахмуце.

Фота года — Марыя Калеснікава

Апошні раз Марыя Калеснікава бачыліся з блізкімі ў снежні 2022-га — калі трапіла ў турэмную бальніцу з прабадной язвай. Пра тое, каб блізкім дазволілі наведаць яе, падчас інтэрв’ю з Лукашэнкам загаварыў карэспандэнт Бі-бі-сі Стыў Розенберг. Неўзабаве бацьку Марыі далі сустрэцца з дачкой. Фота іх сустрэчы было зроблена ў турэмным шпіталі гомельскай калоніі.

Сустрэча Калеснікавай з бацькам у калоніі 12 лістапада 2024 года. Фота сустрэчы апублікаваў Пратасевіч

Іх суправаджаў блогер-зваршчык Раман Пратасевіч. Бацька абмяркоўваў таксама з Марыяй магчымасць звароту да Лукашэнкі аб памілаванні.

Тэндэнцыя года — памілаванні палітвязняў

З ліпеня па памілаванні выйшлі 227 чалавек. Усяго было восем хваляў. Сярод вызваленых — Ксенія Луцкіна, Дар'я Лосік, Рыгор Кастусёў, Дзмітрый Лукша і многія іншыя. Меркавана, так Лукашэнка хоча паспрабаваць наладзіць адносіны з Захадам, але крокавых паслабленняў тэрору для гэтага недастаткова.

Нягледзячы на памілаванні, рэпрэсіі не спыняюцца, а ад некаторых вядомых палітвязняў — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Мікалая Статкевіча — амаль два гады няма навін.

Вяртанне года — Наталля Пяткевіч 

Для амерыканскай і сусветнай палітыкі вяртанне года — гэта, бясспрэчна, Дональд Трамп. З ім звязваюць адначасова і вялікія страхі, і смелыя надзеі.

Для беларускага палітычнага тэатра гучным вяртаннем стала Наталля Пяткевіч, якая апошнія 10 гадоў пражыла за мяжой. Колішнюю прэс-сакратарку Лукашэнкі і адказную за ідэалогію ў яго Адміністрацыі паклікалі назад у Мінск з ЗША, каб элегантна правесці выбарчую кампанію — 2025.

Наталля Пяткевіч. Фота: sb.by

Цяпер гэта адна самых уплывовых з чыноўніц, здольная пасунуць дзвюх другіх Наталляў — Качанаву і Эйсмант.

Салідарнасць года — затрыманыя за дапамогу палітвязням

Каб аслабіць грамадзянскую супольнасць, сілавікі сталі паляваць на тых, хто дапамагае палітвязням. За краты трапілі некаторыя сваякі палітвязняў і проста неабыякавыя людзі, якія дасылалі лісты асуджаным за палітыку ці куплялі прадукты для іх сем'яў.

Але і на гэтым паляванне не скончылася. Улады прызналі «экстрэмісцкім» нават сэрвіс «Письмо.бел», праз які дасылаліся лісты ў тым ліку і палітвязням. Стваральнікі сэрвісу арыштаваныя

Спецаперацыя года — вываз Верамейчыка

Былы каліновец і колішні беларускі афіцэр Васіль Верамейчык быў арыштаваны ў В'етнаме 13 лістапада 2024 года. Усе дэталі дакладна невядомы, але на наступны дзень пасля затрымання ваяра дэпартавалі ў Беларусь. КДБ паказаў пастановачныя кадры, як Верамейчыка ў наручніках выводзяць з самалёта.

Затрыманы Васіль Верамейчык. Скрыншот відэа АНТ

Крындж года — флэшмоб «Надо!»

Пасля таго як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пойдзе на выбары, толькі калі народ скажа «Надо!», ідэалагічны апарат кінуўся рэалізоўваць новы флэшмоб. Цэлыя калектывы заганялі ў кадр, каб тыя гучна крыкнулі «Надо!». Не ўсе работнікі нават разумелі, у чым яны здымаюцца. А прапагандысты Пятроўскі з Дзермантам так расстараліся, што запісалі заклік і па-польску. Лукашэнка чакана пераконваў, што Наталля Эйсмант да арганізацыі флэшмобу не датычная.

Слова «Надо», выкладзенае гродзенскімі таксістамі з машын

Зліў года — база зваротаў у КДБ

Кіберпартызаны атрымалі доступ да 40 тысяч зваротаў на сайце КДБ за 9 гадоў. Трэба акрэсліць, што гэта не толькі даносы: абсалютную большасць лістоў даслалі спамеры. Таксама ёсць звароты пра пошук рэпрэсаваных сваякоў, з пытаннямі пра працу, ад стукачоў з Расіі. Колькасць даносаў ад беларусаў, найхутчэй, не перавышае 1000-2000.

Іншыя гучныя злівы Кіберпартызанаў гэтага года — база памерлых беларусаў і перапіска рэктара БДУ Андрэя Караля.

Экстрэмісцкі верш года — «Хто ты гэткі»

У пачатку года экстрэмісцкай прадукцыяй прызналі відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Гэты тэкст цалкам скампіляваны з радкоў верша Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісанага будучым класікам у час нацыянальнага абуджэння, калі беларусы стаялі на раздарожжы гісторыі і шукалі адказу, хто яны ёсць і якое іх месца ў гэтым свеце.

