У Дзяржаўным памежным камітэце паведамілі пра адкрыццё новага комплексу памежнай заставы «Нароўля» Мазырскага памежнага атрада. Новы комплекс пабудавалі «у сувязі з новымі рызыкамі з боку сумежнай дзяржавы».

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні, гэта падраздзяленне пачало ахоўваць мяжу з Украінай 31 кастрычніка 2018 года.
Першапачаткова памежнікі размяшчаліся ў адным з памяшканняў, што належала Нараўлянскай перасоўнай механізаванай калоне. На яе тэрыторыі быў размешчаны комплекс, які ўключаў службовыя, спальныя і складскія памяшканні.
«У сувязі з новымі рызыкамі з боку сумежнай дзяржавы, а таксама павелічэннем 3 мая 2021 года ўчастка, які трэба было ахоўваць, памежны пост «Нароўля» пераўтварылі ў памежную заставу», — патлумачылі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

Новы комплекс пачалі будаваць у канцы лютага 2023 года. На тэрыторыі комплексу, акрамя жылых памяшканняў, абсталявалі месцы для захоўвання і рамонту тэхнікі, гадавальнік для службовых сабак. Для правядзення заняткаў пабудавалі гарадок памежнай службы і спартыўныя аб’екты.
Памежная застава «Нароўля» ахоўвае ўчастак дзяржаўнай мяжы з Украінай працягласцю больш за 60 кіламетраў. Мяжа праходзіць па тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. На гэтай тэрыторыі шмат балот.
Каментары