У гарналыжным комплексе ў Каробчыцах пад Гроднам закрылі і лыжную трасу. Яе адкрылі пасля закрыцця цюбінгавай, але ўжо на наступны дзень парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп» паведаміў, што зламаўся пад’ёмнік, піша Hrodna.life.

Парк «Каробчыцкі алімп». Фота: інстаграм парка
Траса для лыж і сноўбордаў, якую ў гэтым годзе адкрылі толькі 21 лютага, ужо з 22 лютага закрылася. Прычынай стала паломка пад’ёмніка, напісалі ў інстаграме комплексу.
Без пад’ёмніка пакатацца таксама немагчыма — на тэрыторыю комплексу нікога не пускаюць.
«Графік працы 2 праз 363? І так з года ў год…» — іранізуюць у каментарах.
Пра аднаўленне працы трасы абяцалі паведаміць асобна, але на гэты момант комплекс усё яшчэ закрыты.
Цюбінгавы схіл гэтай зімой таксама не прапрацаваў і тыдня. Спачатку гэтаму замінала анамальна цёплае надвор’е. Схіл змаглі падрыхтаваць для катання толькі да 15 лютага, а на наступны дзень пасля адкрыцця цюбінгавай трасы ў Каробчыцах там адбыўся няшчасны выпадак: 10-гадовая дзяўчынка сутыкнулася з двума іншымі цюбінгамі і атрымала траўмы.
У выніку трасу закрылі з 20 лютага без тлумачэння прычын, але абяцалі замест падрыхтаваць лыжны схіл.
Каментары