Янка Купала ў 1908 годзе, калі напісаў свой знакаміты верш «Хто ты гэткі?». Фота: Wikimedia Commons

Субкультура года — квадроберы

Гэтая падлеткавая субкультура (сэнс у тым, што дзеці перамяшчаюцца на карачках, імітуючы рухі жывёл) не дае спакою чыноўнікам. Дзяржпрапаганда ставіла модную субкультуру ў адзін шэраг з сатанізмам. А міліцыя заяўляла, што калі паводзіны квадробераў парушаюць грамадскі парадак (напрыклад, скачуць на мінакоў), іх могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства.

Драма кахання года — гібель Канстанціна Кальцова

Былы хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў загінуў ва ўзросце 42 гадоў. Трагедыя адбылася ў гатэлі ў Маямі, Кальцоў выкінуўся з балкона гатэля. Незадоўга да гэтага спартовец расстаўся з тэнісісткай Арынай Сабаленка. «Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разбітае», — напісала пазней Сабаленка.

Канстанцін Кальцоў. Фота: hockey.by

Кальцова пахавалі ў Мінску. Сабаленка ж знайшла новае каханне — бізнэсмена і аўтагоншчыка Георгіаса Франгуліса, які дзеля беларускай тэнісісткі кінуў сям'ю. Як у свой час і сам Кальцоў.

Бюракратыя года — выбары ў Каардынацыйную раду

Гэта гульня ў палітыку не выклікала цікавасці ў насельніцтва. У галасаванні прынялі ўдзел 6 тысяч чалавек. Гэта тлумачыцца і застрашваннем з боку сілавікоў, і тым, што для многіх незразумела, якую ж функцыю ў цяперашнім раскладзе палітычных сіл можа выконваць Каардынацыйная рада.

«Беларусы паказалі чырвоную картку гульні ў бюракратыю», — разважаў журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Гурт года — «Пятля прыхільнасці»

Іх новы альбом «Суперпазіцыя» выйшаў на беларускай мове. Некалі лідар гурта Ілля Чарапко прызнаваўся, што яму бракуе смеласці, каб пачаць пісаць па-беларуску. Змяніліся абставіны, змяніўся Ілля, змянілася «Пятля».

У некаторых расійскіх фанатаў ад гэтага падгарэла, але беларускія аматары «Пятлі» ацанілі прэм'еру.

«Пятля прыхільнасці». Фота: t.me/petlia

«Альбом аб пачуццях назіральніка за катом Шродынгера. У ролі ката — наша з вамі ўсіхная будучыня. Аб роспачы, праз прызму якой усё ўжо выглядае мёртвым, і надзеі, якая дазваляе бачыць яго жывым. Пра невыноснасць перажывання суперпазіцыі аб'екта наш новы поп-альбом», — так характарызуе яго сам гурт.

На песню «Штосьці добрае» музыкі таксама запісалі кліп.

Вяселле года — Маргарыта Ляўчук

Оперная дзіва выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца Руслана Карнійку. Ён служыць у супрацьпаветранай абароне, збіў каля дзясятка дронаў на подступах да Харкава. Сама спявачка ездзіла на фронт выступаць перад вайскоўцамі разам з украінскім Культурным дэсантам. Тады і пазнаёмілася з Русланам.

Цяпер Маргарыта жыве ў Харкаве. Нядаўна пара стала бацькамі — у іх нарадзіўся сын.

Маргарыта Ляўчук з мужам. Фота: інстаграм спявачкі

Каментары6

  • Ноўнэйм
    31.12.2024
    "Драма кахання года"... Хто прыдумаў гэтую намінацыю і да чаго яна тут? Той, хто рыхтаваў артыкул, Санта-Барбары ў дзяцінстве перагледзеў?
  • Так
    31.12.2024
    "Бюракратыя года — выбары ў Каардынацыйную раду"

    Вельмі не хапае згадкі, што частка паказала чырвоную картку таксама цэнзуры (недапушчэнню часткі беларускіх кандыдатаў) і ідэалагізацыю ў форме ўпіхання гендарных квот для жанчын.
  • Баец ПКК
    31.12.2024
    В этом году Дзядзька ни где не был.Он уже не воин.а администратор.
    Как по мне.то воин года бывший командир артилерии ПКК.
    К сожалению.он не согласился с "переменами" в Полку и ушёл в ЗСУ

Цяпер чытаюць

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне атакавалі беспілотнікамі Дняпро

У Баранавіцкім раёне знік 10-гадовы хлопчык

«Цяпер я на ўколах і антыбіётыках». Апошняе паведамленне ад Анжалікі Мельнікавай было пра цяжкую хваробу12

Менеджарка «Кока-колы», якая пайшла ў палітыку. Што вядома пра зніклую спікерку КР Анжаліку Мельнікаву12

Пасля пачатку перамоў аб перамір'і расійская армія праводзіць рэкордную колькасць «мясных штурмаў»4

Дзярждэп ЗША афіцыйна паведаміў Кангрэсу пра роспуск USAID12

Анжаліка Мельнікава сама пакінула тэрыторыю Польшчы на самалёце12

Беларуска, якая расказвае пра народ нгаі таху. Хто яна — пераможца World Press Photo Таццяна Чыпсанава?3

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала50

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Усё важнае, што вядома на гэты момант

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць