Францыя і Вялікабрытанія адправяць ва Украіну сумесную вайсковую місію
Францыя і Вялікабрытанія адправяць ва Украіну вайсковую місію, якая зоймецца ўзмацненнем УСУ, паведаміў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Паводле яго слоў, мэтай гэтага кроку будзе распрацоўка фармату арміі «заўтрашняга дня», уключаючы яе марскі складнік, піша The Moscow Times.

«Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі [Кір Стармер] і я ўпаўнаважылі начальнікаў нашых вайсковых штабоў, каб франка-брытанская каманда накіравалася ва Украіну ўжо найбліжэйшымі днямі і пачала цесна працаваць з нашымі ўкраінскімі партнёрамі, якія таксама ўхвалілі гэты механізм», — сказаў Макрон пасля сустрэчы з еўрапейскімі калегамі на саміце ў Парыжы, паведамляе BFM.
Ён дадаў, што іншыя краіны з «кааліцыі ахвотных», да якой далучылася 31 краіна, таксама працягваюць працаваць над адпраўкай ва Украіну «сіл стрымлівання» ад паўторнага нападу.
Гаворка ідзе пра міратворцаў, місія якіх павінна пачацца пасля заканчэння вайны з Расіяй. Войскі могуць размясціць у цэнтральнай і заходняй частках Украіны, а таксама ўздоўж Дняпра, паведаміла крыніца агенцтва AP. Раней Макрон называў канкрэтныя гарады — Кіеў, Адэсу і Львоў. На самой лініі баявога судакранання міратворцаў не будзе.
Па выніках саміту Эмануэль Макрон таксама заявіў, што саюзнікі пагадзіліся захаваць усе санкцыі супраць Расіі і працягваць аказваць ціск на ценявы флот Крамля, які той выкарыстоўвае для экспарту нафты ў абыход абмежаванняў. Акрамя таго, на працягу найбліжэйшых трох тыдняў краіны-партнёры падрыхтуюць прапановы па маніторынгу выканання рэжыму спынення агню ва Украіне.
Макрон падкрэсліў, што Расія не павінна дыктаваць умовы мірнай дамовы. Раней ён адзначаў, што саюзнікі не будуць браць пад увагу меркаванне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна адносна размяшчэння міратворцаў ва Украіне, бо гэта суверэнная справа апошняй. У Крамлі называлі такі сцэнар непрымальным, а расійскі МЗС папярэджваў, што гэта можа прывесці да прамога сутыкнення НАТА і Расіі, нават калі гэтыя сілы будуць разгорнутыя пад нацыянальнымі сцягамі.
У сваю чаргу кіраўнік урада Вялікабрытаніі Кір Стармер заявіў пасля перамоў з Макронам, што калі б Вялікабрытанія накіравала войскі ва Украіну ў якасці «падмацавання», то такое рашэнне павінен быў бы ўхваліць парламент краіны.
«Мая даўняя пазіцыя заключаецца ў тым, што калі мы будзем разгортваць войскі па любым сцэнарыі на доўгатэрміновай аснове, то, вядома, парламент павінен мець права голасу ў гэтым пытанні», — сказаў ён.
Каментары
А мне дужа цікава, як гэтыя сілы стрымлівацімуць расейцаў ад паўторнага нападу "без баявога судакранання"? Паўмільёна (ці нават больш) расейцаў убачаць 10 тысяч міратворцаў, спалохаюцца, пакідаюць зброю і тэхніку ды ўцякуць назад у Расею?
Очередная провальная попытка найти себе место за столом переговоров, куда их не позвали США с рашкой. Велкиобритания и Франция не могут смириться с этим, но по факту сдеать ничего не могут, остается заявлять к сожалению только