«Няма доказаў таго, што расійскія ўлады ці вайскоўцы здзяйсняюць у краіне эфектыўны кантроль».

У новым выпуску ТОКу вядомая юрыстка, былая загадчыца кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ Кацярына Дзяйкала патлумачыла, чаму нельга лічыць Беларусь акупаванай.
Дзяйкала адзначае, што з пункту гледжання міжнароднага права Беларусь не акупаваная тэрыторыя, бо адсутнічае асноўны крытэрый, які аб гэтым мог бы сведчыць — эфектыўны кантроль з боку іншай дзяржавы.
«Асноўная прыкмета акупацыі кімсьці нейкай тэрыторыі — тое, што гэты нехта ажыццяўляе эфектыўны кантроль над тэрыторыяй. «Эфектыўны кантроль» азначае, што ўлада можа выдаваць законы і забяспечваць іх выкананне людзьмі. Ну і забяспечвае функцыянаванне ўвогуле ўсяго, што функцыянуе на тэрыторыі ўсёй дзяржавы. Гэта ў тым ліку і тое, што ёй падпарадкоўваецца мясцовая ўлада», — тлумачыць Дзяйкала.
Па словах эксперта, улада над тэрыторыяй вызначаецца не юрыдычнымі фармальнасцямі, а фактычным кантролем. Хто рэальна кіруе тэрыторыяй, хто на ёй усё робіць, той за ўсё і адказвае. З ім дамаўляюцца, да яго прад'яўляюць прэтэнзіі, калі нешта адбываецца з гэтай тэрыторыяй ці з яе.
«І таму, канечне, мы не можам сказаць, што расійскія войскі ці тым больш грамадзянскія ўлады акупавалі тэрыторыю Беларусі — таму што яны не ажыццяўляюць там эфектыўны кантроль. Тое, што там знаходзяцца вайсковыя базы, і на гэтых вайсковых базах, безумоўна, кантралююцца ўсё расіянамі, ну дык на любой замежнай вайсковай базе кантралюецца ўсе вайскоўцамі гэтай краіны. І няма доказаў таго, што гэтыя вайскоўцы ажыццяўляюць у Беларусі нейкую долю эфектыўнага кантролю», — даводзіць Дзяйкала.
Глядзіце цалкам:
Каментары
разумная жанчына. дасведчаны спецыяліст. давядзецца паглядзець інтэрв'ю)
Пытанне да былой загадчыцы кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ Кацярыны Дзяйкала:
Хто ад Беларусі будзе прысутнічаць на гэтых перамовах?
Адказ: ніхто.
Лукашэнку на гэтыя перамовы не запросяць.
Хто будзе вырашаць лёс Беларусі на тых перамовах? Адказ: Пуцін.
Дык пад чыім кантролем Беларусь?